«Калі ўпаў – гасяць, пакуль не ўстанеш». Што робяць з людзьмі на Акрэсціна


Журналісты «Белсату» паразмаўлялі з людзьмі, якіх «скорая» забірае з ізалятара на Акрэсціна.

«Нас было 70 чалавек. 6 на 6 метраў. У камеры ложкаў няма, гэта быў як прагулачны дворык. Ні разу не кармілі за тры дні, дапрасіліся толькі вады. У камеры стаялі, некаторыя маглі сядзець. Вельмі халадно, прыціскаліся адзін да аднога каб не замерзнуць», – гаворыць Віктар.

Пацярпелы ад зверстваў АМАПу. Фота belsat.eu

Яго на «скорай» толькі што прывезлі ў адну з менскіх больніцаў. Увечары карэты хуткай дапамогі заязджаюць у ізалятар кожныя 15 хвілінаў. Аказваюць дапамогу на месцы, каму «пашанцуе» – таго з увагі на вельмі кепскі стан, часам дазваляюць забраць у шпіталь.

Гэта ледзь не адзіная магчымасць даведацца, якія парадкі цяпер у ізалятары на Акрэсціна.

«Б’юць, прыгаворваючы: ну што, дзе вашая Ціханоўская?»

«Хлясталі, як зверы. Адразу ў аўтазаку. А потым каму больш, каму менш даставалася на Акрэсціна. Там ёсць хлопцы, якія робяць гэта без задавальнення і бʼюць не так моцна, але ёсць такія, якія проста сякуць. На Акрэсціна прапускаюць праз калідор АМАПу, якія равуць «жывей» дзікім голасам і бʼюць дручкамі. Людзі падаюць. Калі чалавек упаў – яны яго «гасяць», пакуль не ўстане», – гаворыць Віктар.

Пацярпелы ад зверстваў АМАПу. Фота belsat.eu

Ён паказвае нам свае гематомы. Сляды ад дручкоў на шыі, жываце, спіне, руках, нагах. Рука раздулася ад гіганцкай гематомы. Але наш суразмоўца… усміхаецца. Бо для яго, падобна, скончыліся тры дні пекла. Ён застанецца ў шпіталі, а потым вернецца дадому, бо суда над ім не было, пратаколаў ён не бачыў.

«Ёсць тыя, каго бʼюць найбольш моцна, працягвае Віктар. – Напрыклад, калі татуіроўкі – гэта для іх званочак. Не дазваляюць падымаць вочы, падымаць галаву. Калі ты паспрабуеш штосьці разглядзець – гэта прычына, каб цябе пачаць моцна збіваць. Размаўляць з імі няма сэнсу. Яны лічаць нас злачынцамі. АМАПаўцы проста азвярэлыя, яны равуць і махаюць дручкамі без перапынку, прыгаворваючы, калі збіваюць: дзе вашая Ціханоўская, ну што, Жыве Беларусь?»

Гісторыя затрымання адначасова абсурдная і звычайная. Віктар ехаў дадому на ровары, калі яго спынілі міліцыянты. Спраўдзілі заплечнік. Знайшлі пашпарт у вокладцы з Пагоняю. У тэлефоне – падпіскі ў тэлеграме на НЕХТА. Гэтага хапіла.

Пацярпелы ад зверстваў АМАПу. Фота belsat.eu

«Аўтазакам нас прывезлі ў РУУС Партызанкага раёну і ноч нас трымалі ў падвале. Стаялі на каленях на бетоннай падлозе, ляжалі жыватамі на бетоннай падлозе. Ніхто не ведаў, што будзе далей – можа над намі паздзекуюцца і адпусцяць ранкам. Але на раніцу прыязджае машына і нас вязуць на Акрэсціна. А я проста хацеў даехаць дадому».

Яшчэ адзін пацыент, якога прывезлі з Акрэсціна, не ў стане сам хадзіць, яму цяжка гаварыць. Ён не хоча, каб ягонае імя было названае але сведчыць ды распавядае пра такія ж жудасныя ўмовы ўтрымання. Паводле яго, у камерах ёсць людзі з пераломамі, прынамсі ў адной асобы, паводле прыкметаў, можа быць зламаны хрыбетнік. Яму не аказваюць дапамогі.

Жанчын змушаюць рассоўваць ногі, дыхаць – праз «кармушку»

Некаторых людзей выпускаюць з Акрэсціна без усялякіх дакументаў, адбіраюць асабістыя рэчы. Адна з валанцёрак, што дзяжурыць ля ізалятара, дзеліцца аповедамі тых, хто выйшаў. Жанчын там таксама трымаюць у жудасных умовах.

Пацярпелы ад зверстваў АМАПу. Фота belsat.eu

«Распавядаюць пра перапоўненыя камеры і здзекі. Людзям бракуе паветра, жанчыны, што сядзяць або стаяць у камеры ля дзвярэй, махаюць вопраткай, каб паветра праз «кармушку» трапляла ў камеру. Міліцыянты пагражаюць закрыць гэтае акенца, калі будзеш «кепска сябе паводзіць», – гаворыць нашая суразмоўца.

Калі мужчынаў найчасцей збіваюць, то над жанчынамі здзекі больш «вытанчаныя».

«У аўтазаку здзекаваліся, змушалі рассоўваць ногі. Абражаюць, увесь час пагрозы. Не даюць ежы, пра ваду трэба ўмаляць», – кажа валанцёрка, якая большую частку содняў праводзіць ля ізалятара.

Медык: нашыя ўсе апалчыліся супраць АМАПу

Размова з Віктарам сталася магчымаю дзякуючы дапамозе Людмілы. Яна кажа, што ўсе медыкі абураныя гвалтам над людзьмі. І што кіраўніцтва рыхтавала дактароў да «цяжкага перыяду» пасля выбараў. Але такога наплыву пацыентаў з траўмамі не чакаў ніхто.

Пацярпелы ад зверстваў АМАПу. Фота belsat.eu

«Прывозілі вельмі шмат, адразу было 6 аперацыяў – на хаду распраналі і ў аперацыйную. Гэта былі раны ад гумавых куляў, раздробленыя пяткі, ногі ў крыві цалкам», – сведчыць Людміла.

На наступны дзень пасля выбараў у больніцу прыехалі следчыя СК і вынялі ўсе асабістыя рэчы тых, каго шпіталізавалі з такімі ранамі. Імаверна што паводле гэтых рэчаў будуць ідэнтыфікаваць «правапарушальнікаў».

Пацярпелы ад зверстваў АМАПу. Фота belsat.eu

Падчас пратэстаў медыкі таксама становяцца ахвярамі сілавікоў.

«Тры брыгады «скорай» пацярпелі – гэта тыя, пра каго я ведаю. Нашых дактароў збілі, не пускалі забіраць параненых. Адзін з пацыентаў распавядаў гэтак: вашая «скорая» абараніла, засланіла нас ад АМАПу, – кажа Людміла. – Нашыя ўсе апалчыліся супраць АМАПу, ніхто не хацеў бы іх лячыць пасля такога. Увесь медперсанал у шоку ад такіх здзекаў над народам».

Новы «цяжкі дзень» прызначаны на пятніцу

Медыкі распавядаюць пра тыповыя для апошніх дзён дыягназы і сімптомы. Людзей вязуць з вялікімі гематомамі, аскепачнымі раненнямі і ранамі ад гумовых куляў. У частцы выпадкаў неабходная ампутацыя, у частцы функцыянальнасць рук або ног можа вярнуцца толькі пасля працяглага курсу лячэння і рэабілітацыі.

Пацярпелы ад зверстваў АМАПу

«Гэтыя дні былі бесперапыннай плынню пацыентаў. Цяпер прывозяць з Акрэсціна, але я баюся, што гэта яшчэ не канец. Нас «рыхтавалі» да выбараў, што будзе цяжкі дзень. Цяпер гавораць, што чарговыя цяжкія дзяжурствы будуць з пятніцы на суботу», – дадае Людміла.

Зміцер Ягораў/Наталля Ягорава belsat.eu

Імя змененае, рэдакцыя мае дыктафонныя запісы інтэрвʼю

Стужка навінаў