«Камера забрала больш здароўя, чым збіццё і катаванні». Гісторыя № 8 праекту «Мне яшчэ пашанцавала»


Публікуем гісторыі белсатаўскага праекту, прысвечанага тым, хто пацярпеў ад дзеянняў сілавікоў.

Антон (імя змененае) відавочна рыхтаваўся да размовы. Ён прыгадвае дужа шмат падрабязнасцяў. Яны з жонкаю не першы раз у дэталях паўтараюць сваю гісторыю. Сям’я намагаецца атрымаць статус уцекача ў адной з еўрапейскіх краінаў. Згадвае, што, калі ў Беларусі вымкнулі інтэрнэт, ім давялося выцягнуць стары тэлевізар. Адтуль і даведаліся афіцыйныя вынікі выбараў.

Антон.
Фота: «Белсат»

«Я адчуваў гэта як перамогу нарэшце – праз 26 гадоў. Ярмошына і ўсе гэтыя лічбы падаваліся канвульсіяй рэжыму. Я хацеў пабачыць пачатак канца», – кажа ён. Калі маладзёны ішлі дадому, запыталі дарогу ў амапаўцаў. «Цяпер гэта выглядае неверагодна дурным намерам», – смяецца Антон.

Адзін з сілавікоў загадаў адкрыць заплечнік, і пакуль Антон яго здымаў, іншы пачаў збіваць мужчыну. Трое амапаўцаў закінулі яго ў аўтобус да чарговае групы сваіх калегаў. Яны працягнулі збіццё, патрабуючы разблакаваць тэлефон і паказаць медыяфайлы. Антон мяркуе, што сілавікі насамрэч чакалі, што затрымаюць нейкіх узброеных людзей або прынамсі каардынатараў пратэсту. Пабачыўшы збольшага пусты смартфон, сілавікі трохі разгубіліся, пакуль не прыйшоў загад: «Пакуем усіх!», і працягнулі збіваць.

«Я ляжаў на падлозе, сцякаючы крывёю, зверху, паставіўшы на мяне нагу, стаяў амапавец, пакуль усё новых людзей закідалі ў аўтобус і збівалі», – згадвае Антон. Нават тады мужчына спадзяваўся, што цяпер іх завязуць у аддзяленне міліцыі, прымусяць падпісаць нейкую паперку пра адсутнасць прэтэнзіяў да праваахоўнікаў і адпусцяць дадому.

«Я быў упэўнены, што нават штраф плаціць не давядзецца, бо краіна прачнецца іншай. І я думаў, што праз пару дзён змагу пасмяяцца з гэтымі амапаўцамі з таго, што адбывалася», – згадвае ён.

Аднак іх завезлі не ў пастарунак, а на Акрэсціна. Некалькі гадзінаў сотні затрыманых стаялі перад шэрым мурам. За кожны рух, за кожнае пытанне начную цішыню перарывалі глухія ўдары дубінак.

«Хтосьці пачынаў плакаць, прасіў адпусціць, калі хтосьці плача і крычыць – бʼюць мацней, каб прымножыць жах», – распавядае Антон.

Потым групу з 15 чалавек завялі ў калідор, загадалі раздзецца і перапісалі звесткі. Усё суправаджалася няспыннымі пабоямі. Затым іх закінулі ў камеру на 6 месцаў. Агулам там было каля трох дзясяткаў чалавек.

Тры дні яны правялі ў маленькай камеры. Па сценах сцякалі кроплі ад поту і дыхання трыццаці асобаў. Антон згадвае, што гэты час адняў больш здароўя, чым катаванні і збіццё. Закрытыя вокны, амаль герметычныя дзверы. Толькі наглядач часам прыадчыняў кармушку, каб прыкрыкнуць на зняволеных. Два наглуха закрытыя акны і высокія столі – дыхаць не было чым.

«У першую ж раніцу ўсе трыццаць чалавек у камеры прачнуліся з заплылымі ад гною вачыма, мы пачалі смярдзець, часацца, мы смярдзелі, як трыццаць потных мужыкоў, якіх білі», – распавядае Антон.

Малюнак Антона.
Фота: «Белсат»

Мужчына ўпэўнены, што амапаўцы на Акрэсціна былі пад уздзеяннем нейкіх псіхатропных рэчываў. «Тыя, што затрымлівалі, – білі, каб біць. Звычайна, без лютасці. А ўнутры былі людзі… яны насамрэч збівалі так, каб адняць здароўе. Калі мы апынуліся там – надзея знікла», – згадвае Антон. Ён распавядае пра дзясяткі людзей, якія ад збіцця не вытрымлівалі і спаражняліся. Іх прымушалі выціраць усё ўласнай адзежаю. Згадвае астматыка, якога працягвалі збіваць і падчас прыступу, а потым, абліўшы вадою, за нагу закінулі ў камеру. Антон таксама, як і Мікалай, бачыў у двары Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў два целы, накрытыя тканінаю. Ці былі тыя людзі жывымі, ён не ведае.

У двары Акрэсціна паставілі штосьці кшталту помніка – на смеццевы бак паклалі каску і прыхілілі шчыт.

«Амапаўца забілі, мразі! Калі даведаюся, хто, вам п***!» – крычаў адзін з сілавікоў. Нават афіцыйна пра смерць з боку сілавікоў не паведамлялася. Антон не ведае, амапаўцы гэтак пужалі затрыманых ці сапраўды атрымалі звесткі пра смерць аднаго са сваіх.

Малюнак Антона.
Фота: «Белсат»

Пасля сімвалічнага суда праз скайп, дзе кожны атрымліваў 13–15 содняў, людзей пачалі выпускаць. У двары амапавец спытаў Антона, ці ведае ён, чаму сюды трапіў. Той адказаў, што, вядома, усё разумее, шкадуе пра ўдзел у пратэстах і абяцае больш ні ў чым не браць удзелу.

«Як я зразумеў, гэта быў правільны адказ. Мне далі штосьці падпісаць, але я не мог падняць вачэй, каб пабачыць, за што падпісваюся. Тых, хто казаў, што проста ішоў побач і ні ў чым не браў удзелу, пачыналі збіваць і вярталі ў камеры», – згадвае Антон.

Перад вызваленнем нават тых, хто адказаў «правільна», яшчэ раз білі.

Сустрэўшыся пасля вызвалення, сямʼя амаль адразу пастанавіла зʼехаць з Беларусі. Пры канцы Антон згадвае цікавую дэталь: забраўшы рэчы з Акрэсціна, ён знайшоў у сваім Тэлеграме некалькі каналаў, на якія не быў да гэтага падпісаны. Ён мяркуе, што гэткім чынам амапаўцы могуць хутка зразумець, ці затрымлівалі чалавека раней, і раіць кожнаму, у каго разблакоўвалі тэлефон, спраўдзіць свае падпіскі.

Усе гісторыі праекту «Мне яшчэ пашанцавала» чытайце, глядзіце і слухайце тут.

Стужка навінаў