«Пастанова пакуль незразумелая». Наведалі прадстаўніцтвы «Škoda», якой адпомсцілі за чэмпіянат свету


Будынак дылера Skoda «Драйвмотарс». Менск, Беларусь. 24 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

На мінулым тыдні дзейныя ўлады Беларусі пастанавілі адказаць замежным кампаніям, якія адмовіліся спансаваць чэмпіянат свету па хакеі. У выніку пад санкцыі трапілі беларускія фірмы, якія імпартавалі замежную прадукцыю. Але як ім цяпер працаваць – невядома.

У студзені кампаніі «Škoda», «Nivea» і «Liqui Molly» заявілі, што адмовяцца выступаць спонсарам хакейнага Чэмпіянату свету ў Беларусі праз гвалт і палітычныя рэпрэсіі ў краіне. У выніку Міжнародная федэрацыя хакею вырашыла пазбавіць Менск права на правядзенне турніру.

Ужо неўзабаве пазначаныя кампаніі сутыкнуліся з ціскам афіцыйнага Менску. Спыніўся продаж алівы «Liqui Molly», у «Nivea» знайшліся санітарна-эпідэміялагічныя парушэнні, а да «Škoda Rapid» узніклі прэтэнзіі Дзяржстандарту.

Аўтамабілі Skoda на паркоўцы дылера. Менск, Беларусь. 24 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Што зрабіў Саўмін

А 23 красавіка выйшла адмысловая пастанова Саўміну №240, якая забараніла ўвоз у Беларусі тавараў груп кампаніяў «Liqui Moly», «Škoda Auto» і «Beiersdorf». Дакумент запрацуе праз прыкладна 3-4 траўня і будзе доўжыцца паўгода. Пастанова прынятая на падставе ўказа Аляксандра Лукашэнкі ад 30 сакавіка №128 «Аб ужыванні адмысловых захадаў».

«Для забеспячэння абароны нацыянальных інтарэсаў, з улікам недружалюбных дзеянняў у дачыненні да беларускага народа, урадам усталяваны пералік тавараў, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», – гаворыцца ў паведамленні ўраду.

Пастанова не распаўсюджваецца на тавары для асабістага карыстання, якія беларусы будуць весці з-за мяжы. Аўтамабілі «Škoda» павінны быць або зарэгістраваныя ў краінах ЕАЭС, або ўвозіцца часова на тэрыторыю ЕАЭС.

Hавiны
Урад Беларусі ўвёў санкцыі супраць кампаніяў Liqui Moly, Škoda Auto і Beiersdorf
2021.04.23 19:22

Гандлёвы аб’ект адразу пасля ўступлення дакументу ў сілу павінен прыпыніць аптовы у раздробны гандаль тавараму гэтых кампаніяў. Затым на працягу 5 дзён правесці інвентарызацыю рэшткаў, аформіць вопіс і цягам 5 дзён падаць яго ў падатковую. Затым на працягу 60 дзён тавары маркіруюць адмысловай маркіроўкай. А ўжо затым іх можна прадаваць далей.

У выпадку выяўлення забароненых тавараў пры ўвозе ў Беларусь такія тавары будуць падлягаць зваротнаму вывазу з тэрыторыі краіны. Пры выяўленні забароненых тавараў у гандлёвых абʼектах, на рынках, выставах, кірмашах, у інтэрнэт-крамах і інтэрнэце асобам, якія гандлююць імі, будуць выдаваць прадпісанне на забарону іх рэалізацыі.

Працуюць «у бягучым рэжыме»

Карэспандэнты наведалі прадстаўніцтвы «Škoda» ў Менску, каб паглядзець, ці паўплывала неяк новая пастанова Саўміну на іх працу. Але ніякіх вонкавых зменаў не заўважылі. Людзі – як супрацоўнікі, гэтак і пакупнікі – у офісах ёсць. Перад офісамі стаяць аўтамабілі «Škoda», у тым ліку дасяжныя для тэст-драйву.

Аўтамабілі Skoda на паркоўцы дылера. Менск, Беларусь, 24 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Супрацоўнікі ад каментароў адмаўляюцца і раяць звяртацца да аддзелу маркетынгу. Але на ўдакладняючае пытанне, ці працягваюць яны працаваць, адказваюць:

«Як бачыце, так».

У аддзеле маркетынгу ТАА «ФелОкт-Сервис», які з’яўляецца генеральным імпарцёрам «Škoda Auto» ў Беларусі, заяўляюць, што пакуль самыя не ведаюць, як яны будуць працаваць.

«Пастанова пакуль незразумелая. Мы запыталі па ёй тлумачэнне. Калі мы атрымаем тлумачэнне, тады дамо які-небудзь каментар. Як толькі будзе інфармацыя, абавязкова дамо рэлізам і з задавальненнем падзелімся. Пакуль у нас тая ж інфармацыя, што і ў вас», – паведаміла кіраўніца аддзелу маркетынгу кампаніі Дар’я Гарбарук.

Пакуль жа аўтасалоны і сэрвісныя цэнтры «Škoda» ў Беларусі, паводле яе, працуюць «у бягучым рэжыме».

Будынак дылера Skoda «Драйвмотарс». Менск, Беларусь. 24 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

МГ belsat.eu

Стужка навінаў