«Мамачка, забяры мяне адсюль. Мне так страшна, як ніколі раней». Як выглядае жыццё ў чаканні прысуду


Дэвід Масціцкі з Пінску – адзін з самых маладых фігурантаў гэтак званай пінскай справы. Юнаку пры канцы сакавіка споўнілася 20 гадоў. На судзе хлопец прызнаў, што двойчы ўдарыў па міліцэйскім шчыце. За гэта пракурор запрасіў для яго шэсць гадоў турмы.

У Дэвіда на волі – аднагадовы сын і дзве маленькія сястрычкі, якія пастаянна пытаюцца ў мамы, калі прыедзе брацік. Восем месяцаў жыцця на нервах з моманту затрымання Дэвіда моцна падарвалі здароўе ягонае маці – цяпер жанчына чакае аперацыю. «Белсат» паразмаўляў са спадарыняй Яўгеніяй напярэдадні абвяшчэння прысуду – пра Дэвіда, уражанні ад суда, страх ад бяссілля перад сістэмаю.

Дэвід Масціцкі з сынам Андрэем. Фота асабісты архіў.

«Усё толькі пачыналася, і мы яшчэ верылі міліцыі»

Пінчука Дэвіда Масціцкага затрымалі 2 верасня 2020 года, абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі – удзел у масавых закалотах, які суправаджаецца гвалтам супраць асобы, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці ці ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады. Беларускія праваабаронцы прызналі юнака, як і іншых удзельнікаў «пінскай справы», палітвязнем.

Маці Дэвіда – Яўгеніі Мацюш – 38 гадоў. Жанчына выхоўвае яшчэ дзвюх малодшых дачок – 5 і 2 гадоў. Яны для Яўгеніі цяпер – адзіная радасць, адхланне душы: не дазваляюць цалкам заглыбіцца ў страхі і перажыванні за сына. Але, кажа жанчына, калі дочкі засынаюць увечары, яе «накрывае» – прыходзяць успаміны, думкі, цяжка засынаць.

Спадарыня Яўгенія прыгадвае, што Следчы камітэт пачаў шукаць Дэвіда яшчэ пры канцы жніўня. Прыязджалі да пінчанкі дамоў, пераконвалі, што «нічога страшнага» – маўляў, Дэвід ім патрэбны толькі як сведка ў справе ўдзелу нейкіх ягоных сяброў у закалотах у цэнтры гораду ўвечары пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Масціцкі праз працу часта бываў у камандзіроўках, таму следчыя не адразу засталі яго ўдома. Калі неўзабаве пасля чарговага візіту працаўнікоў Следчага камітэту, Дэвід вярнуўся ў Пінск, спадарыня Яўгенія самая папрасіла яго патэлефанаваць і схадзіць даць паказанні, каб нарэшце адчапіліся. У апошні прыезд следчыя пужалі жанчыну – неяк даведаліся, што Дэвід збіраецца ехаць працаваць у Польшчу, пагражалі, што «яму перакрыюць усе межы, пададуць у вышук», і ён будзе адказваць за тое, што хаваўся.

– Потым я сябе так вінаваціла за гэта – атрымліваецца, самая ж аддала ім свайго дзіцёнка, сваймі рукамі, – кажа маці палітвязня. – Але ж тады ўсё толькі пачыналася, мы яшчэ верылі міліцыі: калі кажуць, што сведка – значыць, сапраўды сведка. Мы яшчэ не ведалі, як хутка са сведкаў робяцца абвінавачванымі.

Дэвід Масціцкі. Фота асабісты архіў.

На міліцэйскім аўце забралі з дзіцячага садка разам з дзецьмі

Дэвід звязваўся са следчымі, яны самыя па яго прыехалі і павезлі на допыт. Цягам некалькіх гадзінаў не было ніякіх навінаў. А потым маці патэлефанаваў адвакат і сказаў, што Дэвіда затрымалі на 72 гадзіны. У той жа дзень жанчыну разам з малымі дзецьмі забралі з садка на міліцэйскім аўце і павезлі дамоў на ператрус. Тады ж з незнаёмага нумара патэлефанаваў і сам Дэвід.

– Ён ледзь размаўляў, – згадвае маці. – Я запыталася: што здарылася? Цябе там б’юць?

Сцвярджаў, што не. А на заднім плане я пачула: «Ніхто яго тут і пальцам не крануў».

Пытаюся – а што з голасам? Сказаў, што проста моцна хоча спаць. Але я не паверыла ў гэта. Упэўненая, што білі. Ён сказаў, дзе ўдома ляжаць рэчы, у якіх ён быў 9 жніўня, і папрасіў перадаць што-небудзь паесці.

Праз 72 гадзіны Дэвіда Масціцкага не адпусцілі, а перавезлі ў СІЗА ў Баранавічы. Юнака абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых закалотах. Гэтак ён і яшчэ 13 пінчанаў ва ўзросце ад 19 да 44 гадоў апынуліся на лаўцы абвінавачваных у судзе за ўдзел у масавых закалотах. Цяпер кожнаму з іх пагражае ад 5,5 да 6,5 гадоў пазбаўлення волі. 30 красавіка суддзя суда Маскоўскага раёну Берасця Яўген Брэган абвесціць прысуд.

На судзе Дэвід часткова прызнаў віну – сказаў, што быў у цэнтры Пінску 9 жніўня, двойчы ўдарыў паднятаю з зямлі палкаю па міліцэйскім шчыце. У той жа час маладзён не згодны з кваліфікацыяй ягоных дзеянняў паводле ч. 2 арт. 293 – удзел у масавых закалотах, які выявіўся ў падпалах, пагромах. Адзін з абвінавачваных на судзе наўпрост пытаўся: калі гэта былі пагромы, дзе хоць адна пабітая падчас тых падзеяў вітрына ці нешта ў гэтым родзе?

– Гэта не суд, а сапраўднае судзілішча, – дзеліцца сваймі ўражаннямі маці палітвязня. – Апыталі 109 міліцыянтаў нібыта пацярпелых. Кожнаму з іх задавалі пытанне: вы хоць нейкага з гэтых чатырнаццаці пазналі? Адказваюць – не. І пры гэтым просяць касмічных сумаў. За што, калі яны нікога не пазналі?

Чацвёра пацярпелых запрасілі на судзе па пятнаццаць тысячаў у якасці кампенсацыі, двое – па дванаццаць з паловаю і дзесяць тысячаў, пару чалавек – па тысячы, астатнія ацанілі свае страты ў тры тысячы беларускіх рублёў. Агулам запрошаная сума маральнай і фізічнай кампенсацыі склала 530 тысяч рублёў.

Дэвід Масціцкі з сынам Андрэем. Фота асабісты архіў.

«Штодня ў думках жыву разам з сынам за кратамі»

Спадарыня Яўгенія распавядае, што, калі сын быў у СІЗА ў Баранавічах, ёй вельмі цяжка давалася ліставанне з ім.

– Пасля кожнага ліста я плакала па два дні і не магла супакоіцца, – кажа жанчына. – Першы свой ліст Дэвід пачаў так: «Мамачка, забяры мяне адсюль, мне так кепска, так страшна, як ніколі раней». Пасля гэтых словаў у мяне задрыжэлі рукі, я баялася далей чытаць.

Маці – на волі, але кожны дзень у думках жыве жыццём сына за кратамі.

– Дагэтуль штораніцы а 6-й я ўстаю збірацца на працу і адразу думаю, што і ў Дэвіда пад’ём у гэты час. Увесь дзень я чакаю дзесяці гадзінаў вечара, бо ведаю, што тады ён можа нарэшце прылегчы і адпачыць. Бо ўдзень жа ім нельга класціся на ложак. А гэта ж невыносна – увесь дзень на нагах. Я пастаянна думаю, як ён усё гэта перыжывае, – дзеліцца жанчына.

З цягам часу Дэвід пасталеў і стаў мацнейшым, кажа спадарыня Яўгенія. Цяпер, нягледзячы на цяжкасці, стараецца трымацца. Імкнуўся падтрымаць маці на судовых паседжаннях.

– Ён усміхаўся мне, падміргваў і паказваў, каб я не надумала плакаць, – распавядае пінчанка. – А калі далі апошняе слова, то найперш звярнуўся да мяне, а не да суда. Сказаў – мам, трымайся, не перажывай за мяне. Усё будзе добра. Я цябе вельмі люблю. Я плакала. Мой сын моцны і я ўпэўненая, ён годна пройдзе гэтае выпрабаванне. Ён – мой гонар і абарона.

«Між намі шкло, сын са слухаўкаю, па ягоных шчоках коцяцца слёзы»

Яшчэ да суда цалкам выпадкова маці атрымала сустрэчу з сынам.

– Я не спадзявалася, бо нікому не давалі, нават адвакату адмовілі ў хадайніцтве аб сустрэчы сына са мной, – прыгадвае спадарыня Яўгенія. – У нейкі момант я сама пастанавіла патэлефанаваць следчаму. Запыталася: «Ці магу я пабачыць сына?» Нечакана ён адказаў: «Чаму б і не?»

Сустрэча, паводле маці Дэвіда, далося ёй вельмі цяжка.

– Я потым дні тры не магла прыйсці ў сябе, пастаянна плакала, у мяне перад вачыма стаяла карцінка: між намі шкло, сын са слухаўкаю, і ў яго коцяцца слёзы па шчоках, – спадарыня Яўгенія пачынае плакаць, згадваючы пра сустрэчу. – І яго нельга ні абняць, ні пацалаваць, нічога… Я старалася тады крыху яго павесяліць. Мы размаўлялі каля дзвюх гадзінаў, нават жартавалі. Потым у лісце ён мне напісаў, што яму было вельмі лёгка пасля нашай сустрэчы, пытаўся, ці не плакала хоць я… Каб жа ён ведаў, як мне было кепска… Я нібы тады забрала на сябе ўсе ягоныя негатыўныя пачуцці і страхі.

Дэвід шмат пытаўся ў мамы пра свайго маленькага сына Андрэя, якому было толькі 8 месяцаў, калі тату арыштавалі. У студзені хлопчыку споўніўся год. Пра сына, а таксама пра малодшых сястрычак Дэвід пытаецца ў кожным сваім лісце, кажа спадарыня Яўгенія. Маці падкрэслівае, што Дэвід вельмі любіць дзяцей, хутка знаходзіць з імі агульную мову. Жанчына апісвае сына як добрага, шчодрага, таварыскага, працавітага, неканфліктнага. У вольны час да зняволення Дэвід любіў займацца спортам, спрабаваў розныя віды – плаванне, барацьбу, лёгкую атлетыку.

Hавiны
Фігурант «пінскай справы» ў апошнім слове: «Прашу прызначыць пацярпелым псіхалагічную экспертызу»
2021.04.15 21:54

«Удар па шчыце амапаўца каштуе шасці гадоў жыцця?»

Зацікаўленасці палітыкаю ў Дэвіда спадарыня Яўгенія ніколі не бачыла – прынамсі, на гэтую тэму ён не размаўляў. У першых паказаннях і на судзе маладзён распавядаў, што ў эпіцэнтры падзеяў тым жнівеньскім вечарам апынуўся выпадкова і пабыў там хвілінаў з 15, не больш.

– І гэтыя 15 хвілінаў цалкам перавярнулі ягонае жыццё, – кажа маці палітвязня. – Яны з сябрамі былі ў кавярні, потым пачулі крыкі, пайшлі паглядзець, што там, – ну, і спрацаваў эфект «усе бягуць – і я бягу». Да таго ж на судзе высветлілася, што самая міліцыя справакавала людзей на нейкія дзеянні. Даказана, што было пяць стрэлаў у паветра. Людзі, напэўна, спужаліся, што страляць будуць і па іх, і далі адпор. Навошта ўсё гэта трэба было рабіць у дачыненні мірных грамадзянаў?

Да затрымання сына палітыкаю не цікавілася і спадарыня Яўгенія – побыт, маленькія дзеці не пакідалі часу, каб сачыць за навінамі. Усё змянілася пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў.

– Такога ніхто не чакаў. Колькі ўжо разоў былі выбары, але 2020 год… Я цяпер не вылажу з навінаў, сачу з надзеяй – мо іх усё ж выпусцяць? – пытаецца жанчына. – За што нявечыць дзецям жыцці? Удар палкай па шчыце амапаўца каштуе шасці гадоў жыцця?

Hавiны
«Пінская справа»: міліцыянты патрабуюць скампенсаваць маральную шкоду на 380 тысячаў рублёў
2021.04.05 17:22

«Майму дзіцёнку кепска, а я нічога не магу зрабіць. І ніхто не можа»

Пра Дэвіда штодня пытаюцца малодшыя сястрычкі, сумуюць па ім, распавядае спадарыня Яўгенія – яна ім адказвае, што брацік у камандзіроўцы, як гэты ўжо не раз бывала.

– Але Маша, старэйшая, ужо ўсё разумее – напэўна, пачула з нейкай маёй размовы, і наўпрост кажа цяпер: «Брацік у турме», – дзеліцца жанчына.

Восем месяцаў жыцця ў стрэсе моцна падарвалі здароўе спадарыні Яўгеніі:

– Яшчэ ўвосень я адразу схуднела на сем кілаграмаў, бо не магла ні есці, ні спаць. Вылезлі пэўныя праблемы з арганізмам, я лячылася, а цяпер ужо і аперацыю трэба рабіць.

Маці чакае абвяшчэння прысуду сыну з надзеяй не на апраўданне – у гэта яна не верыць, але хоць бы на меншы тэрмін.

– Разумею, што Дэвід дарослы, але для мяне ён усё роўна дзіцёнак, і ў мяне ком у горле ад уласнага бяссілля, што майму сыну кепска, а нічога не магу зрабіць. Зусім, – жанчына зноў не можа стрымаць слёз. – Я неяк выйшла ад адваката, села на лавачку, гляджу – навокал столькі людзей, а ніхто з іх нічога не можа зрабіць. Мы чакаем, нам абяцаюць – яшчэ крыху, перамога блізка, санкцыі…. Але нічога не змяняецца, а нашыя дзеці цярпяць.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў