«Не захацела каяцца». З БДЭУ адлічылі студэнтку за пропускі, якіх не было


Пра сваё адлічэнне 18-гадовая Алена Яшкіна, студэнтка 1-га курсу факультэту міжнародных эканамічных дачыненняў, даведалася ад паштальёна, атрымаўшы заказны ліст. 18 снежня дзяўчыне стала вядома, што з 11 снежня яна больш не студэнтка. У той час Алена была на бальнічным. Рэктарат не папярэдзіў і не азнаёміў яе з загадам аб адлічэнні. Прычынаю сталі пропускі заняткаў, якіх, паводле самой студэнткі, не было. У дні «прагулаў» яна прысутнічала ва ўніверсітэце, што могуць пацвердзіць сведкі. Дзяўчына лічыць пераслед палітычна матываваным.

Размовы пра магчымае адлічэнне Алены Яшкінай пачаліся пасля другога затрымання, якое адбылося 10 лістапада. Мы пісалі, як сілавікі брутальна затрымалі няпоўнагадовых студэнтак і пагражалі ім згвалтаваннем. Самі студэнты БДЭУ сцвярджаюць, што АМАП на навучэнцаў выклікала адміністрацыя ўстановы. Пераслед з боку ўніверсітэцкіх чыноўнікаў пацвярджаюць і дакументы, падпісаныя прарэктарам у выхаваўчай працы Сяргеем Скрыбам, якія трапілі ў агульны доступ.

У Алены было дзве вымовы за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах 17 кастрычніка і 10 лістапада. Студэнтку абвінавацілі ў парушэнні ўнутранага вучэбнага распарадку, хоць акцыі і адбываліся па-за тэрыторыяй універсітэту. 21 лістапада дзяўчыне спаўнялася 18 гадоў. У той дзень яна закрыла бальнічны і пайшла ва ўніверсітэт.

«Мяне папярэджвалі, што будуць правяраць наведвальнасць, таму я хадзіла на ўсе заняткі».

А ўжо 24 лістапада Алену запрасілі на размову да прарэктара па бяспецы Алега Лаўрэнкі.

«Намеснік дэкана папярэдзіў мяне, што я мушу прызнаць памылку, пакаяцца, даць гарантыі, што больш не буду ні ў чым удзельнічаць, але я адмовіліся. Я сказала, што магу толькі гарантаваць не ўдзельнічаць ва ўніверсітэце, а свабодны час іх не датычыць. Аказалася, ім мала. Я была ў нейкіх спісах пазначаная маркерам – як чалавек найвышэйшай небяспекі».

Hавiны
«Душылі, пагражалі згвалціць, называлі шлюндрамі НЕХТЫ»: як сілавікі запалохвалі няпоўнагадовых студэнтак
2020.11.14 07:35

У загадзе аб адлічэнні ў Алены пазначаныя тры пропускі, з якіх адзін – з прычыны прысутнасці на камісіі у справах няпоўнагадовых, якая адбылася 26 лістапада.

«Гэта першы суд за першае затрыманне, якое было 17 кастрычніка. Там мне далі папярэджанне. Гэта паважная прычына, прычым я пісала заяву, якую падпісваў намеснік дэкана, а яны запісалі як прагул».

Астатнія два дні – 27 лістапада і 3 снежня – студэнтка прысутнічала на занятках, але ў журнале стаяць «энкі» і кропкі. Сама дзяўчына тлумачыць гэта адсутнасцю старасты ў той дзень. Паводле Алены, дэкан факультэту Людміла Маркусенка заявіла, што сітуацыя з пропускамі асаблівай ролі не адыгрывае, і што яе б і так адлічылі за дзве вымовы.

«Я прасіла праверыць маю прысутнасць ва ўніверсітэце па картцы пропуску ад турнікетаў, але яна сказала, што не могуць, бо не маюць доступу, таму абапіраюцца толькі на журнал. На маю заўвагу, што старасты не было, яна сказала: «Так, старасты не было, магчыма, ён сам не ведаў дакладна, былі вы ці адсутнічалі. Але ён павінен быў падысці да выкладчыкаў і разабрацца».

Я патрабавала копіі абедзвюх вымоваў, на што мне сказалі, што копіі не робяць, а толькі выпіскі з загаду. Гэта парушэнне, бо паводле правілаў унутранага распарадку студэнт мае права здымаць копіі ўсіх матэрыялаў, якія пацвярджаюць ягоную правіну».

Аб’ектыў
«Ад сваё пазіцыі мы не адступім»: адлічаныя студэнты судзяцца з універсітэтамі
2020.12.16 22:10

Былая студэнтка не будзе звяртацца ў суд. Алена ўпэўненая, што праз вымовы яе не ўзновяць.

«Мне непрыемная сама сітуацыя, хлусня. Але яны б усё роўна адлічылі, завалілі на сесіі».

Пад пагрозаю адлічэння і Аленіна каляжанка Наста, якую таксама затрымалі 10 лістапада, хоць дзяўчына да таго моманту не мела заўваг і папярэджанняў ні ў навучанні, ні за дысцыпліну.

Ва ўніверсітэце на просьбу belsat.eu пракаментаваць справу адлічанай студэнткі заявілі, што па тэлефоне каментароў не даюць і параілі звярнуцца з афіцыйным запытам.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў