Алена Гнаўк: Калі б мне сказалі, Алена, калі ты выйдзеш, цябе заб'юць, я б усё роўна выйшла


Алену Гнаўк часта называюць берасцейскай Нінай Багінскай. І мала хто ведае, што яна не берасцейская. Кожную нядзелю Алена Пятроўна сядае на электрычку і едзе на пратэст у Берасце з Пружанаў. А гэта больш за 100 кіламетраў – дзве гадзіны ў адзін бок.

Алена Гнаўк у вёсцы Ткачы.
Фота: belsat.eu

63-гадовая пенсіянерка з вёскі Ткачы Пружанскага раёну стала вядомаю на ўсю Беларусь сваім нязломным характарам. Гнаўк дзесяць разоў затрымлівалі, у яе было 7 судоў, больш за 30 содняў у ІЧУ, на яе завялі крымінальную справу, але жанчына не здаецца і кажа, што будзе выходзіць, пакуль мы не пераможам.

Алена Гнаўк нарадзілася на Палессі ў 1957 годзе ў сям’і звычайных калгаснікаў, але смела крочыла па жыцці. Цяжкасці і выпрабаванні рабілі яе толькі мацнейшай. Журналісты «Белсату» сталі першымі, хто прыехаў дадому да спадарыні Алены, каб пачуць яе расповед.

Пра камуністычную партыю і дысідэнцтва

Я была спартсменкай, выдатніцай і сакратаркай камсамольскай арганізацыі, вучылася на кнігах і праўдзе, і першы мой дэманстратыўны крок быў яшчэ ў школе, калі мы вырашылі зрабіць закрыты камсамольскі сход. А за намі глядзела камуністычная партыя, каб мы правільна вырашалі партыйныя пытанні, і на такіх сходах прысутнічаў лідар камуністычнай суполкі. Дык я папрасіла, каб ён выйшаў. Гэта выклікала моцны рэзананс, гісторыя дайшла да першага сакратара нашага райкома камсамолу, але мяне за гэта не пакаралі.

Паштальёнка прынесла Алене лісты са Следчага камітэту, суду і аддзела прымусовага выканання.
Фота: belsat.eu

Пазней я паехала ў Маскву і паступіла ў адзіную ў СССР ВНУ, якая рыхтавала партыйных дзеячаў. Туды складна было патрапіць, але я змагла гэта зрабіць. Там вучылася шмат партыйных кіраўнікоў. І тады я, простая дзеўчына з вёскі, пабачыла ўсю сутнасць савецкай сістэмы. І гэты інстытут зрабіў з мяне дысідэнта, бо я ўбачыла, што ўлада гаворыць адно, а робіць іншае. І калі пачалася перабудова, пачаў стварацца Народны Фронт, я была ў першых шэрагах.

У 1993 годзе я атрымала другую адукацыю, да юрыдычнай дадалася эканамічная.

Пра веру

Раней я выступала супраць веры, але пазней прыйшла да Бога, стала веруючым чалавекам. На мяне вялікі ўплыў аказаў Дзмітрый Сахараў. Ён быў сцяганосец дэмакратычных рухаў, да яго шмат хто прыслухваўся і паважаў яго. На пахаванні Сахарава я даведалася, што ён быў вельмі веруючым чалавекам.

Пра дзяцей

У мяне чацвёра дзяцей. Двое старэйшых – Таццяна, ёй 45 гадоў, і сын Жэня, ён быў на тры гады маладзейшы, у 2005 годзе ён загінуў. Пазней у мяне нарадзілася яшчэ двое дзяцей – дачка і сын, якому зараз 25 гадоў. Дзеці ў мяне вельмі дружныя, у гэтым пратэстным руху мы – адна сям’я.

З малодшым сынам мы нават сядзелі ў ІЧУ: ён пайшоў маці вызваляць, калі пабачыў, што мяне затрымліваюць, і яны і яго схапілі.

На фота Алена Гнаук з дзецьмі.
Фота: belsat.eu

Пра пенсію і штрафы

З 1993 года да 2000-га я жыла і працавала ў Маскве, там я зарэгістравала сваю ўласную кампанію, але была вымушаная вярнуцца дадому: я абанкруцілася, бізнес адціснула расейскія ўлада, за кароткі тэрмін я згубіла і офіс, і кватэру. 10 гадоў працы ў Расеі ў стаж не пайшлі, гэта паўплывала на памер маёй пенсіі.

Я атрымліваю 240 рублёў. Я спецыяльна палічыла, каб выплаціць усе мае штрафы (каля 1300 долараў), мне трэба больш за два гады плаціць палову пенсіі. Я думаю, што гэта яшчэ не ўсё, бо я выходжу на пратэст кожную нядзелю і спыняцца не збіраюся.

Алена Гнаўк рэгулярна атрымлівае “падарункі ад улады”, лісты з судоў і міліцыі ідуць канвеерам.
Фота: belsat.eu

Кожны раз я рыхтуюся да затрымання і адсідкі, у мяне ў заплечніку для гэтага ўсе неабходныя рэчы – пластыкавы кубачак, відэлец, лыжка, шкарпэткі, бялізна.

Я хацела купіць сабе некаторыя рэчы, але не магла дазволіць, і калі людзі мне скінуліся на штрафы, я купіла сабе паліто і зімні абутак, каб ганяць ва ўсю моц. А штрафы няхай яны з пенсіі вылічваюць.

Пра суседку і ейнага ката

У вёсцы мяне завуць баптыстка, хаця я не баптыстка. Але калі нехта робіць зло, нешта незаконнае, я ніколі не прамаўчу, і гэта шмат каму не падабаецца. Адна жанчына за гэта вырашыла са мной расправіцца, мяне нават папярэдзілі: яна хоча цябе забіць. Я не паверыла, думала, такое бывае толькі ў кіно, але гэта здарылася, яна разбіла мне галаву, была заведзеная крымінальная справа.

Я тую жанчыну прабачыла, два гады чакала яе пакаяння, але замест гэтага яна зноў на мяне напала. Але зноў забіць мяне не ўдалося.

Калі гэтая жанчына памерла, да мяне прыйшоў жыць яе кот.

Алена Гнаўк з катом Васілёчкам, тым самым што дастаўся ў спадчыну ад суседкі, што спрабавала забіць.
Фота: belsat.eu

Пра смеласць

Я вяду здаровы лад жыцця. Ранак у мяне пачынаецца з малітвы і загартоўвання: кожную раніцу ўжо 30 гадоў выліваю на сябе вядро ледзяной вады. Быў час, што ў мяне нават не было медычнай карткі.

У 2016 годзе я вырашыла паўдзельнічаць у спаборніцтвах па зімовым плаванні. Такі іспыт характару. Я ўмела трымацца на вадзе, але мне трэба было плыць 25 метраў у ледзяной вадзе. Таму я паехала ў басейн, пайшла да інструктара, кажу: навучыце мяне плаваць, буду ўдзельнічаць у чэмпіянаце. Ён пытаецца: колькі ў нас часу? Я кажу – тыдзень. Для мяне гэта быў учынак – праплысці, не ўмеючы плаваць. І я праплыла, дастойна праплыла, заняла другое месца сярод жанчын. Гэта мой самы галоўны медаль – за маю смеласць.

Медаль Алены Гнаўк за другое месца ў чэмпіянаце Беларусі 2016 году па зімовым плаванні.
Фота: belsat.eu

Пра здраду і стойкасць

На пратэст мяне кліча сэрца, яно заве мяне ехаць у Берасце [на пратэсты]. Хаця пару разоў я выходзіла на плошчу і ў Пружанах. Мяне ўсе ўжо ведаюць, і таму, калі я проста прайду, можа, гэта кагосьці натхніць не здавацца.

Я сама не здаюся. Мы ўсе не здаемся. Калі ты бачыш гвалт у дачыненні да іншых, ты не можаш прамаўчаць, таму не выходзіць я не магу, бо гэта будзе здрада майму народу. Я думаю, Лукашэнка не чакаў, што наш народ праявіць такую стойкасць. Калі мне б сказалі: Алена, калі ты выйдзеш, цябе заб’юць, я б усё роўна выйшла.

Я магла з’ехаць у ЗША, Іспанію, Польшчу: але я бачу сябе толькі тут.

Hавiны
У Берасці ўжо ў дзясяты раз за апошнія чатыры месяцы затрымалі 63-гадовую Алену Гнаўк
2020.12.21 17:44

Пра дараванне

Калі я чую на мітынгах: «не забудзем, не даруем», я не згодная. Я лічу так: не забудзем, але прабачым. Бо выхаду няма, бо гэта можа прывесці да грамадзянскай вайны.

Я думаю, пасля змены ўлады трэба будзе разбірацца з кожным выпадкам, з кожным чалавекам, трэба вельмі асцярожна падыходзіць да кожнай сітуацыі, каб не пацярпелі невінаватыя. Трэба будзе рабіць народныя сходы і там вырашаць лёс кожнага. Кожнаму даваць прававую ацэнку.

Раней у вольны час Алена займалася пляценнем макрамэ.
Фота: belsat.eu

Пра крымінальную справу

Крымінальная справа заведзеная на мяне за 13 верасня, калі людзі перакрылі адну з цэнтральных вуліц гораду і вадзілі карагоды, і быццам там была жанчына, падобная на мяне.

Па гэтай справе праходзіць каля 50 чалавек. Улады лічаць, што людзі перакрылі рух і нанеслі гораду вялікія страты. Я даведалася, што яны гэтыя страты ацэньваюць у 1000 рублёў, што ў гэты час стаяў грамадскі транспарт.

Гнаук называюць Берасцейскай Нінай Багінскай. Прыхільнікі падаравалі Алене гадзіннік з напамінам аб гэтым.
Фота: belsat.eu

Гэта справа шытая белымі ніткамі. Сваімі крымінальнымі справамі яны хочуць запужаць людзей, заставіць задумацца, ці варта выходзіць. Але яны забываюцца, што кропка незвароту ўжо пройдзеная. Я веру, што крымінальная справа не дойдзе на суду.

Пра карабель улады

Каля я думаю пра пратэсты, мне хочацца плакаць ад радасці, як змяніўся наш народ. Цяпер гэтым народам варта ганарыцца.

І самае галоўнае, што на руках пратэстоўцаў няма крыві, бо нельга пабудаваць новую нармальную краіну, калі ты прыйшоў да ўлады з крывавымі рукамі. Гэта духоўны закон.

Арт берасцейскай мастачкі Ганны Радзько, прысвечаны Алене Гнаўк.

Я думаю, што ва ўладаў той сілы ўжо няма. Іх карабель мае шмат прабоінаў. І дзіркі робяцца кожны раз – кожны нават самы маленькі пратэст робіць усе новыя дзіркі, нават калі я адна выходжу, гэта новая дзірачка на гэтым караблі. Яны не паспяваюць іх залатаць. І я ўпэўненая, што гэты карабель пойдзе на дно – гэта толькі пытанне часу.

АЛ, фота МХ, belsat.eu

Больш гісторый чытайце на нашым Telegram-канале «Пра людзей».

Стужка навінаў