«Артыкул мянялі тройчы». Як «шыюць» справы аб масавых закалотах і гвалце над міліцыянтамі


У Беларусі множацца справы паводле арт. 364 Крымінальнага кодэксу – «Гвалт у дачыненні працаўнікоў унутраных справаў». Віктар Акцістаў, 20-гадовы студэнт Інстытуту прадпрымальніцкай дзейнасці, ужо амаль тры месяцы застаецца ў СІЗА на Валадарскага. Валянціна Акцістава распавяла belsat.eu гісторыю сына. 10 жніўня Віктар ішоў ад сябра ў кірунку метро, каля Нямігі яго затрымалі сілавікі. Маладзёна моцна збілі, адвезлі ў Жодзіна, а потым нечакана выпусцілі сярод ночы. Хлопец спрабаваў вярнуцца да нармальнага жыцця, але 21 верасня яго зноў затрымалі ды абвінавацілі ў збіванні амапаўца.

Узялі, калі вяртаўся ад сябра

Сямʼя Акціставых – з Новалукомля Віцебскай вобласці. Але ўжо некалькі гадоў Віктар разам з маці і старэйшаю сястрою жывуць у Менску. Таксама ў сталіцы жыве старэйшы брат. Віктар – студэнт чацвёртага курсу Інстытуту прадпрымальніцкай дзейнасці, вывучае спецыяльны пераклад на факультэце бізнесу і права.

8 жніўня сям’я Акціставых паехала ў Новалукомль, каб прагаласаваць. Віктар 10 жніўня вярнуўся ў Менск.

Яшчэ а 18:30 у той вечар спадарыня Валянціна паразмаўляла з сынам праз тэлефон, той распавёў, што едзе да сябра. А ўжо а 20:45 старэйшая сястра Віктара, Настасся, паведаміла маці, што не можа датэлефанавацца брату. Спадарыня Валянціна таксама пачала званіць: спачатку ніхто не адказваў, потым тэлефон увогуле стаў недасяжны. А 23:30 з нумара сына прыйшло паведамленне: «Ваўпшасава 26, у пастарунку. Узялі, калі вяртаўся ад Германа [сябар Віктара. – Заўвага рэд.]».

У тую ж ноч Настасся паехала ў Партызанскае РУУС.

Сямʼя Акціставых, Віктар справа. Фота прадстаўлена рэдакцыі

– Абстаноўка была жудасная, – згадвае дзяўчына. – Каля 2–3-й гадзіны ночы былі чутныя выбухі святлошумавых гранатаў. Каля пастарунку стаялі сілавікі ў балаклавах. Я запытала іх, дзе ўваход, сказала, што мне трэба забраць чалавека. Дык адзін з іх пачаў смяяцца: «Гэта нашая праца – людзей забіраць».

Ніякай інфармацыі пра Віктара дзяўчыне не далі. Раніцаю Настасся са старэйшым братам былі ў РУУС. Гэтым разам ім сказалі шукаць на Акрэсціна. Але і там у спісах Віктара не было.

Hавiны
Былы гендырэктар гатэлю «Арбіта»: Пасля затрымання на акцыі і арышту я мусіў звольніцца, але ні пра што не шкадую
2020.10.20 09:40

«Кідалі ў машыну, як дровы, адно на аднаго»

Высветліць, што хлопец у Жодзіне, здолеў ягоны бацька 11 жніўня. Мужчына паехаў туды. Як перадае словы мужа спадарыня Валянціна, «каля турмы стаялі каля чатырох сотняў сваякоў затрыманых, спісаў не было, ніхто не мог нічога даведацца». 11 жніўня ніводны нумар ні ў міліцыі, ні ў турме ў Жодзіне не адказваў. Сям’я Акціставых працягвала шукаць сына.

12 жніўня спадарыня Валянціна напісала заяву ў міліцыю Новалукомля, каб яны высветлілі, дзе ейны сын. А 13 жніўня ўначы патэлефанаваў уласна Віктар з Жодзіна: сказаў, што пераначуе ў мясцовых жыхароў, якія падабралі яго каля турмы і раніцай адвязуць у Менск.

– Я запытала, ці білі яго, – распавядае спадарыня Валянціна. – Ён памаўчаў і сказаў, што так. Я папрасіла выслаць фота. Я была ў жаху. Яшчэ больш жахліва гэта выглядала, калі я яго пабачыла раніцай у Менску: галава пабітая, вочы чорныя, асабліва правае, сляды ад дручкоў на спіне, на правай руцэ нібыта апёкі.

Віктар Акцістаў пасля збіцця. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Як патлумачыў Віктар, гэта былі не апёкі, а пашкоджанні, якія, магчыма, утварыліся пасля таго, як затрыманых, «як дровы, кідалі адно на аднаго ў машыну», і на ім зверху ляжалі некалькі чалавек. Менавіта пасля таго вельмі балелі плячо і рука, на ёй з’явіліся нейкія плямы.

Гісторыі
«Была ўся сіняя». Гарадзенку збілі дзве амапаўкі, адну з іх жанчына ўкусіла. Цяпер ёй пагражае 5 гадоў
2020.12.07 16:46

«Беглі хутчэй праз калідор амапаўцаў, каб не перапала дручком»

Тады ў Жодзіне ніякага суда не было. Перад тым, як выпусціць, усім затрыманым давалі падпісаць нейкую паперу, якой не далі нават прачытаць. Віктар падпісаў. Тых жа, хто адмаўляўся, вярталі ў турму і папярэджвалі, што будзе яшчэ горш.

Збівалі Віктара не ў Жодзіне, а беспасярэдне пасля затрымання, распавяла ягоная маці. Спачатку затрыманых перакідвалі з аднаго буса ў іншы, і там білі. Потым у Партызанскім РУУС, калі высаджвалі, пусцілі праз гэтак званы калідор з амапаўцаў.

– Яны стаялі, паводле Віці, у два шэрагі, і трэба было бегчы як мага хутчэй, каб не перапала ці дручком, ці берцам, – перадае спадарыня Валянціна аповед сына.

Віктар з сястрой Настассяй. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Пасля вызвалення Віктара ягоная сям’я рабіла ўсё, каб хлопец ачуняў, вярнуўся да нармальнага жыцця. Сястра маладзёна Настасся распавяла, што ў першыя дні ён быў вельмі прыгнечаны, нават баяўся цемры, хваляваўся за яе і маму, калі яны выходзілі з дому.

– Я ніколі раней не бачыла ў яго такіх эмоцыяў, – адзначае дзяўчына. – Мяркую, ён пабачыў тое, праз што цяпер так моцна перажывае за блізкіх.

Паводле спадарыні Валянціны, калі спачатку Віктар апавядаў, што рабілі сілавікі, як яго збівалі, то потым замкнуўся ў сабе, пра міліцыю нават чуць нічога не хацеў. Жанчына сурʼёзна перажывала за псіхічны стан сына.

Тым не менш, наступны месяц сям’я жыла ў адносным спакоі. І калі ўжо здавалася, што самае дрэннае засталося ў мінулым, 21 верасня Віктара зноў затрымалі.

Рэпартаж
Тона газы для «кактэйляў Молатава»: жыхароў Наваградку судзяць за рыхтаванне масавых закалотаў
2020.12.16 08:13

Загад «падвесці пад «крыміналку» ўсіх затрыманых у першыя паслявыбарчыя дні?

У той дзень маладзён паведаміў сястры праз тэлефон, што па дарозе ў інстытут яго затрымалі двое ў цывільным і павезлі ў Следчы камітэт, нібыта ў справе зваротаў Віктара яшчэ ў жніўні наконт збіцця (але пабояў тады хлопец не здымаў).

У той жа дзень прыехалі і да спадарыні Валянціны на працу: яна настаўніца матэматыкі ў гімназіі № 25. Міліцыянты праз тэлефон сказалі, каб яна паехала з імі. Жанчына адмовілася і запрапанавала ім звярнуцца да дырэктаркі. Калі міліцыянты прыехалі, настаўніца сустрэла іх у фае школы, запатрабавала пасведчанні і дакумент, паводле якога яна павінна з імі некуды ехаць. Паперы яны паказалі, але здалёк і так хутка, што спадарыня Валянціна нічога не здолела прачытаць. У фае прыйшла дырэктарка, міліцыянты далі ёй у рукі дакумент. І толькі тады маці Віктара прачытала, што гэта пастанова на ператрус у ейным доме паводле арт. 293 КК РБ – «Масавыя закалоты», у чым нібыта і вінавацілі Віктара. Падчас ператрусу забралі толькі ноўтбук студэнта.

Валянціна Акцістава. Фота прадстаўлена рэдакцыі

У той жа вечар ад дзяржаўнай адвакаткі сына спадарыня Валянціна даведалася, што артыкул змянілі на 342-і КК РБ – «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Для арт. 293 нібыта не знайшлося доказнай базы. Таксама адвакатка сказала, што забіраюць усіх, каго затрымалі 9–12 жніўня, а потым адпусцілі 13–14 жніўня, нібыта быў загад усіх іх «падвесці пад «крыміналку». А паводле следчага, у Беларусі распачалі вялікую справу аб масавых закалотах у першыя паслявыбарчыя дні.

Віктара адправілі на Акрэсціна. Сям’я знайшла для яго іншых адвакатаў, якія 24 верасня паехалі на допыт Віктара ў Следчы камітэт. Там высветлілася, што хлопец напісаў прызнанне ў супраціве міліцыянту. У выніку чарговы раз змяніўся артыкул – на 363-і КК РБ – «Супраціў работніку органаў унутраных справаў».

«Дэпрэсія пасля Следчага камітэту: умеюць яны пазбавіць надзеі»

Цяпер Віктар у СІЗА-1 на Валадарскага. Сустракацца з роднымі яму не дазваляюць, сувязь толькі праз лісты. Паводле спадарыні Валянціны, зноў змяніўся артыкул: цяпер Віктару выставілі абвінавачанне паводле арт. 364 КК РБ – «Гвалт у дачыненні працаўніка ўнутраных справаў». Пагражае да шасці гадоў турмы. Пра змену артыкулу жанчына даведалася з сайту МУС.

Маці маладзёна не згодная з абвінавачаннем: Віктар ніколі б наўмысна не стаў біць міліцыянта, дый на відэазапісе тых падзеяў на Нямізе не відаць, каб ён на некага нападаў. Спадарыня Валянціна кажа, што сын абараняўся, у выніку чаго інстынктыўна адштурхнуўся ад амапаўца, які схапіў яго за руку. У пратаколе ж пазначана, што Віктар тройчы ўдарыў міліцыянта – у твар і пах.

Віктар. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Уся гэтая гісторыя стала поўнаю нечаканасцю для спадарыні Валянціны, бо Віктар ніколі не лез у бойкі, абыходзіў агрэсіўных людзей, заўсёды быў «спакойны, ураўнаважаны».

– Віця – звычайны прыстойны хлопец. Не пʼе, не паліць, у яго ніколі не было канфліктаў з міліцыяй. Ён убачыў натоўп, што нешта там адбываецца, магчыма, некага бʼюць, падышоў паглядзець, а ў выніку апынуўся ў гэтай мясарубцы, – кажа жанчына.

Віктар піша ў лісце, што не шкадуе аб прызнанні, у СІЗА трымаецца нармальна, цяжэй бывае пасля нейкіх следчых дзеянняў.

– «Дэпрэсія агортвае, толькі калі прыводзяць у Следчы камітэт: умеюць яны пазбавіць надзеі, – зачытала маці словы сына. – Спачатку бачыш іхныя спакойныя, нават абыякавыя твары, і думаеш, што ўсё будзе добра, але яны раптам выдаюць нешта яшчэ супраць цябе. У СІЗА ж настрой выроўніваецца».

Віктар баіцца, што на яго могуць «павесіць» яшчэ нейкую справу, бо і так ужо некалькі разоў змяняўся артыкул.

Першыя прэзідэнцкія выбары ды каляндарык у падарунак

Віктар з адзнакаю скончыў мастацкую школу, хацеў далей паступаць на мастака, але бацька пераканаў яго, што гэтым не заробіш на жыццё. А яшчэ раней, у 5–7 класах хлопец марыў ствараць кампʼютарныя гульні: прыдумляў і маляваў герояў ды сусветы для іх.

Нейкай выразнай грамадзянскай пазіцыі ці палітычнай актыўнасці ў сына маці не заўважала. Маладзён не хадзіў на акцыі, мітынгі, пасля заняткаў быў пераважна ўдома, гуляў на кампʼютары, рыхтаваўся да параў і дапамагаў у навучанні аднагрупнікам.

Віктар. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Хоць вонкава Віктар не выказваў цікаўнасці да палітыкі, ён хацеў паступаць на дыпламата і потым працаваць у ААН. А калі не прайшоў паводле конкурсу, пайшоў на спецыяльны пераклад, бо пасля гэтага факультэту таксама можна было спрабаваць стаць дыпламатам.

– Яшчэ ў яго з дзяцінства абвостранае пачуццё справядлівасці, – кажа спадарыня Валянціна. – Мы яго так выхоўвалі, што трэба абараняць слабейшых, тых, каго крыўдзяць. Магчыма, таму ён і падышоў тады, пабачыўшы нейкі канфлікт. Не зважаючы на свой вонкавы спакой, Віця заўсёды ўмеў адстойваць свае перакананні.

Сёлетнія прэзідэнцкія выбары былі першыя для Віктара.

– Яму на ўчастку яшчэ каляндарык падаравалі, – кажа спадарыня Валянціна. – Мы прынцыпова паехалі галасаваць усёю сям’ёй, хоць я як настаўніца, якая шмат разоў была ў камісіях, ведала, якія будуць лічбы.

Удзельнікі «Агульнаграмадзянскага маршу за Свабоду». 16 жніўня, 2020 г. Mенск, Беларусь.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Валянціна Акцістава ўсё жыццё прапрацавала настаўніцай у Новалукомлі – з 1986 года, калі скончыла Менскі педагагічны інстытут. Стабільнае жыццё стала змяняцца ў 2016-м. Тады зачынілі беларускамоўную школу, у якой жанчына была настаўніцаю матэматыкі. Адначасова павялічылі пенсійны ўзрост. Настаўнікам з зачыненай школы далі працу ў Чашніцкім раёне, але заробак за стаўку быў вельмі маленькі: на рукі жанчына атрымлівала толькі 320 рублёў. Наперадзе было паступленне сына ды неабходнасць аплочваць навучанне і жыццё ў Менску. Таму жанчына пачала шукаць працу ў сталіцы, так і стала настаўніцаю матэматыкі ў гімназіі № 25.

Кідаць уладкаванае жыццё было няпроста, але пра свой родны раён спадарыня Валянціна кажа, што працы там проста няма. Цягам апошніх гадоў школы зачыняюцца страшэннымі тэмпамі, дзяцей усё менш.

«Углядаюся ў твары мінакоў: кожны з іх можа быць тым, хто пад маскаю нас збівае»

Пра хаду справы спадарыня Валянціна ведае мала, бо ў адвакатаў – падпіска пра неразгалашэнне.

Пасля ўсіх гэтых падзеяў у жанчыны кардынальна змяніўся погляд на краіну. Асабліва закранула, што збіваюць мірных, невінаватых людзей.

– Я заўсёды бачыла, што міліцыя ў нас – поўны нуль, пераканалася ў гэтым у побытавых сітуацыях. А цяпер улада цалкам паказала свой твар. Я разумею, што гэтая сістэма заўсёды была такой, толькі мы гэтага не бачылі, – дзеліцца спадарыня Валянціна. Некалі ёй давялося выклікаць міліцыю на суседзяў-дэбашыраў: выніку не было ніякага, яе толькі зацягалі для апытанняў у пастарункі.

Паўплывалі падзеі апошніх месяцаў ды затрыманне Віктара і на ягоную сястру Настассю.

– Цяпер, калі я хаджу па вуліцах, я ўважліва разглядаю людзей, асабліва ўглядаюся ў твары мужчынаў і думаю, што кожны з іх можа быць тым, хто збівае сваіх суайчыннікаў, – кажа дзяўчына. – Я стала з насцярожанасцю і недаверам ставіцца да незнаёмых, бо ў мяне ў галаве не ўкладваецца, што нашыя ж беларусы робяць, калі хаваюцца за маскамі. Я доўгі час не магла паверыць, што гэта могуць рабіць беларусы, мне здавалася, што гэта наёмныя замежнікі.

Спадарыня Валянціна ўдзячная выкладчыкам ІПД і аднагрупнікам Віктара, якія пішуць яму лісты, а таксама настаўнікам гімназіі № 25 ды неабыякавым жыхарам раёну Сцяпянка, якія падтрымліваюць усю сям’ю.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў