НАУ патлумачыла, чаму беларуская міліцыя павінна стаць паліцыяй. Раней НАУ апублікавала план рэформы МУС


Нацыянальнае антыкрызіснае ўпраўленне, якое ўзначальвае Павел Латушка, у сваім тэлеграм-канале заявіла, што беларуская міліцыя мусіць змяніць назву на «паліцыя». Раней НАУ апублікавала план рэформаў МУС. Сярод прапановаў – ліквідацыя АМАПу, ГУБАЗіКу, Алмазу ды іншых структураў МУС.

«Паліцыя» – ад грэцкага «поліс», што азначае «горад» ці селішча. Заданне паліцыі – прафесійна бараніць горад і яго насельніцтва. «Міліцыя» – ад лацінскага «міліцыя», азначае «непрафесійны ваенізаваны атрад ратнікаў».

Цітушкі, ціхары, людзі, якім раздалі «аэрозольчыкі» – гэта якраз атрад ратнікаў. Заданне міліцыі – узброены супраціў, выкананне загаду без прафесійнага разумення сваіх дзеянняў», – так тлумачыць НАУ розніцу ў паняццях «паліцыя» і «міліцыя».

Hавiны
Удзельнікі жорсткага відэа з Фрунзенскага РУУC пазналі сябе. BYPOL чакае сведчанняў саміх міліцыянтаў
2020.12.19 11:02

Ідэя народнай міліцыі была цалкам дэмакратычнай: новы орган мусіў узначаліць абіраны грамадствам начальнік міліцыі. Падначальваўся ён толькі мясцоваму самакіраванню. Галоўнай функцыяй міліцыі было забеспячэнне правапарадку ў пераходны перыяд. Фармавалася міліцыя з добраахвотнікаў і прадстаўнікоў грамадскасці, нагадвае НАУ.

Але ўсе дэмакратычныя распачынанні былі забытыя ўжо да канца 1917 году. Заміж гэтага пачалося будаванне цвёрдай таталітарнай вертыкалі, дзе ўлада і права аддаваць загады людзям са зброяй стала належаць партыі.

Міліцыя ператварылася ў інструмент абароны інтарэсаў дзяржаўнага ладу, палітычнага вышуку і орган дыктатуры пралетарыяту, а ў 30-я гады міліцыя стала галоўнай карнай прыладай рэжыму, нагадвае НАУ.

Гісторыі
«Артыкул мянялі тройчы». Як «шыюць» справы аб масавых закалотах і гвалце над міліцыянтамі
2020.12.17 12:37

У часы незалежнай Беларусі міліцыя апынулася не гатовай да незалежнасці краіны. Перакос у бок палітычнага вышуку даў пра сабе знаць. Міліцыя працягнула рабіць тое, што ў яе атрымлівалася найлепей: выкараняць іншадумства і нязгоду з дзейным рэжымам.

«Пераназванне ў паліцыю – гэта не проста змена назвы. Гэта першы крок да новых каштоўнасцяў і поспеху рэформы», – абгрунтоўвае НАУ сваю даволі спрэчную для беларускага грамадства прапанову.

Што яшчэ ў плане рэформаў унутраных спраў

НАУ канстатуе, што, як паказалі апошнія месяцы, супрацоўнікі аддзелаў унутраных справаў (АУС) кіруюцца ў сваёй дзейнасці загадам, а не законам.

Адбываецца эскалацыя гвалту, рэпрэсіяў і ціск з боку АУС на грамадзянаў. Злачынствы ў дачыненні да грамадзянаў не расследуюцца, матэрыялы праверак і сляды злачынстваў знішчаюцца, аднаўленне справядлівасці не надыходзіць. Парушаюцца нормы як міжнароднага, так і ўнутранага заканадаўства.

Разам з тым, НАУ канстатуе, што запыт на рэформы маецца і сярод супрацоўнікаў АУС: сумленныя супрацоўнікі стаміліся ад кумаўства, непісьменнасці і беззаконня ўнутры сістэмы, асуджаюць факт перадачы права на гвалт «неабыякавым грамадзянам» і г. д.

Супрацоўнікі пазбаўленыя нават права казаць пра ўсё гэта публічна. У краіне няма незалежнага органа, куды яны маглі б звярнуцца па дапамогу і абаронай сваіх парушаных працоўных і грамадзянскіх правоў – яны ў той жа сітуацыі, што і ўсе астатнія беларусы, падкрэслівае НАУ.

Прыярытэтныя напрамкі рэалізацыі рэформы органаў унутраных спраў

• Збор і абагульненне міжнароднага вопыту рэформаў сістэмы МУС.

Стварэнне новай арганізацыйнай структуры сістэмы АУС. Трэба вырашыць, якія з існуючых падраздзяленняў падлягаюць рэфармаванню і сур’ёзнай чыстцы, якія – зліццю і якія новыя неабходна стварыць.

Трэба таксама вызначыць, якія будуць адносіны падпарадкаванасці, якія не дазволілі б засяродзіць усе сілавыя рэсурсы ў адных руках. Напрыклад, абласныя і раённыя структуры будуць мець самастойнасць, каб паменшыць верагоднасць карупцыі і беззаконня. Там будзе свая сістэма проціваг. Напрыклад, будзе незалежнасць начальніка паліцыі Гомельскай вобласці ад рэспубліканскіх органаў, магчымасць самому прымаць рашэнні на падведамнай яму тэрыторыі без узгаднення з кім бы там ні было.

• Стварэнне прафсаюзаў супрацоўнікаў сілавога блока.

• Стварэнне незалежнай ад МУС юрыдычнай і псіхалагічнай службаў для супрацоўнікаў.

• Стварэнне сумленнай і празрыстай сістэмы адбору супрацоўнікаў і прасоўвання па службе.

• Фінансавае забеспячэнне рэформы. Кошт, выдаткі і крыніцы фінансавання будуць цалкам празрыстыя і падсправаздачныя народу і ўраду. Сярод іншага прадугледжанае вяртанне сродкаў карумпаванымі чыноўнікамі.

• Законапраекты. Неабходна распрацаваць праекты змяненняў у дзейнае заканадаўства для забеспячэння выканання рэформы МУС.

НАУ прыгадвае, што яны адкрытыя для прапаноў і супрацы з дзейнымі сілавікамі. І вельмі хочуць пачуць іхныя меркаванні.

AB, belsat.eu

Стужка навінаў