Пад грыфам «сакрэтна». Прадзяржаўны прафсаюз рыхтуе таемную акцыю на 1 траўня


У рэдакцыю «Белсату» напісалі чытачы, якія кажуць, што Федэрацыя прафсаюзаў рыхтуе нешта цікавае на Дзень працы. Актывістаў арганізацыі збіраюцца везці ў невядомае месца. Калі адмовішся – звольняць. belsat.eu распавядае, што адбываецца.

Фота: ТК / Белсат

Вывозяць на аўтобусах як пацукоў

«Я шмат гадоў з’яўляюся старшынёй прафсаюзнай арганізацыі. Мне ніколі не было так сорамна, як зараз», – эмацыйна пачынае свой расповед наш чытач. – «1 траўня нас збіраюцца везці на аўтобусах у невядомым кірунку і ў невядомае месца. Усё пад грыфам «сакрэтна». Інфармацыю не даюць анікому, нават галінавым прафсаюзам. Куды нас павязуць і для чаго – не гавораць.

Будуць вывозіць у аўтобусах як пацукоў, каб аніхто не ведаў».

1 траўня – Дзень працы – сапраўды вельмі важнае свята для беларускіх прафсаюзаў. Але як кажа крыніца belsat.eu, раней свята адзначалася ў зусім іншым фармаце. У Менску, напрыклад, ладзілі канцэрт. Галоўнае – усе ведалі, што мусіць адбывацца ды і запрашалі адкрыта.

«Гэтым разам анікому анічога не гавораць. Хіба баяцца… Страшна, што хтосьці даведаецца. Нават людзі на вялікіх пасадах не ведаю, куды і навошта яны едуць», – мяркуе крыніца belsat.eu.

Чытач зазначае, што падрыхтоўка праходзіць хоць і ў сакрэтнасці, але з «помпаю». Кожны галінавы прафсаюз рыхтуе свае спісы. Таксама на патаемнае мерапрыемства прывязуць штатных супрацоўнікаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, дзяржаўных абʼяднанняў і гарадскіх камітэтаў. Таксама будуць старшыні прадстаўнікоў прафкамаў прадпрыемстваў і арганізацыяў. На кожны прафсаюз будзе вылучаны цэлы аўтобус.

«Лепей бы гэтыя грошы аддалі людзям», – абураецца чытач.

Дзень працы ў Маскве. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: Flickr

Сапсаваныя святы

Напачатку было сказана, што аніякіх вялікіх святаў да 1 траўня не плануецца. Перадусім праз пандэмію.

«Але выглядае на тое, што дзеля сваіх супрацоўнікаў і чальцоў прафкамаў прыкрай карцінкі не шкада. Усе людзі жа запланавалі свае выходныя ў коле блізкіх перад Вялікаднем! Некаторыя планавалі паехаць да сваякоў за 300 кіламетраў! Але няма ў ФПБ анічога святога!».

Крыніца «Белсату» мяркуе, што Федэрацыя прафсаюзаў будзе праводзіць нейкую акцыю з транспарантамі і крычалкамі. Накіраваная яна на санкцыі ЗША супраць нафтавых кампаніяў. Можа нават відэа здымуць», – кажа крыніца «Белсату». Паводле суразмоўцы «Белсату», арганізацыя плануе праз свае каналы атрымаць афіцыйны адказ ад кіраўніцтва Еўрапарламенту і іншых арганізацыяў, куды ФПБ накіроўваў ліст наконт санкцыяў.

Адмовіцца ад удзелу ў «свяце» нельга.

«Скажы «не» і ты адразу становішся для іх «бчб». Трэба прыйсці ўсім, нават тым, хто ў адпачынку», – іранізуе чытач.

Мы накіравалі афіцыйны запыт у прэс-служба Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі з просьбаю патлумачыць сітуацыю. Як толькі мы атрымаем адказ, то абавязкова яго апублікуем.

  • Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі адна з найбуйнейшых арганізацыяў Беларусі. На іхным сайце ўказана, што сярод ейных чальцоў 4 млн чалавек.
  • На папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах кіраўнік арганізацыі Мікалай Орда быў старшынёй ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі.
  • А ўвесну 2021 года ФПБ адзначыўся змушэннем людзей да падпісвання ліста супраць санкцыяў.
  • 19 красавіка ЗША аднавілі санкцыі супраць «Белнафтахіму» і іншых прадпрыемствах нафтавай прамысловасці. Пазней зʼявіліся звесткі, што Расея можа спыніць пастаўку нафты на беларускія НПЗ. Аднак пакуль што гэтыя чуткі не пацвердзіліся.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў