«Такія, як ты, на дзяржпрадпрыемстве працаваць не будуць». Валанцёр «Страны для жизни» страціў працу


Валанцёр «Страны для жизни» у Магілёве Аляксей Барысаў згубіў працу праз сваю грамадзянскую актыўнасць. З 2007 года ён працаваў глебазнаўцам на прадпрыемстве «Праектавы інстытут Магілёўгіпразем», а 31 снежня 2020 года быў вымушаны напісаць заяву на звальненне паводле ўласнага жадання. Звальненню Аляксея папярэднічалі адміністратыўныя пратаколы, паходы ў РАУС і суд за ўдзел у мірным мітынгу пратэсту.

«За час маёй працы на «Магілёўгіпразем» я праходзіў кваліфікацыю і такім чынам стаўся глебазнаўцам 1-е катэгорыі. Мне мая праца падабалася, падабаўся і калектыў. За ўвесь час ніякіх праблемаў не было. Адным словам, я не збіраўся звальняцца і мяне не збіраліся звальняць. Пакуль не пачалася перадвыбарчая кампанія 2020 года і самі выбары», – апісвае сітуацыю Аляксей.

Аляксей Барысаў.
Фота: Белсат

Цікава, што рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Праектавы інстытут Магілёўгіпразем» прыкладна за месяц да выбараў прэзідэнта 2020 года змяніла форму ўласнасці і сталася дзяржаўным. У непасрэдныя абавязкі Аляксея ўваходзіў забор аналізаў глебы і стварэнне на іх падставе глебавае мапы з прывязваннем да каардынатаў.

З зімы 2020 года адмысловец пачаў сачыць за каналам «Страна для жизни». У Магілёве браў удзел у некаторых сустрэчах, дзе людзі кармілі галубоў. Пасля сам далучыўся да актывістаў і дапамагаў ладзіць пікеты на знак падтрымання Святланы Ціханоўскай у Магілёве. Сваёй актыўнай грамадскай дзейнасці Аляксей ні ад каго не хаваў і пісаў пра яе ў сацыяльных сетках.

«Перад выбарамі прэзідэнта Беларусі мне патэлефанавалі з працы і папрасілі выдаліць пасты ў Instagram ды іншых сетках, якія датычылі палітычных падзеяў. Тэлефанаваў намеснік дырэктара Андрэй Рэентовіч. Ён сказаў, што спадзяецца на маю сумленнасць і каб я не лез на ражон. Ужо тады мне патлумачылі, што на працу прыходзілі людзі з органаў і цікавіліся мною. Мне перадалі, што я не павінен гэтак сябе паводзіць. Ну, я і выдаліў гэтыя пасты», – згадвае Аляксей.

Бел-чырвона-белы сцяг вісеў на гаўбцы Аляксея. Фота з асабістага архіву

На працы з Аляксеем размаўляў і юрыст, ён казаў Аляксею, што ім цікавяцца людзі ў плашчах. А непасрэдны начальнік Аляксея – кіраўнік аддзелу зямельна-інфармацыйных сістэмаў – Мікалай Латушкін па-чалавечы раіў: «Гэта не роўная барацьба і не трэба цягацца з органамі дзяржаўнае бяспекі, ты ўсё роўна прайграеш», – перадае словы свайго начальніка Аляксей.

Пасля выдалення пастоў у сацыяльных сетках папярэджванні на працы скончыліся, затое пачаліся акцыі пратэсту, у якіх глебазнавец браў удзел. За ўдзел у мірным мітынгу 24 жніўня на Аляксея склалі адміністратыўны пратакол паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП і судзілі. Суд Ленінскага раёну Магілёва некалькі разоў дасылаў пратакол назад у РАУС для выпраўлення хібаў, але ў рэшце рэшт Аляксею Барысаву прысудзілі штраф 15 б. в.

Яшчэ да абвінаваўчае пастановы з Аляксеем зноўку пачалі праводзіць гутаркі на працы. «Мне тлумачылі, што я працую на дзяржаўным прадпрыемстве, таму гэтак рабіць нельга. Калі хочацца хадзіць на ўсе мітынгі, то звальняйся і хадзі. А пакуль ты тут, то трымайся парадку. Гэтак мне казаў юрыст Сяргей Жвалевіч», – згадвае Аляксей Барысаў.

Працоўная кніжка Аляксея Барысава. Фота з асабістага архіву

Паводле Аляксея, ён успрымаў усе гэтыя словы як спробу павучыць яго розуму, але рэальнае пагрозы звальнення з працы на той момант не адчуваў. І тым не менш пасля прысуду за ўдзел у мірным мітынгу Аляксей перастаў хадзіць на акцыі пратэсту.

«На мітынгі я хадзіць перастаў, але замовіў сабе 2 сцягі: адзін проста бел-чырвона-белы, а другі такі самы, толькі з Пагоняю. Калі замова прыйшла, я павесіў адзін сцяг у кватэры, а другі – на гаўбцы на вяроўках для бялізны. Праз нейкі час да мяне прыйшлі працаўнікі Ленінскага РАУС, як яны сказалі, паводле даносу суседзяў», – кажа Аляксей.

Удома ў Аляксея зладзілі агляд, які, з ягоных словаў, быў падобны да ператрусу: «Працаўнікі не проста глядзелі на рэчы, а самі адчынялі шафы і даставалі адтуль, што хацелі. У выніку ў мяне забралі ноўтбук, нэтбук, камп’ютар, жорсткія дыскі ды іншыя рэчы. Забралі і два сцягі, і нават кубачак з Пагоняй», – дзеліцца Аляксей.

Гісторыі
«Я прашу ў кожным лісце спыніць галадаванне». Як жыве сям’я Ігара Лосіка, пакуль ён за кратамі
2021.01.07 13:48

Пасля здарэння Аляксей звярнуўся да шэрагу медыяў, якія агучылі ягоную гісторыю пра сцяг на гаўбцы. Міліцыянты, якія аглядалі памяшканне, пакрыўдзіліся на Аляксея за тое, што іхныя імёны фігуравалі ў медыях. Пра гэта Аляксею яны самі распавялі некалькі дзён пазней у Ленінскім РАУС.

У Ленінскі РАУС Аляксея выклікалі, каб скласці на яго чарговы пратакол нібыта за арганізацыю несанкцыянаванае акцыі на сваім гаўбцы. Гэта ўжо ч. 3. арт. 23.34 КаАП. Тэхніку Аляксею абяцалі вярнуць пасля выплаты першага штрафу. Ён штраф заплаціў, але тэхнікі дагэтуль не вярнулі.

«Начальнік аддзелу аховы грамадскага правапарадку Ленінскага РАУС Цімур Пахоменка пужаў мяне больш жорсткімі штрафамі паводле трэцяе часткі артыкулу. Ён пагражаў, што я страчу сваю працу. Ягоныя словы былі такімі: «Ты зараз адчуеш, як гэта, і зразумееш, каго любіць, каго падтрымліваць і за каго галасаваць. Чалавек з брудам у галаве не павінен працаваць на дзяржаўным прадпрыемстве. Застанешся без працы і без грошай, і я пагляджу, як аплоціш штраф». Таму я раблю выснову, што Пахоменка сапраўды пастараўся і прыклаў руку да таго, каб мяне звольнілі. А таксама ён сказаў мне, што калі я раскажу пра нашую з ім размову медыям, то больш сваёй тэхнікі ніколі не ўбачу», – кажа Аляксей Барысаў.

Суд за сцяг на гаўбцы дасюль не адбыўся. А вось звальненне Аляксея адбылося – перад самым Новым годам.

«Як толькі я з’явіўся на працы, мяне выклікаў дырэктар і нагадаў, што мяне папярэджвалі – маўляў, няўжо я не разумею, якой дарогай іду. Ну, і сказаў, каб я напісаў заяву на звальненне на ўласнае жаданне. Я разумеў, што калі не напішу сам, то мяне звольняць паводле артыкулу. Гэта зрабіць вельмі проста. Таму пагадзіўся. Спачатку мы дамовіліся, што я напішу заяву на звальненне з канца лютага. Пасля мяне выклікалі да дырэктара яшчэ тры разы і я тры разы перапісваў сваю заяву, пакуль не напісаў з 30 снежня 2020 года», – распавядае Аляксей Барысаў.

Гісторыі
«Гэта катаванні, каб знішчыць як асобу». Размова з маці студэнта, пакаранага 114-дзённым арыштам
2021.01.13 07:28

Паводле Аляксея, за яго заступаліся супрацоўнікі, ягоны начальнік прасіў дырэктара знайсці выйсце, каб не звальняць Аляксея. Але нічога не дапамагло захаваць адмыслоўцу працу.

«Я ўпэўнены, што на дырэктара пачалі ціснуць пэўныя структуры, і ён быў вымушаны мяне звольніць. На яго я зла не трымаю. Я звязваю сваё звальненне менавіта з палітычным пераследам. Як мне ў Ленінскім РАУС сказаў Цімур Пахоменка, што ён зробіць мне навагодні падарунак у якасці звальнення, гэтак яно і адбылося», – робіць выснову Аляксей.

Дваровы марш. Пратэстоўцы прайшліся маршам па дварах у раёне ст. м. Грушаўка, крычалі «Саша ты звольнены», «Глядзі ў акно, а не ў тэлевізар», «Далучайся» і «Жыве Беларусь!». Менск, Беларусь. 9 студзеня 2021 году.
Фота: АК / Белсат

Праваабаронца магілёўскае «Вясны» Барыс Бухель кажа, што цяпер вельмі шмат людзей патрапіла пад палітычны пераслед пасля судоў за ўдзел у акцыях пратэсту. Праўда, не ўсе маюць смеласць пра гэта абвесціць публічна.

«Людзі прыходзяць і кажуць, што міліцыя рассылае на прадпрыемствы паперы, каб ужылі захады наконт сваіх працаўнікоў, якія засвяціліся на пратэстах. Даходзіць да таго, што дырэктараў ставяць перад выбарам: або яны звальняюць непажаданых працаўнікоў, або звольняць іх саміх. Маё меркаванне – што ў такой сітуацыі працаўніку не трэба пагаджацца пісаць заяву паводле свайго жадання. Я раю змагацца за свае правы і звяртацца ў суд. Відавочна, што гэта палітычны пераслед, які забаронены паводле Канстытуцыі», – кажа праваабаронца Барыс Бухель.

Гісторыі
«Хочуць апраўдаць смяротны стрэл у Генадзя Шутава». Берасцейца будуць судзіць за замах на забойства падчас пратэстаў
2020.12.30 13:40

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў