Павел Латушка: КДБ атрымаў даручэнне адсочваць усё, што звязана са мной асабіста


Былы міністр культуры і дыпламат Павел Латушка займаецца Народным антыкрызісным упраўленнем. У інтэрв’ю «Белсату» ён расказаў пра…

…АХОВУ

«Персанальнай аховы ў мяне няма. Але нейкія захады, каб запэўніць дадатковую бяспеку працаўнікоў антыкрызіснага ўпраўлення і маю асабіста, робяцца. Мы ведаем, што патэнцыйная пагроза існуе. І такія звесткі рознымі каналамі да нас даходзілі. Былі даручэнні на найвышэйшым узроўні закрыць рот і ў адносінах да Ціханоўскай, і ў адносінах да Латушкі. Такая інфармацыя да нас даходзіла. Але я б не стаў пераацэньваць магчымасцяў нашых спецслужбаў. Працаўнікам КДБ даручылі адсочваць усё, што звязана са мной асабіста, з антыкрызісным упраўленнем у Польшчы, якія мы робім дзеянні, з кім мы кантактуем. Гэта яшчэ раз сведчыць пра тое, што няма маналітнасці дзяржаўнай сістэмы. Не ўсе вераць Лукашэнку, не ўсе гатовы трымаць язык за зубамі».

У варшаўскім парку Лазенкі з’явіўся дуб беларуска-польскай салідарнасці. На ўрачыстасці прысутнічаў Павел Латушка, чалец Каардынацыйнай рады. Варшава, Польшча. 28 лістапада 2020 года.
Фота: Юлія Шаблоўская / «Белсат»

…НОВЫЯ КРОКІ

«Тое, што адбывалася апошнія месяцы, было вельмі важным для фармавання новай грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, для разумення тых працэсаў, якія адбываюцца ў нашай краіне. Але павінны быць новыя крокі. Бліжэйшым часам мы пастараемся пра іх распавесці беларускаму грамадству».

…ПРАТЭСТЫ

«Пратэставая, дваравая актыўнасць паказвае, што яна існуе, яна не сціхае. Людзі выходзяць, вялікая павага гэтым людзям. Але нам варта рыхтавацца да вялікага беларускага маршу супраціву. Гэта мы павінны зрабіць, каб дасягнуць нашай мэты. Такі марш павінен адбыцца ў Беларусі».

Пратэст каля Купалаўскага тэатру. Дырэктар тэатру Павел Латушка і паэт Уладзімір Някляеў. Менск, Беларусь. 17 жніўня 2020 года.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

…САНКЦЫІ

«Бліжэйшым часам мы будзем працаваць вельмі актыўна над чацвертым пакетам санкцыяў ЕЗ. Тут усе палітычныя цэнтры каардынуюцца. Другі момант – гэта амерыканскія санкцыі. Акт аб дэмакратыі ўжо прыняты, але санкцыі яшчэ не пачалі дзеяць. Калі мы ўважліва прачытаем акт, то там прадугледжваецца не спатыканы дасюль інструментарый выкарыстання з боку адміністрацыі ЗША санкцыйнай палітыкі ў дачыненні рэжыму ў Беларусі. Вельмі важна зразумець, што акно магчымасцяў было адкрытае, яно трошкі яшчэ засталося, калі санкцыі не ўступілі. Ёсць яшчэ магчымасць прайсці праз дыялог».

belsat.eu

 

Стужка навінаў