Валер падарожнічае па свеце, хаця сядзіць у турме


На праспекце Любімава ў Менску 22 красавіка адбыліся масавыя затрыманні. Акурат у той момант Марыя Петухоўская разам з мужам Валерам Траццяком гулялі непадалёк.

«Я, напрыклад, увогуле не ведала, што ў нас тут праходзіць нейкі марш. Тут ёсць яблыневы сад даволі прыгожы, мы часта там бываем, – прыгадвае падзеі таго дня Марыя. – І ў нейкі момант да Валера проста падышлі два супрацоўнікі і пачалі яго затрымліваць».

У Марыі з сабою не было нават ключоў ад кватэры. Начаваць давялося ў сяброў. Зранку Марыя ўжо была ў судзе.

Мaю прaвa
За шпацыр з парасонам затрымалі палову сям’і Міхайлавых
2021.04.23 20:05

«Мы чакалі, дачакаліся суда, прыехала вельмі шмат Валеравых сяброў, думаю, ён бы парадаваўся. Я кожнаму з іх асабіста вельмі ўдзячная».

Нашая гераіня выступала сведкаю, Валер таксама пераказаў суду падзеі папярэдняга дня. Але быў і невядомы сведка ў масцы, які распавёў суду зусім іншую гісторыю…

«Ён нічога не памятаў пра Валера: ні як ён выглядаў, ні ў што ён быў апрануты. Казаў, што затрымаў шмат людзей і нічога не памятае, але ўсё было вось так».

Але суддзю Фрунзенскага раёну Менску Юлію Чыж такія паказанні сведкі не збянтэжылі. Пастанову яна вынесла без лішніх роздумаў.

«Яна грукнула сваім малаточкам і сказала: «30 содняў!». І пайшла, напэўна, дадому, да сям’і, – распавядае Марыя Петухоўская. – Мне цікава гэта, дарэчы, куды яны пасля ідуць і пра што думаюць…»

Мaю прaвa
Нагавіцы – рэальная прычына затрымання гарадзенкі Любові Сарлай
2021.03.12 19:05

На палітычна матываваных працэсах дзеянні прадстаўнікоў дзяржавы падпадаюць пад цэлы шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Напрыклад, вынясенне суддзёю заведама неправасуднага выраку караецца пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў. А ў выпадку цяжкіх наступстваў такога выраку – да дзесяці гадоў зняволення (арт. 392 Крымінальнага кодэксу РБ).

Літаральна за дзень да затрымання сужэнцы распавядалі адно аднаму пра ўлюбёныя месяцы года. Выявілася, што Валер захапляецца траўнем.

«І ён мне распавядае, што адбываецца ў траўні, чаму гэта такі цудоўны месяц. Што ён самы свежы, усё змяняецца, што ён так яго чакае штогод! І тут я разумею, што мала таго, што ён за кратамі сядзіць, дык суддзя проста з’ела, адкусіла ягоны самы любімы месяц!» – кажа Марыя.

Мaю прaвa
Пакуль жонка была у СІЗА, мужа выслалі з краіны
2021.05.14 20:05

Сяброўка Марыі, пачуўшы гэтую гісторыю, прапанавала ёй стварыць Валеру старонку ў Instagram і посціць туды выдуманыя травеньскія прыгоды хлопца.

«Гэта як быў цягнічок з Рамашкава: «Калі вы прапусціце раніцу, вы спозніцеся на год». Так і адбылося!»

На акаўнт хлопца падпісалася шмат асобаў. Некаторыя сябры падхапілі ідэю і сталі нават арганізоўваць Валеру свае прыгоды. Марыя распавяла здымачнай групе «Маю права», што Валер шмат падарожнічае, нават застаючыся за кратамі:

«Ён быў ужо ў Іспаніі, паехаў у Данію, у Кыргызстан, у Расею, Украіну, цяпер ён у Фінляндыі… Я ведаю – мне скінуць фотаздымкі, гэта ж так здорава!»

Мaю прaвa
У Наваградку міліцыянты шукалі лялькавода – знайшлі музей
2021.04.09 20:05

Так атрымалася, што ў першы дзень затрымання Валера Марыя выйшла на новую працу. Нягледзячы на моцную занятасць, недахоп сну і неймаверную стому, у траўні не было ніводнага дня без новых прыгодаў Валера.

«Што мне, сесці і сядзець?! Як гэта, сесці і сядзець?! Я б села… Але як тут сядзеш пасядзіш… Трэба штосьці зрабіць! Жыццё ідзе… Як так?! Вось… – падсумоўвае Марыя Петухоўская. – Праз тое, што я ўвесь час цягаю з сабою Валера і фатаграфую, у мяне рэальна ёсць адчуванне нейкай ягонай прысутнасці!»

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Наступствы пратэставага жніўня: сына збілі, у дачкі – панічныя атакі
  • Журналіст – значыць, вінаваты!
  • Ведай свае правы!.. Пра вяршэнства Канстытуцыі
  • Мінакі – пра патрэбу ў незалежных медыях

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life»або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.