«Раздрабіліся і леглі пад язык». Менчуку пры затрыманні выбілі 8 зубоў і парвалі вусны


Мянчук Вадзім Ж. быў адным з удзельнікаў акцыі «Народны ўльтыматум» Святланы Ціханоўскай 25 кастрычніка. Тады на вуліцы Менску выйшлі амаль 200 тысячаў – столькі людзей збіралася на акцыю ў канцы жніўня. Тая нядзеля была апошнім заклікам да Лукашэнкі добраахвотна сысці і спыніць гвалт у дачыненні беларусаў. Нягледзячы на мірны сцэнар маршу, сілавікі жорстка разагналі дэманстрантаў, ужываючы спецсродкі.

Менск, Беларусь. 25 кастрычніка 2020 г.
Фота: ТК / Белсат

Вадзім з асноўнаю калонаю дайшоў да вуліцы Арлоўскай. Натоўп рушыў у напрамку Палацу незалежнасці. Пратэстоўцы ўшчыльную падышлі да сілавікоў ля рэзідэнцыі Лукашэнкі, а калі пачалі адыходзіць, каля Цэнтральнага РУУС іх сустрэў яшчэ адзін кардон. Мужчыну затрымалі на Старавіленскім тракце непадалёк аддзялення міліцыі. Усё здарылася імгненна, Вадзім нават не пабачыў нападніка.

«Было вельмі ціха, я не чуў крыкаў і пагоні. Метраў праз пяцьдзясят спрынту прыляцеў удар у твар. Я не адчуў болю і нават не зразумеў ні сілы ўдару, ні куды ўдарылі. Праз некалькі секундаў я адчуў, што маска перастала прапускаць паветра, я стаў захлынацца крывёю».

Вадзім выбег на дарогу, падняў рукі і стаў на калені, каб, як сам прызнаецца, яго не моцна кінулі. Праз некалькі секундаў да мужчыны падбеглі сілавікі, павалілі на зямлю, сцягнулі рукі за спінай і павялі ў першы мікрааўтобус, дзе паставілі на калені тварам у падлогу.

«Яны заўважылі, што ў мяне расквашаная ніжнія частка твару. Мне не дазвалялі зняць маскі, каб я не заліў бус крывёю. Я не мог глытаць, бо ў мяне былі зубы пад языком, я нічога не адчуваў. Усё цякло па вопратцы. Калі прыйшоў медык, то сам уразіўся. У мяне была парваная ніжняя вусна, рассечаная верхняя. Ён нічога не зрабіў, толькі выцер кроў, апрацаваў растворам».

Менск, Беларусь. 25 кастрычніка 2020 г.
Фота: ТК / Белсат

«Калі адкрываў рот – крывіліся»

Пасля кароткага апытання Вадзіма перавялі ў другі аўтамабіль. У старой «газелі» яго загналі ў цесны бокс, разлічаны на адну асобу, і змусілі сесці на калені мужчыну, а пасля наверх закінулі яшчэ аднаго затрыманага. У Цэнтральны РУУС, што праз дарогу, бус ехаў 20 хвілінаў. Паветра скончылася праз 5, кажа суразмоўца.

«Мы сядзелі як селядцы ў бочцы. Яшчэ крыху – і мы б адтуль проста вываліліся беспрытомныя, бо пачалі задыхацца».

У пастарунку ўсіх паставілі тварам да сцяны і загадалі апусціць галаву. У Вадзіма пад нагамі адразу з’явілася лужына крыві. Некалькі разоў яму дазволілі памыцца ў прыбіральні і выдалі некалькі бінтоў, але просьбы выклікаць хуткую праігнаравалі. У РУУС мужчыну чакалі два допыты і запіс на камеру.

«Відаць, карцінка не атрымалася, я сцякаў крывёю. На другім допыце адзін са следчых пачаў крычаць, маўляў, прыбяры зубы, на вуснах асколкі зубоў, агідна глядзець. Я не ведаў, як выглядаў. Калі бралі адбіткі пальцаў і фатаграфавалі, я папрасіў паказаць твар, але мне адмовілі. У прыбіральні люстэрка не было. Я запытаў аднаго з затрыманых, ён адмоўна паківаў галавой, я зразумеў, што справы так сабе. Нават міліцыянты ў аддзяленні пыталі, што здарылася, а калі адкрываў рот – крывіліся.

Менск, Беларусь. 25 кастрычніка 2020 г.
Фота: ТК / Белсат

Я адчуваў языком, што няма ўсіх пярэдніх зубоў. Наверсе іх увогуле не было, а ўнізе леглі пад язык. Боль пачаў адчуваць раніцаю. Балела ўсё. Я перастаў адчуваць твар. Я не ведаў, як сябе паводзіць. Разлічваў, што, калі не буду задаваць пытанняў і агрызацца, мне выклічуць хуткую».

«Калі б яны павыляталі, было б прасцей»

Медыкаў выклікалі праз 11 гадзінаў, калі затрыманых пачалі вывозіць на Акрэсціна. Канваіры не захацелі забіраць Вадзіма, сказалі, што «яму там канец, праблемныя не патрэбныя». Міліцыянты пачалі паміж сабою сварыцца, бо не ведалі, што рабіць, згадвае мянчук. Яшчэ праз дзве гадзіны прыехала хуткая, і пад канвоем Вадзіма адвезлі ў 11-ю ГКБ у аддзяленне сківічна-тваравай хірургіі, дзе наклалі швы на вусны, а таксама дыягнаставалі 8 выбітых зубоў.

Жонка Вадзіма не адразу здолела яго знайсці, бо мужчына не мог гаварыць, ягоныя імя і прозвішча запісалі з памылкамі. Канваіры таксама не ведалі, ці пакідаць яго ў шпіталі, таму прыкулі кайданкамі да ложка.

«Я папрасіў суседа з палаты, якому, дарэчы, АМАП паламаў сківіцу, напісаць жонцы маё месцазнаходжанне і выключыўся. Прачнуўся ад таго, што мне адшпілілі кайданкі. Пазней прыйшла медсястра і сказала, што я «свабодны». Хацеў піць, але не ведаў нават, як піць праз паламаныя зубы. Я нават не мог самкнуць рота, бо так балела. Калі б яны павыляталі, было б прасцей».

Менск, Беларусь. 25 кастрычніка 2020 г.
Фота: ТК / Белсат

Са шпіталю Вадзім выйшаў праз два тыдні – без дакументаў і разумення, што будзе далей. Пры затрыманні ў мужчыны забралі торбу, дзе былі пашпарт, правы кіроўцы, банкаўскія карткі, тэлефон. Забраў іх толькі пасля таго, як аплаціў штрафы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і непадпарадкаванне міліцыянту.

«На судзе сведка быў засакрэчаны. Ён сведчыў, што я не падпарадкоўваўся, упіраўся нагамі і крычаў «Трыбунал». У рапарце нічога не было пра маю траўму. Суддзя палічыла, што сведчанняў хопіць».

«Я разумею, што не маю права на хандру»

У Следчы камітэт Вадзім скаргу не падаваў, бо з досведу іншых ведае пра магчымасці пераследу праваахоўнікамі.

«Адвакат сказаў, што справу наўрад ці будуць расследаваць. Калі мяне прывезлі ў хуткую, канваір пачаў пужаць крымінальнаю справаю. Маўляў, усім, каго затрымалі сёння, будуць «шыць крыміналку», бо вокны РУУС закідалі камянямі, а ніхто не будзе разбірацца, хто кідаў».

Вадзім кажа, што эмацыйна трымаўся нармальна, нягледзячы на сур’ёзную траўму, бо ўпэўнены, што ўсё не дарма.

«Сваім прыкладам я паказваю, што сістэма неправамерная. Знаёмыя жартавалі, што сваіх зубоў не шкада, яны бясплатныя. Гумар падбадзёрвае. Ёсць знаёмыя, якія прайшлі праз гвалт 9–11 жніўня, і я разумею, што не маю права на хандру. Насамрэч фізічна ўсё адчувалася значна лягчэй, чым гучыць, бо калі ведаеш навошта, вытрымаеш любое. Мае зубы засталіся ў масцы на вуліцы, не думаю, што я б хацеў на іх глядзіць».

Марш пратэсту ў Менску, 25 кастрычніка 2020 г.
Фота: Агата Квятковска / «Белсат»

Вадзіму будуць патрэбныя стаматалагічныя аперацыі. У дзвюх клініках, куды звяртаўся наш суразмоўца, няма тэхнічных магчымасцяў аднавіць зубы. Вадзім знайшоў прыватны шпіталь, які здолее падняць і зафіксаваць іх вертыкальна. Ніжнія зубы зламаліся глыбока ў корані, раздрабілася косная тканка, якая іх трымае. На верхнія, якія захаваліся ў дзясне, цяпер нельга паставіць пратэзаў, бо яны будуць нагружаць ніжнія. Дактары сказалі пачакаць прынамсі паўгода. Вадзім не можа кусаць, жуе толькі бакавымі зубамі, а таксама не адчувае ніжняй вусны, у якой перабітыя нервовыя адросткі.

ВІДЭА
«Сантыметраў 8–10 вышэй – і мне патрапілі б у сэрца». СК два месяцы правярае факт ранення менчука
2020.10.12 12:25

ДР belsat.eu

Стужка навінаў