Схемы ўкраінскага алігарха Медведчука ў Беларусі


Украінскі алігарх Віктар Медвядчук на менскай дамоўнай пляцоўцы не развязваў праблемаў Украіны, а наладжваў уласны бізнес. Супольнае расследаванне праграмы «Давайце разбірацца» разам з журналістамі ўкраінскага расследніцкага праекту «Схемы».

Расейска-ўкраінскі канфлікт. Дзякуючы пасярэдніцтву ў перамовах паміж двума бакамі афіцыйны Менск у свой час навязаў добрыя дачыненні з краінамі Захаду. Была з гэтага і эканамічная выгада для Беларусі. Аднак накіроўвалася яна не толькі дзяржаве, але і асабіста ў кішэню бізнесоўцу, набліжанаму да Аляксандра Лукашэнкі. Гаворка пра беларускага бізнесоўца Мікалая Вараб’я.

Як выявіла нашае расследаванне супольна з украінскай праграмаю «Схемы», узбагачацца на нафтавым бізнесе ў абыход украінскіх санкцыяў Медведчуку дапамагалі і ў Беларусі. Фармальна Медвядчук прыязджаў у Беларусь на паседжанне кантактнай групы для ўрэгулявання канфлікту на Данбасе. Але ўкраінскі пасол у Беларусі Ігар Кізім казаў, што яго там не бачыў.

«Мяне таксама гэта здзіўляе і выклікае пытанні. Асабліва тое, што ён прадстаўляецца як удзельнік трохбаковай кантактнай групы. Хоць я ў Менску ўжо года паўтара, я не бачыў яго на пасяджэннях групы. Можа, ён, вядома, сустракаецца з удзельнікамі групы. Але, на маё асабістае меркаванне, так прадстаўляцца не зусім карэктна», – Ігар Кізім, пасол Украіны ў Беларусі для TUT.by.

Ігар Кізім выказаў меркаванне, што на сустрэчах Медведчука з Лукашэнкам маглі абмяркоўвацца пытанні бізнесу. Увесну таго ж 2019 года пасля ўсіх згаданых сустрэчаў беларускі алігарх Мікалай Варабей набывае ўкраінскі ўчастак трубаправоду, які перапампоўвае нафтапрадукты з Расеі праз Беларусь ва Украіну і далей на Еўразвяз.

Пасля набыцця «трубы» Мікалай Варабей у інтэрв’ю парталу TUT.by заяўляў, што будзе пастаўляць праз яе ва Украіну беларускія нафтапрадукты. Але фактычна праз яе ў асноўным ішлі пастаўкі дызельнага паліва з Расеі на адрас кампаніі Wexler Group, якую звязваюць з Медведчуком.

Давайце разбірацца
Як нафтабарон Лукашэнкі хаваецца ад санкцыяў. Расследаванне «Белсату»
2021.03.04 19:30

Кампанія Вараб’я займаецца не толькі пастаўкамі беларускіх нафтапрадуктаў, але і сыравіны з акупаваных тэрыторыяў Украіны, і бітуму. Летась украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі распачаў маштабны праект рамонту і будаўніцтва дарог, з-за чаго спажыванне бітуму ва Украіне моцна вырасла. Паколькі ўкраінскія вытворцы не ў стане цалкам задаволіць унутраны попыт, то на падмогу прыйшлі беларускія заводы.

«Гэта асноўны наш бітумны донар. На яго цяпер прыпадае каля 70 % паставак з Беларусі. Гэта Мазырскі НПЗ, «Нафтан», наваполацкі НПЗ і Нафтабітумны завод Мікалая Варабʼя», – галоўны рэдактар выдання «НафтоРинок» Аляксандр Сірэнка.

Таксама пры дапамозе Вараб’я ўкраінская прарасейская партыя нарошчвала і палітычны ўплыў ва Украіне. За апошнія тры гады паплечнік Медведчука Тарас Козак скупіў ва Украіне ажно тры тэлевізійныя каналы: «112 Украіна», «Ньюс Уан» і «Зік». Угоды аб двух з іх афармляліся праз «Абсалютбанк», які належыць Вараб’ю.

Таксама ў праграме «Давайце разбірацца»:

  • Як Пуцін уладкоўвае ключавыя ўгоды праз Беларусь?
  • Хітрая схема праз Эстонію Медвядчука, Варабʼя і ўкраінскай тэлевядоўцы Аксаны Марчанкі, жонкі Медведчука, якая мае нафтаперапрацоўчы завод у Растоўскай вобласці Расеі.
  • Супольны бізнес трох асноўных беларускіх алігархаў: Мікалая Варабʼя, Аляксея Алексіна і Аляксандра Зайцава.

Поўны тэкст расследавання даступны ў фарматах pdf, mobi, epub.

Калаж з фота: Alexei Druzhinin / Kremlin Pool / Zuma Press / Forum, Irina Yakovleva / TASS / Forum

Belsat.eu