«Стаў на калені, каб падзякаваць Богу». Кандрусевіч пра вяртанне


Фота: АВ / Белсат

Брыфінг мітрапаліта Менска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча прайшоў увечары 24 снежня ў касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Менску.

Тадэвуш Кандрусевіч распавёў, як вяртаўся ў Беларусь.

Спачатку апостальская нунцыятура разам з МЗС узгаднілі схему, час і маршрут прыезду мітрапаліта. З Сакулкі да мяжы яго давёз польскі святар, а на мяжы сустрэў біскуп Юзаф Станеўскі з Горадні, які і перавёз праз мяжу.

Пасля прыезду ў Беларусь Кандрусевіч папрасіў спыніць аўто, выйшаў з яго і стаў на калені, каб падзякаваць Богу за магчымасць вяртання на радзіму.

Фота: АВ / Белсат
Фота: АВ / Белсат

Кандрусевіч падкрэсліў, што зʼяўляецца грамадзянінам Беларусі, тут нарадзіўся і паходзіць адсюль, таму і жыць і служыць хоча надалей у Беларусі.

Арцыбіскуп распавёў, што быў у Польшчы, каб паўдзельнічаць ва ўдзяленні першай камуніі (першага прычасця) дзецям. Таксама хацеў наведаць лекараў, бо мае праблемы са спінай і яму рабілі аперацыю. Па вяртанні яго затрымалі на мяжы і сказалі, што ўезд у Беларусь забаронены. Жыў у асноўным у польскай Саколцы, каля мяжы – за 15 км аж Беларусі, і сумаваў, што не можа вярнуцца на радзіму.

Мітрапаліт падзякаваў Папу Рымскаму Францыску, дыпламатам і біскупам іншых краін і падкрэсліў, што Ватыкан мае даўгую гісторыю і вырашае справы не эфектна, а эфектыўна.

Фота: АВ / Белсат

Больш за тры месяцы Тадэвуш Кандрусевіч не мог вярнуцца на радзіму. Неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі кіраўнік каталіцкага епіскапату заклікаў сілавікоў і пратэстоўцаў спыніць гвалт, а Лукашэнка і чыноўнікаў – пачаць «канструктыўны дыялог з грамадствам, спыніць гвалт і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях невінаватых грамадзянаў».

31 жніўня памежнікі не прапусцілі арцыбіскупа Кандрусевіча з Польшчы ў Беларусь без тлумачэння прычын. Пасля МУС прызнала пашпарт Кандрусевіча несапраўдным. Таксама Лукашэнка некалькі разоў абвінаваціў Кандрусевіча ў тым, што ён выязджаў у Польшчу «для кансультацыяў».

Hавiны
Арцыбіскуп Кандрусевіч вярнуўся ў Беларусь
2020.12.24 14:56

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў