«Адзін з самых цяжкіх гадоў». Беларускія эканамісты зрабілі прагноз на 2021 год


Мінулы 2020 год выявіўся вельмі цяжкім для беларускай эканомікі. Але новы, 2021-ы, можа быць яшчэ складанейшым. Пра гэта «Белсату» распавялі беларускія эканамісты.

Два галоўныя сцэнары

Паводле экспертаў, у 2021 годзе развіццё эканомікі будуць вызначаць два асноўныя сцэнары. Пры першым палітычны крызіс не будзе ўрэгуляваны, пры другім – ён будзе пераадолены. Ад гэтых сцэнароў будуць залежаць такія паказнікі, як інфляцыя і курс нацыянальнай валюты, падкрэсліў аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха.

Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

На ягоную думку, у першым сцэнары курс рубля перавысіць Br 3 за долар. Істотны ціск на курс і золатавалютныя рэзервы будуць аказваць плацяжы па вонкавых і ўнутраных абавязках, намінаваных у замежнай валюце. Аляксандр Муха падкрэсліў, што валавы вонкавы доўг рэзідэнтаў Беларусі ўжо цяпер набліжаецца да свайго гістарычнага максімуму, склаўшы на дзень 1 кастрычніка каля $ 40,561 млрд. А плацяжы па асноўным доўгу і адсотках, якія запланаваныя на 2021 год, складаюць $ 16,379 млрд.

«Відавочна, што ва ўмовах палітычнага крызісу і санкцыйнага ціску з боку заходніх дзяржаваў рэфінансаваць і выплаціць гэта ў штатным рэжыме будзе надзвычай цяжка. Можа адбыцца істотны рост пратэрмінаванай вонкавай запазычанасці, што не можа не хваляваць. Наступны год з эканамічнага пункту гледжання будзе адным з самых цяжкіх за апошнія дзесяцігоддзі. А з пункту гледжання пагашэння вонкавага доўгу рэзідэнтаў Беларусі наступны год будзе самым цяжкім у гісторыі Беларусі», – адзначыў аналітык BusinessForecast.by.

Апроч таго, смалы ў агонь можа падліць узмацненне адтоку замежнага капіталу з Беларусі – разам з магчымым адтокам валютных дэпазітаў з банкаўскага сектару краіны.

«Напрыклад, ёсць неадклікомыя дэпазіты, якія нельга проста так забраць, але рана ці позна ў іх канчаюцца тэрміны. І калі палітычны крызіс не будзе ўрэгуляваны, з высокай доляй верагоднасці можна прагназаваць далейшае забіранне валютных дэпазітаў з беларускіх банкаў з усімі наступствамі», – заявіў эканаміст.

Падзенне даходаў

Аляксандр Муха таксама прагназуе, што ў 2021 годзе можа адбыцца дастаткова глыбокае падзенне даступных даходаў насельніцтва як у рэальным выражэнні (цэны будуць расці хутчэй за даходы), гэтак і ў доларавым. Гэта можа прывесці да ўзмацнення сацыяльнай і палітычнай незадаволенасці ў краіне.

«Беларусь паводле сярэдняга заробку істотна адстае і ад Расейскай Федэрацыі, не кажучы ўжо пра краіны Балтыі, Польшчу. Больш за тое, існуе імавернасць, што з улікам магчымай дэвальвацыі беларускага рубля да долара ЗША ў наступным годзе паводле сярэдняга заробку нашую Беларусь можа абагнаць і Украіна», – мяркуе эканаміст.

Беларусь чакае стагнацыя

Старэйшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Леў Львоўскі чакае ў 2021 годзе стагнацыі ў эканоміцы.

«З мінімальным падтрыманнем Расеі нас, хутчэй за ўсё, будзе чакаць або скарачэнне ВУП на 1–2 %, або, магчыма, нават мінімальны рост на 0,5–1 %», – заявіў ён.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Але «калі здарыцца нейкі трыгер, і людзі зноў пачнуць актыўна здымаць дэпазіты з банкаў», можа здарыцца фінансавы крызіс, бо «доля кепскіх актываў і крэдытаў там ужо на мяжы, і банкам востра не хапае ліквіднасці». Калі працягнецца рублёвае зацісканне крэдытаў, можа адбыцца і крызіс неплацяжоў, у выніку якога прадпрыемствы не змогуць працягваць сваю дзейнасць. Гэта пацягне ланцугом іх партнёраў і контрагентаў.

«Калі ў дадатак да гэтага здарыцца нейкі палітычны канфлікт з Расеяй, то гэта можа пацягнуць крызіс, звязаны з нашым дзярждоўгам. Калі Уладзімір Пуцін стане ў позу і пасварыцца з Аляксандрам Лукашэнкам, гэта можа паставіць рэсурсы сістэмы на мяжу», – мяркуе Леў Львоўскі.

Шмат негатыўнага

Агулам, на думку Львоўскага, «шмат што можа здарыцца, і пераважна, на жаль, негатыўнага для эканомікі». Напрыклад, значную ролю могуць адыграць санкцыі з боку ЗША. Эксперт лічыць, што хоць яны не будуць маштабнымі і сектаральнымі, але могуць спрычыніцца «да сур’ёзных праблемаў на тых ці іншых прадпрыемствах ці карэктавання палітыкі рэжыму», зрабіць прадпрыемствы таксічнымі.

Сярод пазітыўных момантаў у 2021 годзе Леў Львоўскі бачыць магчымае аднаўленне сусветнай эканомікі ў выніку вакцынацыі ад каронавіруса. Патэнцыйна гэта можа павысіць попыт і на беларускі экспарт.

«Гэта будзе выпрабаванне краіны»

Кіраўнік навукова-даследчага Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук мяркуе, што ўлады з вялікай верагоднасцю выкарыстаюць інфляцыю і дэвальвацыю, каб «канфіскаваць грошы ў прадпрыемстваў, юрыдычных і фізічных асобаў».

«Будзе яшчэ большым крызіс банкаўскай сістэмы, будзе велізарны ціск на бюджэт, бо будуць банкрутаваць дзяржаўныя прадпрыемствы. Інфляцыя чакае больш за 10 %. Курс пры АМАПа-эканоміцы будзе больш як Br 3,3 за долар. Заробкі могуць упасці да $ 400. Колькасць людзей, якія апынуцца за рысай галечы, дасягне 10–15 %», – заявіў ён.

На думку Яраслава Раманчука, «гэта будзе выпрабаванне краіны».

«І калі да палітычнага крызісу далучацца яшчэ чыннікі сацыяльна-эканамічныя, думаю, нават пакорныя пралетарыі, якія сядзелі і чакалі, чым скончыцца, будуць выстаўляць да ўладаў зусім іншыя патрабаванні», – адзначыў эканаміст.

Змена ўлады палепшыць сітуацыю ў эканоміцы

Разам з тым сітуацыя можа істотна палепшыцца, калі палітычны крызіс будзе пераадолены. У гэтым выпадку вядзецца пра паўнавартасную змену ўлады, новыя выбары і ўсёабдымнае ўрэгуляванне палітычнага крызісу, паведаміў Аляксандр Муха.

Марш жанчын
Жаночае шэсце міру ў Менску. 5 верасня 2020 году.
Фота: ІА / Белсат

У такім выпадку, на ягоную думку, «рэзідэнты Беларусі змогуць атрымаць доступ да вонкавых запазычанняў на дастаткова камфортных умовах і прайсці графік плацяжоў па вонкавым доўгу ў штатным рэжыме». У новага ўраду Беларусі можа адкрыцца доступ да сур’ёзных рэсурсаў міжнародных фінансавых арганізацыяў, у тым ліку МВФ. Гаворка можа ісці прынамсі пра некалькі мільярдаў долараў. Таксама адкрыецца шлях да выпуску новых еўрааблігацыяў, каб падтрымаць эканоміку і рэалізацыю структурных рэформаў.

Узровень інфляцыі ды дэвальвацыі ў другім сцэнары будзе заўважна ніжэйшым у параўнанні з першым. Істотна зменшацца інфляцыйныя і дэвальвацыйныя чаканні.

«Чым хутчэй будзе вырашаны сённяшні палітычны крызіс, тым менш будзе негатыўных эфектаў для нацыянальнай эканомікі і для грамадства Беларусі агулам», – падкрэсліў Аляксандр Муха.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў