Беларускі Дэпартамент авіяцыі апублікаваў расшыфроўку перамоваў з экіпажам «Ryanair»

Дэпартамент авіяцыі Міністэрства транспарту Беларусі апублікаваў тэкставую расшыфроўку перамоваў беларускага дыспетчара з рэйсам «Rianair» RYR1TZ / FR4978, які 23 траўня ляцеў з Афінаў у Вільню, але сеў у Менску.

Сайт Дэпартаменту авіяцыі пасля гэтага стаў недасяжны, аднак захавалася архіўная копія. Перамовы вяліся на англійскай мове.

З расшыфроўкі вынікае, што пра бомбу пілоту паведамілі практычна адразу, як толькі самалёт апынуўся ў паветранай прасторы Беларусі, і прапанавалі сесці ў Менску. Пілот пэўны час вагаўся, не разумеючы, адкуль прыйшла інфармацыя пра бомбу, і спрабаваў звязацца з віленскім аэрапортам і кампаніяй «Rianair». З расшыфроўкі вынікае, што пагрозаў і патрабаванняў з беларускага боку не было, аднак аўдыя перамоваў не публікавалі – толькі тэкст.

У расшыфроўцы ёсць такія радкі.

Дыспетчар (12:30 паводле менскага часу): Для вашай інфармацыі, мы маем інфармацыю ад спецыяльных службаў, што ў вас на борце бомба, і яе могуць актываваць над Вільняй.

Пілот (12:31): ОК, не маглі б вы паўтарыць паведамленне?

Д: Я зноў кажу, мы маем інфармацыю ад спецыяльных службаў, што ў вас на борце бомба, і яе могуць актываваць над Вільняй.

П: Зразумеў, чакаю.

Д: З меркаванняў бяспекі мы рэкамендуем вам прызямліцца на UMMS (пазначэнне Нацыянальнага аэрарорту «Менск». – «Белсат»).

П: Добра… гэта… гэта… зразумела, дайце нам альтэрнатыву, калі ласка.

(…)

П (12.32): Бомба… прамое паведамленне, адкуль яна ўзялася? Адкуль у вас была інфармацыя пра гэта?

Д: Чакайце, калі ласка.

П: Працягвайце.

Д: Служба бяспекі аэрапорту RYR 1TZ паведаміла, што атрымала на электронную пошту.

П: Прынята, служба бяспекі аэрапорту Вільні ці з Грэцыі?

Д: Гэты ліст быў перададзены некалькім аэрапортам (іншыя аэрапорты не паведамлялі пра такія лісты. – «Белсат»).

П: Не маглі б вы даць нам частату для (неразборліва) кампаніі, каб мы маглі (неразборліва).

Д: Яшчэ раз скажыце, якая частата вам патрэбна.

П: Нам проста трэба пачырыкаць з кампаніяй, калі для гэтага існуе частата (неразборліва).

Д: Вам трэба частата «Ryanair»?

П: Так, слушна.

Д: Чакайце.

(…)

П (12.39): Ёсць навіны?

Д: Будзьце на сувязі, чакаем інфармацыі.

П: Не маглі б вы яшчэ раз сказаць, што я павінен звязацца з аэрапортам, які ўлады … (неразборліва) перанакіруюць у… (…) Ці можаце вы яшчэ раз сказаць код IATA аэрапорту, на які нам рэкамендавалі перанакіравацца ўлады?

Д: Прыняў, чакайце, калі ласка.

П: ОК, даю вам (неразборліва), ці можаце вы яшчэ раз сказаць код IATA аэрапорту, на які ўлады рэкамендавалі нам перанакіравацца?

Д: Чакайце.

(…)

Д (12:41): Код MSQ.

(…)

П (12:41): Яшчэ раз, гэтая рэкамендацыя, перанакіраваць у Менск, адкуль прыйшла? Адкуль? Кампанія? Яна прыйшла ад кіраўніцтва аэрапорту вылету альбо ад аэрапорту прыбыцця?

Д: Гэта нашы рэкамендацыі.

П: Вы можаце сказаць яшчэ раз?

Д: Гэта нашы рэкамендацыі.

П: (неразборліва) Вы кажаце, гэта вашая рэкамендацыя?

Д: Чарлі-чарлі (значыць, «так». – «Белсат»).

Д: У нас ёсць частата наземнай каманды ў Вільні 131.750.

П: 131.75 у нас ёсць кантакт (неразборліва).

Д (12.44): Скажаце вашае рашэнне, калі ласка?

П: Мне трэба адказ на пытанне, які код (неразборліва), зялёны, жоўты ці бурштынавы чырвоны.

Д: Чакайце.

П: Кажуць, што код чырвоны.

Ж: Зразумеў, у такім разе просім трымацца цяперашняй пазіцыі.

Д: Прыняў, трымайце цяперашнюю пазіцыю, падтрымлівайце паварот на [вышыні] FL390 на ўласнае меркаванне.

П (12.47): Мы абвяшчаем трывогу, Мэйдэй! Мэйдэй! Мэйдэй! Мы намераныя перанакіравацца на менскі аэрапорт.

Пасля гэтага пілот і дыспетчар толькі кансультуюцца пра надаор’е, задэклараваныя небяспечныя грузы на борце (іх не было) і працэс пасадкі. Пілот у расшыфроўцы сцвярджае, што на борце 133 чалавекі (літоўскія ўлады казалі, што на самалёт сядалі 136 пасажыраў, да Вільні даляцеў 131).

Што за «ліст пра бомбу» і калі паднялі знішчальнік. Версія беларускага боку пра захоп рэйсу «Ryanair»

Многія замежныя палітыкі не вераць заявам беларускага боку і звязваюць перанакіраванне самалёта ў Менск з патрэбай затрымаць журналіста Рамана Пратасевіча, які быў на борце.

Францыя і Вялікая Брытанія забаранілі палёты «Белавіі», Украіна спыніла авіязлучэнне, Літва не прымае самалётаў, якія пралятаюць над Беларуссю. Шэраг авіякампаніяў перанакіроўвае палёты за межы беларускай паветранай прасторы нават без распараджэння ўладаў.

Францыя і Вялікая Брытанія забаранілі палёты «Белавіі», Украіна спыніла авіязлучэнне. І гэта яшчэ не ўсё

АА belsat.eu

Hавiны