Абясцэненыя раней дасягнутыя вынікі. Эканамісты падвялі вынікі 2020 года


Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Да канца 2020 года застаюцца лічаныя дні. Карэспандэнты «Белсату» разам з беларускімі эканамістамі падводзяць вынікі гэтага года для айчыннай эканомікі.

У 2020-м Беларусь сутыкнулася адразу з некалькімі крызісамі. Спачатку краіну, як і ўвесь свет, напаткала пандэмія каронавіруса. А ў другой палове года дадаліся яшчэ і палітычныя хваляванні, справакаваныя недаверам грамадства да афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, што не спыняюцца дасюль.

У выніку шмат якія прагнозныя паказнікі ўладаў на 2020 год не былі зрэалізаваныя. Інфляцыя перавысіла ліміт 5 %, а ВУП, наадварот, абваліўся замест росту. Курс долара вырас амаль на чвэрць.

Людзі навучыліся выжываць без дзяржавы

Былі сёлета і станоўчыя моманты, аднак усе яны са сваймі «але». Гэтак, старэйшы навуковы працаўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Леў Львоўскі адзначыў у каментары belsat.eu, што падзенне ВУП з прычыны каронакрызісу аказалася істотна меншым, чымся ў нашых суседзяў і гандлёвых партнёраў:

Hавiны
«Курс на ліквідацыю сярэдняга класу». Эксперты ацанілі эканамічныя планы ўладаў на 2021 год
2020.12.24 14:17

«Але дасягнулі гэтага, як можна меркаваць са справаздачы, якую Белстат даслаў у ААН, за кошт тысячаў дадатковых смерцяў. Непрыпыненне вытворчасці аказала пазітыўны эфект на ВУП. Вытворчасць не была спыненая, людзі не былі звольненыя ды атрымлівалі заробкі, але гэта часткова дасягалася за кошт працы на склад. Дэ-факта гэта перанос крызісу на будучы перыяд, бо прадукцыю зрабілі, але не прадалі. Гэта ўсё так ці інакш ляжа на даўгавую нагрузку і менш устойлівае фінансавае становішча прадпрыемстваў, што займаліся гэтаю вытворчасцю».

Чарга на знак салідарнасці ў кавярню O’Petit.
Фота: Белсат

Кіраўнік навукова-даследчага Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук мяркуе, што людзі і бізнес у Беларусі былі кінутыя сам-насам з каронавірусам. А ўказ Аляксандра Лукашэнкі ад 24 красавіка № 143 «Аб падтрыманні эканомікі», на ягоную думку, – самы неадэкватны дакумент 2020 года.

Тым не менш, звяртае ўвагу Леў Львоўскі, прадпрыемствы, якія паводле апытанняў BEROC і SATIO казалі, што не пражывуць каронавіруснага крызісу без дадатковай дапамогі з боку дзяржавы, «пратрымаліся даўжэй, чым нават самі чакалі». Бізнес актыўна спрабаваў падладжвацца і выжываць нават ва ўмовах адсутнасці заўважнага падтрымання. Але, прызнае эканаміст, нейкія прадпрыемствы ўсё ж не здолелі або не здолеюць перажыць эканамічнага крызісу, выкліканага ўжо палітычным крызісам.

«Прадпрымальнікі нарэшце зразумелі, што не толькі хлебам і прыбыткам жывуць краіны ды вытворчасць. Што трэба перадусім змагацца за такія рэчы, як палітычная, эканамічная і грамадзянская свабода. Гэта такі безумоўны пазітыў у 2020 годзе, які можна падкрэсліць, кажучы пра эканамічную палітыку ў шырокім сэнсе слова», – назваў Яраслаў Раманчук самы пазітыўны вынік гэтага года.

Чарговая дэвальвацыя

2020 год для Беларусі стаўся годам чарговай дэвальвацыі нацыянальнай валюты. У параўнанні з 1 студзеня курс долара вырас на 22 %: з Br 2,1085 да Br 2,5736. Усё гэта павялічыла рызыку інфляцыі ды макраэканамічнай дэстабілізацыі, падкрэсліў Яраслаў Раманчук.

Аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха дадаў, што дастаткова глыбокая дэвальвацыя беларускага рубля ўжо негатыўна паўплывала на дынаміку на спажывецкім рынку краіны. Інфляцыя замест планаваных 5 % перавысіла 6 %: «Мы бачым паскарэнне тэмпаў інфляцыі, перавышаная мэта. Адбываецца абясцэньванне вынікаў, дасягнутых цэнтральным банкам у мінулыя гады. Калі мы паставілі мэту перайсці ў сярэднетэрміновай перспектыве да інфляцыйнага таргетавання, то вельмі важна выконваць гэты таргет, каб інфляцыя была ў межах заяўленага дыяпазону. Пагатоў гэта наўпрост б’е па пакупніцкай здольнасці насельніцтва і перадусім па найменш сацыяльна абароненых слаях, бо пакуль тоўсты ссохне, худы здохне».

Hавiны
«Абсалютна прыўкрасна, але…» Што не так з праграмай ураду на пяцігодку
2020.12.04 13:07

У выніку істотна запаволілася дынаміка росту грашовых даходаў насельніцтва і адбылося паглыбленне сацыяльнай няроўнасці ў грамадстве, разрыў паміж багатымі і беднымі. Да пачатку 2021 года амаль у паловы беларусаў не застанецца ашчаджэнняў, дадаў Яраслаў Раманчук.

Тым не менш, заявіў Леў Львоўскі, механізмы манетарнага рэгулявання, якія ўводзіў Нацыянальны банк апошнімі гадамі, дазволілі дасягнуць таго, што «пры значным зніжэнні абменнага курсу беларускага рубля нашая інфляцыя перавысіла чаканую толькі на 1,6 % (6,6 % супраць 5 %)». «Гэта няблага, бо ў нашых вытворчасці і спажыванні – вялікая доля імпарту», – падкрэсліў ён.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Пры гэтым, мяркуе прадстаўнік BEROC, кароткатэрміновыя стратэгіі Нацыянальнага банку ў падтрыманні нацыянальнай валюты праз уліванне золатавалютных рэзерваў і замарожванне рублёвай ліквіднасці небяспечныя, калі іх доўга выкарыстоўваць.

«Нацбанк чакае, што людзі перастануць аказваць ціск на абменны курс і перастануць забіраць дэпазіты з банкаў. Але існуе імавернасць, што гэта не кароткатэрміновы матыў, абмен рублёў на долары ды вынас гэтых долараў з дэпазітаў у банках працягнуцца. Калі гэтак так, то актуальная заціснутасць рублёвай ліквіднасці пагражае нам новымі праблемамі, бо і бізнесу, і хатнім гаспадаркам патрэбныя крэдыты», – адзначыў Леў Львоўскі.

Падарваны давер

Сярод галоўных вынікаў гэтага года апытаныя эканамісты называюць і падрыў даверу паміж грамадствам ды дзяржаўнымі інстытутамі.

«Падарваны давер у тым ліку да Нацбанку, які з такою цяжкасцю выпрацоўваўся апошнія гады. Падарваны давер да нацыянальнай валюты. Зноў угору пайшла даларызацыя – імкненне насельніцтва ашчаджаць у замежнай валюце і нават заключаць угоды», – заявіў Леў Львоўскі.

Яраслаў Раманчук яшчэ больш крытычны ў сваіх ацэнках: «Абнулены давер насельніцтва і бізнесу да дзяржавы. Страты – мільярды долараў, сотні тысячаў уцекачоў, сыход дзясяткаў тысяч прадпрымальнікаў. Сацыяльны кантракт улады з насельніцтвам, рэгулятарны кантракт з бізнесам разарваныя на шматкі і выкінутыя ў сметніцу». Паводле яго, гэта пагражае Беларусі «інвестыцыйнаю засухаю», бо «ў краіну, дзе часам не да законаў, сурʼёзныя інвестыцыі ніколі не пойдуць». Асабліва калі ўмовы для працы бізнесу залежаць ад яго лаяльнасці дзейным уладам.

Апроч таго, дадае Аляксандр Муха, істотна пагоршыўся і доступ усіх рэзідэнтаў Беларусі да вонкавых запазычанняў.

Што яшчэ стала горш?

Яраслаў Раманчук прывёў таксама іншыя вынікі 2020 года для Беларусі.

Гэтак, дзяржаўны доўг вырас амаль на 30 %. На пагашэнне запазычанасці вылучылі амаль Br 60 млрд, ці 28,8 % выручкі, у прамысловасці – Br 38,4 млрд. Пазыкі па крэдытах выраслі на 24,5 %, да Br 97,5 млрд.

Рэзка пагоршыўся фінансавы стан прадпрыемстваў. Іх страты за 10 месяцаў павялічыліся ў 6,3 разу – да Br 6,4 млрд. Колькасць стратных прадпрыемстваў вырасла на 26,8 %, а падзенне чыстага прыбытку – на 58,8 %. Будаўніцтва спрацавала са стратамі мінус Br 2 млрд. Страты ў будаўніцтве выраслі ў 12,8 разу, у гатэльным бізнесе і грамадскім харчаванні – у 15 разоў.

Агульны страйк работнікаў менскіх заводаў: МАЗ, МЗКЦ і інш. Работнікі ходзяць па Менску і збіраюць калегаў. Калонна зайшла на падшчыпникавы, там ніхто не выйшау да рабочых. Менск, Беларусь. 17 жніўня 2020 г.
Фота: Ірына Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Заўважаны таксама рост абʼёму таксічных актываў і замарожанага капіталу. Дэбіторская запазычанасць павялічылася на 21,7 %, да Br 50,3 млрд, у тым ліку вонкавая – на 44,7 %. Складскія запасы дасягнулі ў рублях Br 5,3 млрд, што складае амаль 70 % сярэднямесячнага абʼёму вытворчасці.

Правалілася таксама дыверсіфікацыя вонкавага гандлю. Экспарт знізіўся на 14,6 %, імпарт – на 18,6 %. Доля Еўразвязу ў экспарце тавараў упала да 17,8 %.

Эканамічныя прагнозы беларускіх эканамістаў на 2021 год чытайце неўзабаве на belsat.eu.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў