Вядоўца праграмы «Шчыра кажучы» з'ехала з Беларусі з-за небяспекі. Цяпер пераследуюць яе сваякоў


Вядоўца праграмы «Шчыра кажучы» Арына Маліноўская з’ехала з Беларусi з-за магчымага пераследу з боку беларускіх уладаў. Але цяпер яе сваякі таксама знаходзяцца ў небяспецы.

Арына Маліноўская. Стоп-кадр з праграмы «Шчыра кажучы» на Белсаце

Журналістке Арыне Маліноўскай патэлефанаваў следчы ў Telegram з нумару мужа сястры Валянціна Кучарэнкі і сказаў, што ён і ягоны сябар знаходзяцца ў іх, а цяпер яны едуць за Валянцінай i Анатолем Маліноўскiмi – бабуляй і дзядуляй Арыны.

Таксама Арыне сказалі, што будуць трымаць яе сваякоў, пакуль дзяўчына сама не прыедзе ў Ленiнскi РУУС.

У РУУСе нам сказалі, што нікога такога не маюць.

Бліжэй да вечару муж сястры паведаміў, што яго ўсё ж такі выпусцілі з РУУС.

Увечары 21 траўня сiлавiкi прыйшлі да кватэры, дзе часова жыла Маліноўская. Акрамя гэтага вядоўцу «Шчыра кажучы» шукаюць праз сваякоў i знаёмых.

Пасля аднаго з выпуску праграмы пра сiлавiкоў затрымалі былых мiлiцыянтаў Ягора Емельянава i Дзмiтрыя Кулакоўскага, якiя прыходзілі у студыю «Белсату» у Менску. А праз некалькі дзён прыйшлі і ў студыю, дзе здымаюць праграму «Кожны з нас». На студыі знаходзіліся тэхнічныя супрацоўнікі, якіх у выніку затрымалі і абвінавацілі ў парушэнні Закону аб сродках масавай інфармацыі (арт. 23.5 КаАП).

АД, belsat.eu

Стужка навінаў