«Ну як гэта так: за мяне гінуць людзі, а я ўдома сяджу». Пагутарылі з найстарэйшай затрыманай на Маршы мудрасці


У панядзелак, 14 снежня, каля сотні людзей сталага веку былі затрыманыя на плошчы Незалежнасці, «Белсат» пагаварыў з Валерыяй Міхайлаўнай – магчыма, самым пажылым чалавекам, які правёў у РУУС каля 6 гадзін.

Мяне завуць Валерыя Міхайлаўна. Я жыву ў Менску. Праз 4 месяцы мне будзе 90 гадоў.

Мы з дачкой дамовіліся пагуляць. Ёй 67 гадоў, Людмілай яе зваць. Яна сказала: «Пойдзем на плошчу Незалежнасці». Мы пайшлі. Глядзім – нікога не відаць. Аказалася, усе мітынгоўцы стаялі за ялінкаю.

Валерыя Міхайлаўна Смірнова.
Фота: ТК / Белсат

Адкуль ні вазьміся, столькі амапаўцаў прыбегла! Я паглядзела – некалькі аўтобусаў стаіць. Нас з усіх бакоў амапаўцы прыціснулі. Ды не ў адзін шэраг яны стаялі, а ў два ці тры. Такога «цуду» я яшчэ не бачыла ніколі. Ажно ногі трэсліся. Думала: «Куды яны зараз нас пагрузяць?»

Страшна было, вядома. Мы трымаліся як маглі. Амапаўцы сплялі рукі паміж сабой. Мы хацелі вырвацца – дык ніяк жа не вырвешся.

Усе прасілі:

– Адпусціце нас дадому.

Але старэйшы падышоў і сказаў:

– Мы толькі праверым вашы дадзеныя.

А я кажу:

– У мяне ўсё з сабою, вось, вазьміце. Глядзіце, я інвалід другой групы. Вось маё пасведчанне.

– Не, нам трэба ўсё запісаць. Так што ідзіце спакойна ў аўтобус.Але ніхто не пайшоў. Яны пачалі з чатырох бакоў сціскаць нас. Увогуле выціснулі нас так, што мы самі заходзілі ў аўтобус. Ён ужо быў поўны, так што мы ехалі стоячы каля гадзіны. Аўтобус ехаў так павольна…

Марш мудрасці, 30 лістапада 2020 г.
Фота: ТК / Белсат

Мы запыталіся ў амапаўцаў:

– Куды мы едзем?

– Не ведаем. Куды давязуць, туды і давязуць.

Усе вокны былі залепленыя цёмнай паперай. Душна. І тыя, хто сядзеў побач, пачалі адрываць гэтую паперу. Амапаўцы сталі крычаць на іх: «Што вы робіце?», – але людзі не слухалі іх.

У Серабранцы мы апынуліся. Я ў гэтым раёне ніколі не была. Завялі нас у нейкія металёвыя бункеры, дзе было шмат дзвярэй. Нас было 80 чалавек, і нас падзялілі на два бункеры па 40 чалавек. Усе стаялі ў холадзе. Там нешта ўдалечыні ацяплялася ледзь-ледзь, але дзверы не зачынялася.

Марш мудрасці. Менск, Беларусь. 30 лістапада 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

І вось мы прыкладна з 15 гадзін стаялі. Прысесці не было куды. У прыбіральню выходзілі пад канвоем. Дзяўчынкі прасілі папаліць – ім не дазвалялі нават выйсці з гэтага бункеру. Вады няма. Цэлы дзень галодныя. Ну, галодныя, і добра. Перажылі.

Калі нас рэгістравалі і ўсё забіралі ў асобныя мяшэчкі, у мяне не спыталі пра тэлефон, а я і не сказала. Так тэлефон застаўся ў мяне. Мяне прамацалі трошкі. А мужчыну так прамацвалі! І шнуркі знялі, і рэмень знялі, і сцяг знайшлі. Сказалі: «Па поўнай, дарагі, будзеш плаціць».

Усе рэчы апісалі, паклалі ў бок, і на гэты стол мы змаглі сесці ўтрох. Астатнія стаялі. Шэсць гадзін стаялі. Потым а 20-й гадзіне нас пачалі выклікаць. Сфатаграфавалі і спыталі, колькі разоў былі на мітынгу. Я сказала, што першы раз. І тое мы не ішлі на мітынг, а проста міма праходзілі. Ніякага мітынгу не было – людзі толькі збіраліся. Але ніхто гэтага не ўлічыў.

Валерыя Міхайлаўна Смірнова.
Фота: ТК / Белсат

Напісалі пратакол і сказалі падпісаць. Там дзесьці 10 подпісаў трэба было паставіць. Я спытала:

– А што вы напісалі ў пратаколе? За што я буду падпісваць? Вы ж мяне ў турму пасадзіце. За што?

– Нічога страшнага, падпісвайце.

– Акуляраў не ўзяла. Нават не ведаю, што мне рабіць.

– Мы пішам, што вы прыйшлі на мітынг.

– Ды не выйшла я на мітынг! Міма ішла.

– Не, усё роўна вы былі на мітынгу. Стаўце подпіс.Я распісалася ва ўсіх месцах, акрамя апошняга.– А тут што за подпіс?

– Што вы згодная з пратаколам.

– Не, я не згодная.

– Ну, як хочаце. Можаце і не падпісваць.

– Тут не буду падпісваць.

Гэтым і скончылася. Думала, што забяруць мяне на старасці гадоў у турму, пасадзяць і буду адбываць ні за што… Мы ішлі з дачкою пад ручку і патрапілі ў бункер. Лічы, тая ж турма.

Валерыя Міхайлаўна Смірнова.
Фота: ТК / Белсат

І тут нас пачалі выпускаць па тры чалавекі з гэтага бункеру. Мы пачалі выходзіць з Ленінскага РАУС і думаць, як нам даехаць. Я тут не была ніколі, мы маглі заблукаць, ды і позна яшчэ. Дачка кажа: «Зараз дастану тэлефон і патэлефаную». Спахапілася – і аказалася, што ў яе тэлефон выцягнулі! Сказалі, што аддадуць, але калі, невядома.

У мяне тэлефон застаўся. Думала, што з яго патэлефаную. Але мы выйшлі, а там і валанцёры стаяць, і сваякі ўсе мае. Божа, я не чакала! Стаю рот разявіўшы.

Унучка Наташа прыбегла, плакала. Праўнучка Даша таксама там была. Радыя былі, што мы вызваліліся. Валанцёры далі гарачае гарбаты папіць. І піражок далі нейкі. Паела, папіла, сказала «вялікі дзякуй». І загулі аўтамабілі!

Валерыя Міхайлаўна Смірнова.
Фота: ТК / Белсат

Я трапіла першы раз і, спадзяюся, апошні.

Я ніколі не была ў турме і нават не думала, што на пенсіі апынуся там. Здавалася б, сядзі ўдома ды сядзі. Ну, як гэта так: за мяне гінуць людзі, а я ўдома сяджу. Вось я ўстала і пайшла. І пайшла як на вайну.

Мы ўсе за новае жыццё, а тое 26 гадоў адно і тое ж. Лукашэнка ездзіць па палях, па лугах, да скаціны пад хвост зазірае. Цяпер, праўда, пераключыўся на медыцыну. Ездзіць па больніцах, размаўляе з усімі, да хворых садзіцца.

Валерыя Міхайлаўна Смірнова.
Фота: ТК / Белсат

Я б хацела бачыць новую Беларусь без Лукашэнкі. Толькі б яго не пакінулі тут кімсьці працаваць, таму што ён усё сапсуе. Цяпер будуць выбары – ды ніхто за яго галасаваць не будзе, як мне здаецца. Калі Лукашэнкі не будзе, то жыццё станецца зусім іншым. Усё пераменіцца. Ён жа толькі сваіх прасоўвае. У яго ўся надзея на сваіх людзей і на войска.

У мяне ёсць смартфон. У «Telegram» я чытаю ўсе цікавае пра палітыку. YouTube гляджу. Tut.by чытаю. Там увесь час пішуць: «Дашліце каментар». Я яшчэ не цямлю, як гэта рабіць. Я б даслала каментар, але мяне б зноў пасадзілі.

Гісторыі
«Я аднагодак Ніны Багінскай». Аўтар сотні эмацыйных плакатаў распавядае пра свае ўлюбёныя
2020.12.11 11:13

ТК belsat.eu

Стужка навінаў