Заснавальніцы Press Club Belarus Юліі Слуцкай прад’яўлена абвінавачванне – па частцы 2 артыкула 243 – ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры.
Дырэктару Сяргею Альшэўскаму прадʼяўлена абвінавачванне па частцы 6 артыкула 16 (саўдзел у злачынстве) у здзяйсненні злачынства па частцы 2 артыкула 243, паведамляе БелаПАН са спасылкаю на адваката Антона Гашынскага.
«Адвакаты заяўлялі хадайніцтва пра кампенсацыю стратаў роднымі. Але пакуль глуха», – напісала дачка Юліі Слуцкай Аляксандра ў Facebook.
Юлія Слуцкая застанецца пад вартай да 22 лютага.
Аляксандра расказала, што сёння да затрыманых па «справе Прэс-клуба» выклікалі адвакатаў. Але яны не могуць разгалошваць якую-небудзь інфармацыю пра справу. Дакладна вядома ад адваката толькі пра сітуацыю з Юліяй Слуцкай.
Праграмны дырэктар «Прэс-клуба» Ала Шарко застаецца пад вартаю. Пра гэта паведаміў яе муж Мікола Шакель.
«Адвакаты пад падпіскаю (аб неразгалошванні). Таму больш нічога паведаміць не магу», – патлумачыў Шакель.
Нагадаем, 22 снежня ў офісе і ў супрацоўнікаў Прэс-клуба быў праведзены ператрус, а ў Нацыянальным аэрапорце затрыманая заснавальніца Press Club Belarus Юлія Слуцкая. У яе дома таксама адбыўся вобшук.
Спіс затрыманых:
Заснавальніца «Прэс-клуба» Юлія Слуцкая
Праграмны дырэктар «Прэс-клуба» Ала Шарко
Дырэктар «Прэс-клуба» Сяргей Альшэўскі
Дырэктар «Акадэміі Прэс-клуба» Сяргей Якупаў
Супрацоўнік «Прэс-клуба» і сын Юліі Пётр Слуцкі
Былая журналістка «Белтэлерадыёкампаніі» Ксенія Луцкіна
ІК, belsat.eu