Freedom House: Атакі на дэмакратыю ў Еўразіі ўзмацніліся. Што пішуць пра Беларусь

«Нацыі ў пераходным перыядзе», 2021 год. Зялёным колерам пазначаныя дэмакратычныя, жоўтым — гібрыдныя рэжымы, бэзавым — аўтакратыі. Фота: Freedom House

Сярод «нацыяў у пераходным перыядзе» Беларусь у справаздачы Freedom House лічаць адной з самых недэмакратычных: яшчэ менш дэмакратыі толькі ў Казахстане, Узбекістане, Таджыкістане, Азербайджане і Туркменістане.

Амерыканская няўрадавая арганізацыя Freedom House апублікавала 28 красавіка чарговы даклад пра «нацыі ў пераходным перыядзе», у лік якіх уваходзяць Беларусь і іншыя постсавецкія краіны, а таксама былыя сатэліты СССР.

За 2020 год «рэйтынг дэмакратыі» ў Беларусі (якую, як і раней, адносяць у «кансалідаваныя аўтакратыі») істотна апусціўся, але на меншыя значэнні за такія рэйтынгі ў Польшчы (якую адносяць да «паўкансалідаваных дэмакратыяў») і Вугоршчыне (яе аднеслі ў «гібрыдныя рэжымы»). Польшча і Вугоршчына «маюць прыкметы паглыблення аўтакратызацыі», пішуць у справаздачы, а вугорская мадэль рэпрэсіяў незалежных медыяў распаўсюдзілася на Польшчу і Сербію. Сумарны рэйтынг дэмакратыі «нацыяў у пераходным перыядзе» падае 17 гадоў запар і цяпер самы нізкі за 26-гадовую гісторыю такіх аглядаў.

«Распаўсюд аўтакратыі ў Еўропе і Еўразіі мае далёкія наступствы не толькі для рэгіёну, але і для ўсяго свету, — заявіў Майкл Дж. Абрамавіц, прэзідэнт Freedom House. — Дэмакратычна абраныя лідары адварочваюцца ад дэмакратыі ды ствараюць свае перакручаныя рэаліі, каб умацаваць і захаваць уладу. Сваімі поспехамі гэтыя антыдэмакратычныя рэжымы паказваюць прыклад і падаграюць рост аўтарытарызму ў суседніх краінах. Пакінутыя без кантролю, яны могуць падарваць дэмакратыю і ўзаконіць злоўжыванне ўладай у Еўропе і за яе межамі».

За мінулы год палепшылі свае паказнікі ў рэйтынгу толькі Боснія і Герцагавіна, Паўночная Македонія, Латвія, Літва, Славаччына і Узбекістан.

Беларусь у справаздачы

У Беларусі і Расеі, «кансалідаваных аўтакратыях», за мінулы год істотна ўзмацніліся рэпрэсіі, пішуць аўтары справаздачы. Гвалтоўная атака на прадэмакратычныя пратэсты ў Беларусі, замах на расейскага апазіцыйнага лідара Аляксея Навальнага і расейская вайсковая актыўнасць на мяжы з Украінай «дэманструюць, як далёка гэтыя рэжымы гатовыя ісці, каб застацца ва ўладзе».

Беларусь абвалілася ў міжнародным рэйтынгу бяспекі ды аховы здароўя

Падзеі ў Беларусі «прабудзілі і грамадзянаў, і аўтакратаў», у тым ліку Уладзіміра Пуціна, які падтрымаў «калегу-аўтакрата», каб прадухіліць такія хваляванні ў сябе дома, пішуць у справаздачы. Але «для соцень тысяч беларусаў чарговыя сфальшаваныя былі недапушчальныя», а гвалт Аляксандра Лукашэнкі супраць мірных дэманстрантаў «зайшоў занадта далёка». Масавыя рэпрэсіі ў Беларусі выклікалі міжнародную падтрымку дэманстрантаў і прывялі да рэальных наступстваў для беларускага рэжыму.

Freedom House заклікае Еўразвяз увесці санкцыі супраць парушальнікаў правоў чалавека ў Беларусі і Расеі, сярод іншага зрабіць падсанкцыйнымі акты карупцыі. Таксама Еўропе і Злучаным Штатам рэкамендуюць публічна падтрымліваць нізавыя рухі ў Беларусі і Расіі, аказваць тэхнічнае падтрыманне актывістам і быць гатовымі прымаць тых, хто сутыкаецца з пагрозамі жыццю і свабодзе ў Беларусі і Расеі.

Беларусь апусцілася на тры пазіцыі ў новым рэйтынгу чалавечага развіцця

Freedom House — міжнародная няўрадавая арганізацыя са штаб-кватэрай у Вашынгтоне, заснаваная ў 1941 годзе. Большая частка бюджэту арганізацыі — гранты Федэральнага ўраду ЗША. Яна ладзіць даследаванні дэмакратыі і правоў чалавека, у тым ліку з 1978 года публікуе штогадовую справаздачу «Свабода ў свеце».

АА belsat.eu

Hавiны