«Ганебны напад на іншадумства». Байдэн – пра захоп рэйсу «Ryanair» і арышт Пратасевіча


Прэзідэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн апублікаваў у ноч на 25 траўня афіцыйную заяву з нагоды інцыдэнту з самалётам «Ryanair» у Беларусі.

Ілюстрацыйнае фота. Джо Байдэн, 7 студзеня 2021 года.
Фота: RS/MPI / Capital pictures / Forum

«Прымусовае перанакіраванне Беларуссю камерцыйнага рэйсу «Ryanair», які ляцеў між дзвюма дзяржавамі –чальцамі Еўрапейскага Звязу, а таксама наступнае выдаленне і арышт беларускага журналіста Рамана Пратасевіча, які быў у замежнай паездцы, – непасрэднае парушэнне міжнародных нормаў, – гаворыцца ў заяве Джо Байдэна. – Злучаныя Штаты рашуча асуджаюць як дыверсію самалёта, так і вываз і арышт спадара Пратасевіча. Гэты абуральны выпадак і відэа, якое, падобна, пад прымусам зрабіў спадар Пратасевіч, – гэта ганебныя напады як на палітычнае іншадумства, так і на свабоду прэсы».

Hавiны
З’явілася першае відэа з затрыманым Раманам Пратасевічам
2021.05.24 23:06

Байдэн заявіў, што ЗША далучаюцца да заклікаў іншых краінаў вызваліць Рамана Пратасевіча, а таксама сотні палітвязняў, «якіх несправядліва ўтрымлівае рэжым Лукашэнкі». Таксама Байдэн далучыўся да заклікаў міжнароднага расследавання справы аб самалёце «Ryanair».

«Я вітаю навіну пра тое, што Еўрапейскі Звяз заклікаў да прыцэльных эканамічных санкцыяў і іншых захадаў, і папрасіў маю каманду распрацаваць адпаведныя варыянты прыцягнення да адказнасці вінаватых, у цеснай каардынацыі з Еўрапейскім Звязам, іншымі саюзнікамі, партнёрамі і міжнароднымі арганізацыямі», – таксама заявіў Байдэн.

Hавiны
Што за «ліст пра бомбу» і калі паднялі знішчальнік. Версія беларускага боку пра захоп рэйсу «Ryanair»
2021.05.24 19:43

Прэзідэнт ЗША адзначыў, што цягам месяцаў «беларускі народ рабіў так, каб іх галасы пачулі – патрабаваў дэмакратыі, павагі правоў чалавека і захавання асноўных свабодаў».

«Я вітаю мужнасць і рашучасць беларусаў, якія змагаюцца за асноўныя правы, у тым ліку такіх журналістаў, як Раман Пратасевіч, і лідараў апазіцыі, як Святлана Ціханоўская і ейны муж Сяргей Ціханоўскі, – сказаў Байдэн. – Злучаныя Штаты будуць працягваць падтрымліваць народ Беларусі ў яго барацьбе».

24 траўня Саміт Еўразвязу прыняў рашэнне забараніць беларускім авіякампаніям палёты ў Еўразвяз. Рашэнне можа набыць моц, калі яго зацвердзяць на ўзроўні еўрапейскіх міністраў. Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі склікае 27 траўня тэрміновае паседжанне праз сітуацыю ў Беларусі. Шэраг авіякампаніяў ужо накіроўвае свае рэйсы ў аблёт Беларусі, прэзідэнт Украіны даручыў ураду спыніць авіясувязь з паўночнаю суседкаю. Францыя і Вялікая Брытанія забаранілі палёты беларускай дзяржаўнай авіякампаніі «Белавія» над сваёй тэрыторыяй.

23 траўня самалёт «Ryanair», які ляцеў з Афінаў у Вільню, зрабіў вымушаную пасадку ў Менску праз інфармацыю аб «мініраванні», якую экіпаж атрымаў ад беларускіх дыспетчараў. У Менску затрымалі прынамсі двух пасажыраў: блогера Рамана Пратасевіча і ягоную сяброўку Сафію Сапегу. Астатніх пасажыраў адпусцілі пад вечар. Гендырэктар «Ryanair» назваў перанакіраванне самалёта ў Менск «дзяржаўным пірацтвам», прэм’ер-міністр Польшчы – «дзяржаўным тэрарызмам».

Аб’ектыў
Міжнародная супольнасць працягвае абурацца сітуацыяй з самалётам Ryanair
2021.05.24 23:41

АА belsat.eu

Стужка навінаў