«Душылі, пагражалі згвалціць, называлі шлюндрамі НЕХТЫ»: як сілавікі запалохвалі няпоўнагадовых студэнтак

17-гадовыя Наста і Алена вучацца на першым курсе факультэту міжнародных эканамічных стасункаў БДЭУ. 10 лістапада дзяўчаты выйшлі ў ланцуг салідарнасці з затрыманымі ды адлічанымі навучэнцамі. У той дзень сілавікі затрымалі шэсць студэнтак. Чатырох пакаралі 15-дзённым арыштам. Наста і Алена распавялі belsat.eu пра прыніжэнні ды абразы з боку незнаёмцаў у масках, а таксама фізічныя і псіхічныя катаванні.

10 лістапада на акцыю салідарнасці выйшла невялікая група студэнтак БДЭУ. Дзяўчаты трымалі бел-чырвона-белыя сцягі і некалькі плакатаў, у тым ліку, з надпісам «Ребята, мы вместе». Ніякіх лозунгаў ніхто не выкрыкваў, аўты, якія праязджалі побач, сігналілі на знак падтрымання. Маўклівы пратэст праходзіў на перапынку паміж заняткамі на аўтобусным прыпынку насупраць галоўнага корпусу ўніверсітэту. Нягледзячы на тое, што студэнты ладзілі акцыю па-за тэрыторыяй БДЭУ, ахова на загад адміністрацыі выклікала міліцыю.

Акцыя доўжылася не больш за пяць хвілінаў. На прыпынак, дзе сабраліся студэнткі, прыехаў бус з сілавікамі. Дзяўчаты ўспамінаюць, што мужчыны былі ў цывільнай вопратцы, балаклавах і кепках з чырвона-зялёным сцягам (у такой «экіпіроўцы» зазвычай працуюць на акцыях супрацоўнікі ГУБОПіК. – Заўв. belsat.eu).

Студэнты выйшлі на акцыю салідарнасці з затрыманымі. Фота тэлеграм-канал БДЭУ 97%

Душылі сцягам

Людзі ў чорным без апазнавальных знакаў накінуліся на дзяўчат і павалаклі ў бус. Насту і Алену павалілі на зямлю, абедзве моцна ўдарыліся галавой. Наста дэталяў затрымання не памятае, бо на кароткі тэрмін страціла прытомнасць. Адкрыўшы вочы, дзяўчына пабачыла, як сілавік топчацца нагамі па ейных валасах. Яе схапілі і зацягнулі ў аўтобус разам з трыма каляжанкамі, кінулі на падлогу і загадалі стаць на калені тварам у падлогу. Пазней перасадзілі на задняе седала. Насту не збівалі, затое ёй давялося назіраць, як здзекуюцца з ейных знаёмак.

«Яны крычалі, што нас трэба вы*баць, што мы не бачылі вялікага х*я, бо тады б не выходзілі. У адной дзяўчыны знайшлі сцяг, моцна зацягнулі яго вакол шыі і пачалі душыць. Іншая – атрымала поўху за тое, што спрабавала бараніць дзяўчыну, якую білі па галаве. Агулам білі па галаве за кожную заўвагу».

Сілавікі не спыніліся на чацвярых затрыманых і паехалі хапаць збеглых. Дзвюх дзяўчын затрымалі на выхадах з падземных пераходаў, дзе тыя хаваліся. Студэнтак закінулі ў бус, адна ледзь дыхала, другая была ўся чырвоная. Ва ўсіх запатрабавалі аддаць тэлефоны і дакументы.

«Мой тэлефон выпаў пры затрыманні. Аказалася, яго падабралі сілавікі ў траве. Я адмовілася назваць пароль, на што мне сказалі, што мяне памецяць фарбай і адправяць у Жодзіна», – распавядае Наста.

Сілавікі пачалі рэйд па ўніверсітэцкіх актывістах. Затрымліваюць студэнтаў і выкладчыкаў

«Змагары *баныя, як вы нас затр***лі»

Больш за ўсё дасталася Алене, якая сядзела за кіроўцам. Дзяўчыну не толькі збівалі, цягалі за валасы і парвалі куртку, але і моцна душылі. Паводле студэнткі, пасля адной з заўваг не чапаць каляжанак, кіроўца схапіў яе ззаду і локцем прыціснуў шыю да сядзення. Яму дапамагалі як мінімум двое мужчын, што сядзелі побач.

«Я прапанавала адной дзяўчыне перасесці з падлогі на сядзенне, за што мяне пачалі біць па галаве. Я сказала, што мне дрэнна, тады мяне пачалі душыць, уціскаючы ў седала. Адзін пінаў па нагах.

Увесь час гаварылі, што паедзем у Польшчу спарвацца з Пуцілам, заснавальнікам тэлеграм-каналу «НЕХТА», абзывалі ягонымі шлюндрамі і размалёванымі шкурамі. Змагары *баныя, як вы нас затр***лі, крычалі яны. Сцяг называлі пракладкай», – расказвае Алена.

На акцыю салідарнасці 30 кастрычніка выйшлі студэнты Акадэміі мастацтваў. Фота ТК / Belsat

Дзяўчына пачала траціць прытомнасць. Дапамог адзін з байцоў, які ўсё ж папрасіў здушальнікаў спыніць катаванні.

«Я не магла вырвацца і дыхаць, яны закрычалі, што я «вы*бваюся». Перасталі толькі таму, што ззаду адзін з іх крыкнуў мяне адпусціць, бо зараз заб’юць. Дзяўчаты заступаліся за мяне, ім заломвалі рукі, штурхалі. Хтосьці сказаў, звяртаючыся да мяне: «Я зараз раскладу цябе і вы*бу». Сцягнуў куртку. Пасля гэтага мне стала вельмі страшна, я проста глядзела ў падлогу».

Спіс абразаў, якія ўжывалі да дзяўчат, вельмі доўгі і ненарматыўны. Алена адзначае, што ў сілавікоў, якія затрымлівалі, былі праблемы з дыкцыяй і мовай, да таго ж пашыраныя зрэнкі. Яна не выключае, што байцы былі пад дзеяннем прэпаратаў.

«Білі да непрытомнасці – па твары і геніталіях, пагражалі выкінуць за Курапатамі». Мянчук – пра здзекі сілавікоў

«Вас адпусцяць, а рэшта будзе сядзець і цярпець»

Дзяўчат вінавацілі ў падбухторванні да пратэстаў іншых … таму што яны няпоўнагадовыя.

«Яны змушалі сказаць каляжанак, што мы заклікалі іх выходзіць на акцыю. Маўляў, прызнавайцеся, гэтыя малалетнія сукі вас падгаварылі», – распавядае Алена.

Нашыя суразмоўцы гэта зняпраўджваюць. Наста дадае, што іх называлі арганізатаркамі і каардынатарамі несанкцыянаванага мерапрыемства:

«Яны гаварылі, што мы ведаем, быццам нам нічога не будзе, таму падбухторваем іншых. Што нас адпусцяць, а рэшта будзе сядзець і цярпець. Пагражалі, што нам закрыюць выезд за мяжу, акрамя Польшчы, каб мы звалілі да Сцёпы Пуцілы. І што нас вы*буць у анал. Было страшна, што могуць гэта зрабіць».

На акцыю салідарнасці 30 кастрычніка выйшлі студэнты Акадэміі мастацтваў. Фота ТК / Belsat

Пасля доўгага ваяжу ў бусе студэнтак прывезлі ў УУС Заводскага раёну і адвялі ў актавую залу. На размову да затрыманых прыйшоў намеснік начальніка ў справе грамадскай бяспекі Сяргей Варэйка, які пацвердзіў, што сілавікоў выклікала адміністрацыя БДЭУ.

«Ён паказваў фота, зробленае з месца, адкуль звычайна за намі назірае адміністрацыя. Спытаў, ці ўжо звязваліся з намі з універсітэту. Сказаў, што адміністрацыя хоча для нас лепшага, а мы па-скоцку сябе паводзім. Я сказала пра збіццё, на што ён засмяяўся і сказаў, што няма доказаў на твары. Нас пыталі, чаму мы выходзім.

Мы сказалі пра гвалт і фальсіфікацыі. Нам адказалі, што мы смаркачы. Старэйшым дзяўчатам пагражалі адлічэннем, пазбаўленнем інтэрнату. Казалі, што яны вернуцца ў свае «дупы свету», што мы нікому не патрэбныя і знішчылі сабе жыццё», – расказвае Алена.

Фота студэнтаў, якое зрабілі сілавікі падчас аблавы

«Ён таксама сказаў, што калі б ягоны сын выйшаў на акцыю, ён бы яго таксама збіў, бо гэта здрада, мы нічога не вартыя, мы ніхто і не маем правоў. Мы спыталі, чаму нас білі, калі мы не аказвалі супраціву. Ён адказаў, што міліцыя мае права ўжываць фізічную сілу, а мы самыя вінаватыя», – дадае Наста.

15 содняў за пяць хвілінаў на аўтобусным прыпынку

Насце і Алене «пашанцавала» – дзяўчат не забралі на Акрэсціна толькі таму, што ім няма васямнаццаці. Рэшту адвялі на дагляд і забралі ў ізалятар. З аддзялення няпоўнагадовых студэнтак забралі бацькі і адвезлі ў шпіталь на агляд.

Абедзвюм паставілі дыягназ: закрытая чэрапна-мазгавая траўма і страсенне мазгоў і выдалі ліст непрацаздольнасці.

«Дактары нармальныя, яны разумеюць, што адбываецца, і як могуць дапамагаюць. Доктар, які аглядаў мяне, распавядаў, што да іх увесь час прывозяць пабітых. Колькасна можа траўм менш, але яны больш цяжкія», – кажа Алена. Дзяўчына адзначае, што яшчэ «лёгка» выкруцілася.

Студэнты МДЛУ масава выйшлі на акцыю салідарнасці 30 кастрычніка. Фота ТК/Belsat.eu

Алену і Насту затрымлівалі другі раз. Дзяўчатам ужо званілі з дэканату і пагражалі адлічэннем. Алена кажа, што адміністрацыя ўніверсітэту не ўпершыню падстаўляе студэнтаў: рэктарат сведчыў супраць навучэнцаў і хадайнічаў, каб іх прыцягнулі да адказнасці за ўдзел у пратэсце. Гэтак, аднаго хлопца выклікалі на размову ў пастарунак за сядзячую акцыю. Яго пасадзілі на 15 содняў і адлічылі.

«Фармальных прычынаў для майго адлічэння няма, але яны могуць знайсці што заўгодна. У БДЭУ ўжо адлічылі 15 чалавек. Адныя не хочуць узнаўляцца, бацькі іншых збіраюцца ісці ў рэктарат і абскарджваць рашэнні. Студэнтаў адлічалі за прагулы ў дні, калі яны былі на бальнічным, то бок іх не было на акцыях пратэсту», – кажа Наста.

У Гомлі настаўніцы далі 15 содняў: яна прапанавала прыбраць могілкі. У ІЧУ трапіла і ейная племянніца з мужам

Наста звярнулася ў праваабарончы цэнтр «Вясна» і 13 лістапада падала з бацькамі скаргу ў Следчы камітэт. Праз тыдзень дзяўчатам споўніцца 18 гадоў. У міліцыі студэнткам вынеслі папярэджанне, што пасля трэцяга затрымання супраць іх могуць распачаць крымінальную справу за арганізацыю масавых беспарадкаў.

12 і 13 лістапада прайшлі суды над дзяўчатамі, якіх 10 лістапада затрымалі разам з Настай і Аленай. За маўклівую акцыю 15 содняў атрымалі чатыры студэнткі БДЭУ: Арына Бруснігіна, Марыя Курэнь, Анастасія Глушэнь, Кацярына Лявонава. Іх адправілі адбываць арышт у Баранавічы.

*Размова з Настай і Аленай была запісаная 11 лістапада.

ДР belsat.eu

Hавiны