Канцлер Аўстрыі, з якім сустракалася Ціханоўская, паразмаўляў з Пуціным пра Беларусь


Святлана Ціханоўская і Зэбаст’ян Курц.
Фота: Telegram / tsikhanouskaya

Кіраўнік аўстрыйскага ўраду Зэбаст’ян Курц, з якім 28 красавіка сустракалася Святлана Ціханоўская, патэлефанаваў у Маскву і сярод іншага абмеркаваў з прэзідэнтам Расеі сітуацыю ў Беларусі.

Як паведамілі ў Крамлі, бакі абмеркавалі сітуацыю вакол Украіны і Аляксея Навальнага, магчымую сустрэчу Уладзіміра Пуціна і прэзідэнта ЗША Джо Байдэна.

«Пры абмеркаванні сітуацыі вакол Беларусі з расейскага боку падкрэслена непрымальнасць умяшання звонку ва ўнутраныя справы гэтай краіны», – гаворыцца ў паведамленні Крамля.

Аўстрыйскі бок пакуль не паведамляе дэталяў размовы.

ВІДЭА
Ці запусціцца перамоўная пляцоўка з рэжымам Лукашэнкі з дапамогаю Аўстрыі?
2021.04.30 17:24

Ціханоўская працягвае візіт у Італію

Між тым Святлана Ціханоўская, якая 28 красавіка сустракалася з Зэбаст’янам Курцам, працягвае візіты ў еўрапейскія краіны. Пасля Аўстрыі яна наведала з працоўным візітам Італію. Там яна сустрэлася з міністрам замежных спраў Італіі Луіджы Дзі Маё, ягоным намеснікам Бэнедэта Дэла Ведова, міністрам працы Андрэа Арланда, а таксама правяла рабочыя сустрэчы з лідарамі асноўных груп італьянскага парламента, а таксама выступіла на слуханнях Камітэту міжнародных стасункаў італьянскага парламенту, прысвечаных Беларусі.

Галоўная тэма, якая абмяркоўвалася, – як Італія можа дапамагчы беларусам. Ціханоўская заклікала Італію быць больш рашучай у дзеяннях, падтрымаць на ўзроўні Еўразвязу санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі – у траўні будзе разглядацца новы пакет. Абмяркоўвалася і тэма перамоваў па высновы Беларусі з крызісу і ролю Італіі ў гэтым – на ўзроўні канферэнцыі на базе ПА АБСЕ, круглых сталоў з удзелам экспертаў з краін ЕЗ і не толькі.

Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Італію.
Фота: Telegram / tsikhanouskaya

Таксама Ціханоўская выступіла на канферэнцыі аб Беларусі ў Інстытуце міжнародных стасункаў з удзелам 55-і экспертаў і спецыялістаў па міжнародных адносінах. Падчас канферэнцыі абмяркоўвалі фарматы перамоваў, спосабы ціску на рэжым і падтрымкі грамадзянскай супольнасці, эфектыўнасць санкцый, а таксама чым яшчэ Італія можа дапамагчы беларусам.

Акрамя таго, сёння беларускі лідар сустрэлася з італьянскім міністрам у еўрапейскіх справах Энца Амелдона, яны абмеркавалі сумесныя дзеянні ў Еўразвязе і міжнародных арганізацыях, а таксама з пасламі і дыпламатамі Новай Зеландыі, Мексікі, Вялікай Брытаніі, ЗША, Канады, Літвы і Польшчы.

Аляксандр Лукашэнка раніцай 30 красавіка правёў тэлефонную размову з прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў