«Піша, што трымаецца». Унучка беларускага паэта Івана Арабейкі сустрэне сваё 20-годдзе за кратамі


Яну Арабейку, студэнтку Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту ім. М.Танка затрымалі ў так званы «чорны чацвер» 12 лістапада. Дзяўчыну абвінавачваюць у арганізацыі ці ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Студэнтку трымаюць у СІЗА на Валадарцы, там яна прабудзе як мінімум да сярэдзіны сакавіка. Кожную суботу сябра Яны Валер прывозіць ёй патрэбныя рэчы і прадукты. На гэтым тыдні маладзён збірае асаблівую перадачу, бо ў нядзелю 17 студзеня ў Яны – дзень народзінаў. Перадаваць падарунак за краты разам з Валерам паехалі карэспандэнты belsat.eu.

Фота: Белсат

Торт на дзень народзінаў у няволі

Валер хоча перадаць Яне на ейны юбілей торт. Кажа, што правілы дазваляюць прыносіць кандытарскія вырабы са слаёнага цеста, нешта накшталт пірагоў. Маладзён імкнецца хоць неяк парадаваць сяброўку, якой прыйдзецца святкаваць сваё 20-годдзе за кратамі.

Пакуль рыхтуе перадачу, Валер распавядае, што з Янай яны знаёмыя з чэрвеня мінулага года.

Яна і Валер. Фота з архіву Валера.

– Яна – добрая, сціплая, мілая дзяўчына, – кажа маладзён пра сяброўку. – «Баявой актывісткай» ніколі не была, хоць сваё меркаванне ўмее адстойваць. Дамаглася, каб праклалі сцяжынку да ўніверсітэту. Улетку далучылася да Майстэрні паштовак салідарнасці – пачала маляваць паштоўкі для палітвязняў, бо яна ж мастачка, вельмі добра малюе.

Паводле Валера, Яна «пару разоў хадзіла на маршы», магчыма, прымала ўдзел у нейкіх акцыях ва ўніверсітэце, бо яна – прыхільніца «Задзіночання беларускіх студэнтаў». Але ў тым, што Яна не мае ніякага дачынення да арганізацыі нейкіх беспарадкаў, хлопец перакананы.

– Была думка, што, мо, хочуць прыцягнуць нібыта за вядзенне студэнцкіх тэлеграм-каналаў. Але пасля таго хапуна студэнтаў ніводзін з каналаў не спыніў сваю працу, значыць, затрыманыя не мелі да іх дачынення. У чым тады абвінавачваюць – незразумела, – дзеліцца сваімі думкамі Валер.

Фота: Белсат

Лісты не даходзяць з канца снежня

Яну Арабейка затрымалі 12 лістапада ўдзень, прыкладна а 13-й гадзіне, узгадвае ейны сябар. Дзяўчына тады была ў інтэрнаце, у сваім пакоі, разам з суседкай. Сілавікі зладзілі ператрус, забралі тэхніку і саміх дзяўчын. Адначасова ў той дзень адбывалася сапраўдная аблава і на іншых студэнтаў – агулам затрымалі больш за дзесяць чалавек.

Усё, што вядома Валеру пра абвінавачванне супраць Яны, – гэта нумар артыкулу крымінальнага кодэксу – 342: арганізацыя, падрыхтоўка ці актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле – пазбаўленне волі на тры гады.

Фота: Белсат

Адвакат Яны знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні, таму пра ход справы нічога не распавядае.

Валер з Янай пастаянна перапісваліся, але пасля святаў, кажа хлопец, лісты раптам перасталі даходзіць – апошні прыйшоў 28 снежня.

– Яна пісала, што трымаецца, і ўжо крыху наладзіла там свой побыт, але сумуе, часам бывае дрэнны настрой, – распавядае Валер.

Дэталяў пра ўмовы ўтрымання маладзён не ведае. Узгадвае, Яна пісала, што спачатку ў камеры было шэсць чалавек, потым – восем, потым – зноў шэсць.

Фота: Белсат

Калі даведалася, што будзе за кратамі да вясны, расплакалася

12 студзеня ў Яны скончыўся двухмесячны тэрмін утрымання пад вартай. Але на наступны дзень стала вядома, што і ёй, і іншым студэнтам, затрыманым 12 лістапада, знаходжанне пад арыштам працягнутае яшчэ на два месяцы, да сярэдзіны сакавіка. Калі Яна даведалася, што прабудзе за кратамі да вясны, расплакалася, – перадалі Валеру словы адваката сябры.

Пра суд пакуль гаворкі не вядзецца, кажа Валер.

– Я разумею, што следству няма з чым ісці ў суд, – зазначае хлопец. – Ім няма чаго прад’явіць Яне. Як і іншым студэнтам, і шмат якім палітвязням. Іх трымаюць як закладнікаў. Каб запужаць іншых. Магчыма, дзеля таго, каб у патрэбны момант зноў згуляць ва ўжо вядомую ў Беларусі брудную гульню ўладаў – выкарыстаць палітвязняў як разменную манету.

Фота: Белсат

Валер сумняецца, што арыштамі і ўтрыманнем людзей за кратамі ўлады змогуць істотна паўплываць на грамадскі настрой, толькі яшчэ больш раззлуюць людзей.

– Так, нехта спужаецца, а іншыя, наадварот, пачнуць цікавіцца працэсамі, якія адбываюцца. І гэта мы ўжо добра бачым – у маім атачэнні вельмі шмат людзей, якія зацікавіліся палітыкай летась, сталі пісаць лісты палітвязням, – кажа мянчук. – А студэнцкія пратэсты, тым больш, не спыніць, і яны заўсёды ўрэшце становяцца пачаткам пераменаў, што мы бачым па гісторыі тых жа студэнцкіх хваляванняў 1968 года, ці крыху пазнейшых у Грэцыі.

Фота: Белсат

Добра малюе, спалучае вучобу з працай

Яна Арабейка нарадзілася і правяла дзяцінства ў Берасці, дзе і жыве ейная сям’я. Родныя не ведаюць дэталяў затрымання дзяўчыны, не разумеюць, за што яе дагэтуль трымаюць за кратамі.

У сям’і Арабейка – пяцёра дзяцей, з іх – дзве двойні. Яна таксама з двойні. Ейны брат-блізнец адвучыўся на парыкмахера, жыве ў Берасці. Малодшыя брат з сястрой жывуць з маці, ходзяць у школу.

Яна Арабейка.
Фота: Белсат

Бацька Яны, Іван Арабейка, перанёс цяжкі інсульт, мае інваліднасць другой групы. Да хваробы працаваў на мытні. Цяпер ён жыве разам са сваімі бацькамі.

– Яна вельмі працавітая, добрая дзяўчына, заўсёды выдатна вучылася, хадзіла ў наш моладзевы цэнтр творчасці, малявала, займалася журналістыкай, – кажа пра дачку Іван Арабейка. – На гародзе нам заўсёды дапамагала, ніколі без працы не сядзела.

Яна праводзіць заняткі ў школе падчас практыкі. Фота з сямейнага архіву

Бабуля Яны, маці Івана, Вольга Арабейка таксама кажа пра выключную працавітасць унучкі, здольнасці да вучобы, мастацкі талент. Распавяла, што Яна пасля школы спрабавала паступіць у Акадэмію мастацтваў, але не прайшла, таму пайшла ў педагагічны, на спецыяльнасць «выяўленчае мастацтва, чарчэнне, народныя мастацкія промыслы».

Дзяўчына вучыцца платна, а паколькі грошай у сям’і мала, то яна амаль увесь вольны час прысвячае падпрацоўкам, напрыклад, мыла посуд у рэстаранах.

Фота: Белсат

Спадарыня Вольга кажа, што апошнім часам сям’я не атрымлівае ніякіх навінаў ад Яны. Родныя не ведаюць таксама, ці да дзяўчыны даходзяць іх лісты.

– 12 студзеня мы разам з сынам адправілі ёй паштоўку, бо 17-га ў яе дзень народзінаў, але не ведаю, ці атрымае яна яго. Мы грошы таксама адпраўлялі – ці дайшлі яны да яе? – пытаецца бабуля Яны. – Таксама не ведаем, чаго чакаць, і за што з ёй так. Яна ж не злачынца там нейкая.

Яна Арабейка. Фота з сямейнага архіву

«Улады занадта жорсткія да тых, хто выказвае сваё меркаванне»

Янін дзядуля – Іван Арабейка – паважаны ў Берасці чалавек, паэт, аўтар зборнікаў вершаў.

Спадару Івану 78 гадоў, ён на пенсіі, жыве ў вёсцы ў Жабінкаўскім раёне. Піша на беларускай мове, з 1979 года – сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў.

Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

– Я ў тым саюзе пісьменнікаў, дзе сябрамі былі Быкаў, Барадулін, Бураўкін. Яны прымалі мяне ў Саюз, і я застаюся верным іх спадчыне, сапраўдным ідэалам беларушчыны, – кажа спадар Іван.

Апошні зборнік паэзіі пад назвай «Сказаць хачу» выйшаў у дзядулі Яны Арабейкі ў 2012 годзе. За яго спадар Іван атрымаў літаратурную прэмію імя У.Калесніка.

– Так склалася, што я доўга не пісаў, маўчаў, а потым прарвала. Таму я і ўзяў гэтыя словы Твардоўскага – сказаць хачу – для назвы, – распавядае спадар Іван пра сваю творчасць. – Я пішу пра галоўнае – пра каханне, прыроду, любоў да радзімы, патрыятызм. Што такое патрыятызм? Вернасць радзіме, а не ўладам, якія таксама могуць памыляцца.

Торт для Яны.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Пра ўнучку спадар Іван кажа, што яму вельмі шкада яе, уся сям’я моцна перажывае, бо не атрымлівае пра дзяўчыну ніякіх навінаў.

– Яна ніколі не была агрэсіўнай дзяўчынкай, вельмі добрая, працавітая, – кажа беларускі паэт. – Я не магу сабе ўявіць, каб яна была ў нечым вінаватай, магчыма, і лішняе на яе павесілі. Ды ўвогуле, улады цяпер занадта жорстка ставяцца да людзей, якія выказваюць сваё меркаванне, тым больш, да студэнтаў.

Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Ганна Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў