Ці спыніць Расея пастаўкі нафты ў Беларусь праз амерыканскія санкцыі? Тлумачаць эканамісты


Мужчына запраўляе аўтамабіль на АЗС. Менск, Беларусь, 28 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Навіна ад Reuters пра тое, што расейскія нафтакампаніі нібыта могуць прыпыніць пастаўкі нафты на беларускія НПЗ, стала сенсацыяй. Ці магчыма такое, і як улады будуць вырашаць праблему, «Белсат» абмеркаваў з экспертамі.

Адноўленыя санкцыі ЗША супраць беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў цяпер датычаць не толькі саміх кампаніяў, але могуць закрануць і тых, хто з імі супрацоўнічае. Гэтыя санкцыі датычаць у тым ліку «Белнафтахіму» і «Нафтану» — а значыць, і расейскіх пастаўнікоў нафты.

Асноўныя пастаўнікі нафты на наваполацкі завод «Нафтан», расейскія «Роснефть» і «Сургутнефтегаз», пакуль не плануюць прадаваць сыравіну прадпрыемству, бо баяцца трапіць пад другасныя санкцыі, пісаў Reuters са спасылкаю на ўласныя крыніцы. Пакуль вядзецца пра адмову ад паставак у наступным месяцы, афіцыйных заяваў яшчэ не было.

Праўладны Беларускі прафсаюз працаўнікоў хімічнай, горнай і нафтавай прамысловасці выдаў заяву адносна санкцыяў ЗША, у якой сцвярджае, што ад тых санкцыяў пацерпяць перадусім рабочыя і іхныя сем’і, а страта рынкаў збыту пацягне скарачэнне персаналу, «зніжэнне сацыяльных гарантый ветэранаў, жанчын, моладзі».

Тым часам Міністэрства замежных справаў Літвы рэкамендавала літоўскім кампаніям, якія маюць сувязі з «Белнафтахімам», узважыць магчымыя рызыкі.

Hавiны
Reuters: Нафтакампаніі РФ могуць прыпыніць пастаўкі нафты на беларускія НПЗ
2021.04.27 22:29

Экспертка ў нафтавай галіне, аглядальніца «Белрынку» Таццяна Манёнак расказала «Нашай ніве», што наступствы спынення паставак расейскай нафты ў Беларусь «могуць быць фатальнымі», бо ранейшыя спробы дыверсіфікацыі паставак (як закупка невялікіх партыяў сыравіны з Азербайджану) «адбываліся з цяжкасцямі». Яна дапусціла, што пастаўкі могуць ладзіць праз маленькія расейскія кампаніі, якія не працавалі на замежжа, таму могуць не баяцца санкцыяў. Але аб’ёмы паставак ад іх будуць «дастатковымі хіба для падтрымання цыклу вытворчасці».

Таксама Манёнак дапусціла, што павялічацца пастаўкі на Мазырскі НПЗ, які не трапіў у санкцыйны спіс ЗША. Аднак гэты завод якраз збіраліся часова закрыць на чарговы рамонт.

Марголін: Абысці санкцыі можа быць няцяжка, а да іміджавых удараў Лукашэнка звыклы

Леў Марголін.
Фота: прэс-служба АГП

Эканаміст Леў Марголін кажа «Белсату», што пытанне паставак нафты ў Беларусь — палітычнае, таму вырашаць яго будуць не кампаніі-пастаўнікі, а асабіста Уладзімір Пуцін. Той аб’ём нафты, які пастаўляецца на Беларусь, не ёсць «вырашальным» для расейскіх кампаніяў, але Марголін перакананы, што адмовы ад паставак не дапусціць Крэмль, таму пастаўнікам прыйдзецца шукаць магчымасці абыходзіць санкцыі.

«Гэта зрабіць не так ужо і цяжка, — разважае ён. — Можна знайсці ў Расеі нейкую існую кампанію або стварыць новую, якая будзе займацца толькі пастаўкай у Беларусь і больш нічым. Вялікай праблемы ў кожным разе не будзе».

Эканаміст лічыць, што такая схема будзе і маральным, і іміджавым ударам для ўладаў Беларусі, але Аляксандар Лукашэнка «за апошні год прызвычаіўся да гэтых удараў, ён стараецца іх не заўважаць». Да таго ж, улады Беларусі не змогуць адказаць расейскім кампаніям так сама, як адказалі «Шкодзе». Хутчэй Лукашэнка паставіцца з разуменнем да адмовы ад афіцыйных паставак.

Hавiны
«Контрсанкцыі» і падаражэнні. Якія змены адбудуцца ў траўні
2021.04.27 12:00

Герасіменка: Нафтаперапрацоўка — важная, але не крытычная частка беларускай эканомікі

Алесь Герасіменка.
Фота: асабісты архіў

Эканамічны аглядальнік Алесь Герасіменка мяркуе, што цалкам рэальны сцэнар, у якім расейскія кампаніі спыняць пастаўкі сыравіны на «Нафтан»: ім прасцей пераарыентаваць пастаўкі на іншых спажыўцоў на глабальным рынку і не браць на сябе рызыку трапіць пад амерыканскія абмежаванні. Могуць узнікнуць і «шэрыя» схемы паставак, можа быць і палітычнае рашэнне Крамля пастаўляць нафту, нягледзячы на санкцыі.

«Не зусім дакладна вядомыя дэталі санкцыяў, — адзначае Герасіменка ў каментары «Белсату». — Цяпер цяжка ацаніць верагоднасць спынення ці працягу паставак. Гэтая тэма яшчэ застаецца за шырмай невядомасці. Бліжэйшыя тыдні пакажуць сур’ёзнасць праблемы».

Ён адзначае, што нават калі санкцыі спыняць пастаўкі на «Нафтан», застанецца Мазырскі НПЗ, таму нельга казаць, што ў Беларусі цалкам спыніцца перапрацоўванне нафты. Гэта будзе ўдарам па эканоміцы, але наўрад ці катастрофай: нафтаперапрацоўчая галіна фармуе хіба каля 2 % эканомікі Беларусі. Калі палову ад таго адкінуць, тое наўрад ці будзе крытычным для эканомікі, хоць можа спрыяць далейшай стагнацыі ці нават паглыбіць рэцэсію эканомікі.

«Але мы ў цэлым у такой сітуацыі, што нашая эканоміка не ў лепшым стане, — дадае Герасіменка. — Не відаць перадумоваў для паскарэння росту эканомікі ў бліжэйшы час. А такі фактар, які прыгнятае эканоміку, гэта фактар непрыемны».

Hавiны
«Беларусь стала больш савецкай эканомікай, чым была 20 гадоў таму». Эксперт каментуе прэс-канферэнцыю кіраўніка Нацбанку
2021.04.16 08:10

АА belsat.eu

Стужка навінаў