«Прасачыць за намі нерэальна». У што ператварыліся беларускія дваровыя імпрэзы?


Плошча Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

Мы ішлі ў цемры па размытых дажджом сцежках. Тыя, хто наперадзе, свяцілі калоне ліхтарамі, у групе перамаўляліся пра палітыку, недзе брахаў сабака – нас было некалькі дзясяткаў чалавек у дзікаватай лесапаркавай зоне сталіцы, і гэта была чарговая «дваровая імпрэза». Роўна месяц таму для гэтага двара выступаў вядомы саксафаніст Павал Аракелян – з тых часоў фармат вулічных сустрэчаў з песнямі і тартамі, якія сталіся адным з галоўных дасягненняў беларускага супраціву, зазнаў грунтоўнае пераўтварэнне.

Пасля таго Павал Аракелян адбываў содні за кратамі: 7 лістапада яго мэтанакіравана затрымалі пасля дваровага канцэрта ў Малінаўцы, як і некалькі іншых музыкаў, што выступалі тым вечарам. За гэты час змянілася шмат: пасля выкрадання на знакамітай плошчы Перамен памёр Раман Бандарэнка, улады паставілі задачу ўсталяваць у Менску «ўзорны парадак», сілавікі разбурылі створаны ў памяць Рамана народны мемарыял, на дваровых канцэртах пачалі затрымліваць, а Менгарвыканкам склаў спіс тэрыторыяў для павышанай увагі адміністрацыяў, камунальнікаў і міліцыі. Нават Telegram-чаты раёнаў пачалі закрывацца, бо на іх адміністратараў і ўладальнікаў арганізавана ціснулі.

Дабрачынны канцэнт Паўла Аракеляна ў Менску. У дварах Копішча сустракалі вызваленых суседзяў.
Фота: Belsat.eu

Дваровых канцэртаў у ранейшым выглядзе, вядома, не стала, і зусім не праз надвор’е, хоць дзе-нідзе асцярожныя імпрэзы ўсё яшчэ адбываюцца. Неяк на выступе Свабоднага тэатру ў сталічным дворыку, яшчэ ў кастрычніку, адна госця выказала шкадаванне, што гэткіх сустрэчаў не ладзілі раней – маўляў, «калі б не сядзелі па кватэрах, не дапусцілі б, каб краіна апынулася ў гэткім агідным стане». Зусім нездарма беларускія ўлады, якім заўсёды было выгадна раз’ядноўваць людзей, абвесцілі вайну дварам. Прычым фармальнае тлумачэнне гучыць выключна казуістычна: паводле афіцыйных асобаў дваровыя імпрэзы перашкаджаюць мясцовым жыхарам. Ха-ха.

Дык вось: мы ішлі ў цемры і ў холад – гэтым разам імпрэза прадугледжвала не фестывальна-карнавальны настрой, а трагічна-сакральны. Суседзі сабраліся з задачаю збудаваць з камянёў невялікі мемарыял у памяць загінулага Рамана Бандарэнкі, запаліць на ім свечкі і згуртавацца вакол, каб зняцца на відэа. Зрабіць гэта прапанаваў двор плошчы Перамен, дзе пасля разгону 15 лістапада сілавікі ўстанавілі сталае дзяжурства.

Міліцыянты тут дагэтуль млява ходзяць туды-сюды або, з пахаладаннем, сядзяць у аўтобусе і выскокваюць, калі да плошчы нехта падыходзіць. Жыхарам нават давялося абмяркоўваць у мясцовым чаце, што рабіць са смуродам, бо гэтыя бравыя хлопцы абмачылі ўсе куты.

Сілавікі хапаюць людзей у двары плошчы Перамен. Фота belsat.eu

На ўзвядзенне мемарыялу ў выніку прыйшло каля сотні асобаў, сярод якіх – людзі сталага веку, мажны мужчына ў працоўнай робе, пара, якая трымаецца за рукі, мамы з дзецьмі, госці з суседніх двароў. Амаль што ўсе адно аднога ведаюць – зладжана каардынуюць дзеянні, гучна вохкаюць, калі бачаць знаёмых з іншых раёнаў, і ў вокамгненне дастаюць з заплечнікаў бел-чырвона-белыя сцягі. Ідэю падтрымала каля 80 % навакольных двароў – калі ўлады разбурылі народны мемарыял, мемарыялы пачалі з’яўляцца паўсюль.

Людзі розных узростаў, прафесіяў ды інтарэсаў, якія раней нават не віталіся, аб’ядналіся яшчэ на дваровых канцэртах, але, калі слухаць Аракеляна і частавацца тортам на вуліцы стала немагчыма, наваствораныя супольнасці не разышліся па дамах, а хутка перабудаваліся на новы фармат. Цяпер іхная мэта зрабілася перадусім сімвалічнаю – заяўляць: «Мы ёсць!». І дваровыя імпрэзы перайшлі на іншую форму публічнасці – апублікаванне фотаздымкаў і відэа, што ствараюць кожны дзень у розных кропках гораду і рассылаюць у медыі ды Telegram-каналы.

Hавiны
Дваровыя і раённыя чаты запрашаюць чыноўнікаў. Замест – прыходзяць сілавікі
2020.10.23 18:30

Ужо задакументаваны сотні і сотні кароткіх партызанскіх вылазак са сцягамі, лозунгамі або песнямі ў сталіцы ды іншых беларускіх гарадах. Магчыма, некалі гэтыя аматарскія і прафесійныя фота і відэа складуць музей дваровага супраціву. Апроч стыхійных акцыяў двары супольна прыдумляюць цэлыя праекты або далучаюцца да флэш-мобаў. Напрыклад, да флэш-мобу «0 ‰»: у розных арганізацыях і ў розных кропках гораду ўдзельнікі выстройваліся тварамі да сцяны з таблічкамі «0 ‰», пацвярджаючы такім чынам, што ў крыві Рамана Бандарэнкі насуперак версіі ўладаў не было алкаголю.

«Пакуль улады прачыналіся, а прачыналіся яны амаль паўтара месяца, бо не ведалі, што з намі рабіць, – усё ж людзі выходзяць ва ўласны двор, – мы паспелі перазнаёміцца настолькі, што цяпер нам не ўяўляецца праблемаю сабраць тых жа 150, 200 ці 300 чалавек. У нас ва ўсіх сёння адна мэта, і нават калі нас «раскідалі», яна па-ранейшаму нас аб’ядноўвае», – мы сядзім у кавярні вузкай кампаніяй аднаго з суседніх, ужо іншых, сталічных двароў.

Грушаўка гуляе. Менск, Беларусь. 29 лістапада 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

Яны таксама арганізоўвалі канцэрты, тэатральныя імпрэзы ды паэтычныя вечары, але ў пэўны момант, незадоўга да таго, як у сталіцы было абвешчана навядзенне «ўзорнага парадку», на іхную пляцоўку сталі кожны дзень прыязджаць каналізацыйны і аварыйны аўтамабілі і стаяць там па некалькі гадзін. Ладзіць імпрэзы больш было немагчыма. Гэтым вечарам кампанія сабралася ў адным са сквераў, каб праспяваць і запісаць гэта на відэа, а пасля пайшла ў мясцовую кавярню – тут яны зрабіліся частымі госцьмі, гаспадар нават прапанаваў у выпадку чаго карыстацца чорным ходам. Тыя, хто сядзеў за сталом, або пазнаёміліся цягам апошніх месяцаў, або ўжо былі знаёмыя, але праз дваровую актыўнасць пасябравалі. Іхны двор ужо ездзіў разам вудзіць, арганізоўваў шашлыкі ды хадзіў у кіно.

«Калі нельга сустракацца ў канкрэтным месцы, мы будзем сустракацца па ўсім раёне: сёння мы былі ў скверы, а заўтра гэта можа быць футбольнае поле або пляцоўка ля школы. Прасачыць за намі нерэальна: звесткі пра сустрэчы мы даем толькі ў «пачышчаныя» чаты, куды бяром толькі тых, хто ўвесь гэты час ішоў побач з намі, каму мы давяраем».

Мурал у памяць аб Рамане Бандарэнкі. Менск, Уручча, 5 снежня 2020 г. Фота ад чытачоў «Белсату»

Сетка дваровых чатаў у пэўны момант была разбураная: уладальнікаў і адміністратараў затрымлівалі і прымушалі закрываць раённыя суполкі. «У тых, каго затрымлівалі, пыталіся пра іншых актывістаў, паказваючы іхныя фатаграфіі. Людзі баяліся і чакалі, калі па іх прыйдуць, бо ведалі, што іхныя фота ўжо недзе паказалі, у некаторых адбываліся ператрусы», – расказвае актывіст і адміністратар былога чату двара, дзе мы ўзводзім мемарыял. Яго затрымалі ў кастрычніку быццам бы за арганізацыю масавых акцыяў, але на допыце пыталіся толькі пра дваровы чат. Хутка знайшлі ўладальніка суполкі, якога прымусілі яе закрыць.

Зрэшты, на месцы закрытых чатаў сталі стварацца новыя, прычым разам з вялікімі з’явілася шмат маленькіх, а адміністратары мноства з іх застаюцца за мяжою, таму ажыццявіць на іх ціск немагчыма. «Дваровыя чаты растуць і чым больш жорстка дзеюць улады, тым большы адбываецца прыток людзей: пасля разгону плошчы Перамен амаль усе чаты прыраслі на 15-30 адсоткаў, – кажа мой суразмоўца. – У двароў гарызантальная сетка камунікацыяў, бо, як бачым, спробы аб’яднацца ў выразную арганізацыйную структуру ў Беларусі прыводзяць да таго, што гэтую арганізацыйную структуру садзяць. Мы ведаем 4-5 суседніх актываў, яны ведаюць сваіх суседзяў, і навіны разносяцца даволі хутка. Цяпер мы сустракаемся больш па-партызанску – у двары або ўдома: публічных імпрэзаў не плануем, але шмат працуем у ключы аб’яднання. Цяпер аб’ядноўваюцца ўжо не двары, а раёны або нават цэлы горад – усё перайшло на новы ўзровень».

Менск, Беларусь. 29 лістапада 2020 году.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«Наш чат на тысячу чалавек «лёг», але потым з’явіўся адзін, другі і ўсе знайшліся», – кажуць мае суразмоўцы ў кавярні. Праз тое, што Telegram-суполкі сталіся драбнейшымі ды шчыльнейшымі, актыў здольны не толькі на згаданыя сімвалічныя жэсты і супольныя сяброўскія вылазкі, але і на мабільныя імпрэзы, хай гэта і не ранейшыя маштабныя канцэрты.

«У арганізацыі публічных імпрэзаў нас спыняе толькі адказнасць перад людзьмі, якія могуць пацярпець, а з тым, што самі можам пацярпець, мы ўжо звыкліся. Будзем рабіць нешта мабільнае – напрыклад, закідваць у чаты абвесткі і праводзіць бясплатныя экскурсіі па гістарычных месцах раёнe. Адна такая ў нас ужо была: нягледзячы на дождж, прыйшло шмат людзей, і ім спадабалася. Як нядзельныя маршы перанараджаюцца, гэтак перанараджаюцца і дваровыя сустрэчы: гэты новы фармат – калі мы ў сваім раёне, на сваіх вуліцах, ля сваіх пад’ездаў, на сваіх лавачках – моцна мяняе светапогляд, бо цяпер абурэнне заснаванае не проста на тым, што «гэта наш горад», але і на тым, што гэта наш дом. Напэўна, таму на апошніх маршах людзі пачалі даваць адпор сілавікам».

Нядаўна гэты двор задумаў зладзіць паэтычны вечар у бібліятэцы раёну, але там спаслаліся на тое, што ўсе вечары ў іх занятыя. Натуральна, насамрэч памяшканні бібліятэкі адчайна пуставалі кожны дзень. На пытанне, ці сустракаліся арганізатары калі-небудзь з нездаволенасцю суседзяў, мне ўспомнілі толькі адну гісторыю: на чарговай дваровай імпрэзе – а яны «аздабляліся» зонай для дзяцей і сталом з пачастункамі – падышоў мужчына і спытаў, ці ёсць што выпіць, а калі яму прапанавалі гарбату ці сок, застаўся незадаволеным, бо чакаў чаго памацней.

Плошча Пераменаў пераўтварылася ў народны мемарыял.Раман Бандарэнка памер напярэдадні вечарам у шпіталі пасля брутальнага затрымяння і збіцця невядомымі. Менск, Беларусь. 13 лістапада 2020 году.
Фота: TК / Белсат

«Мы адчуваем натхненне ад таго, што мы сапраўды нейкая сіла. Пры новай уладзе мы зможам самі развязваць пытанні, датычныя нашых раёнаў, і не даваць прымаць рашэнні нейкім прызначаным чыноўнікам. Мы пачалі браць адказнасць на сябе, бо ў кожнага ў галаве гучыць пытанне: «Хто, калі не я? Хто, калі не мы?», – і мы заўсёды знаходзім агульную мову. У гэтым сэнсе Лукашэнка зрабіў нам вялікі падарунак: ён – тая пагроза, праз якую ўсе згуртаваліся, нягледзячы на патэнцыйныя рознагалоссі. Калі б мы хутка перамаглі, мы б хутка і рассварыліся», – працягвае мой суразмоўца з двара мемарыялу.

Калі мемарыял быў узведзены, на дрэва прымацавалі партрэт Рамана Бандарэнкі, выстраіліся вакол, з мэтаю бяспекі закрылі твары сцягамі ды зрабілі некалькі «дубляў». Яшчэ адна заява «Мы ёсць!» зробленая. Хутка павінна выйсці супольнае відэа, мясцовыя сабачнікі рэгулярна аднаўляюць свечкі ў лампадах.

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Стужка навінаў