Каманда Святланы Ціханоўскай зрабіла максімальна ўсё. «Прасвет» з Сяргеем Пелясою


Галоўнае за тыдзень вакол Беларусі. Тэмы праграмы «Прасвет»:

Шоу на касцях беларусаў. Ці пераможа Лукашэнка бел-чырвона-белы сцяг?

Лукашэнка прыехаў у Хатынь, дзе чарговы раз параўнаў большасць беларусаў з нацыстамі і паабяцаў паказаць свету, што такое генацыд. А тым часам рэжым працягвае атакаваць польскую меншасць у Беларусі. Хто знішчыў вёску Хатынь? Чаму незаконны прэзідэнт зноў згадаў пра Рыжскі мір 1921 г.? Ці ўдасца яму раскалоць беларусаў і перамагчы нацыянальны беларускі сцяг? Каментуюць гісторыкі Андрэй Катлярчук ды Ігар Мельнікаў а таксама палітолаг Аляксандр Фядута.

Расейцы прабавалі вербаваць беларускую апазіцыю. Інтэрв’ю з былым амбасадарам Беларусі ў Нямеччыне

Ці былі б цяпер задаволеныя беларусамі заснавальнікі БНР? Чаму ў Беларусі найгоршая ў Еўропе сітуацыя з правамі і дэмакратыяй? Якія шанцы ў беларусаў цяпер на дэмакратычную дзяржаву? Інтэрв’ю з Пятром Садоўскім, экс-амбасадарам Беларусі ў Нямеччыне, які лічыць, што ў бліжэйшыя месяцы наступае вельмі напружаная сітуацыя паміж ЗША і Расеяй.

Захад прабуе вырашыць беларускі крызіс. Ці ключы ад нашых праблемаў ляжаць у Крамлі?

Ад краінаў Захаду – Лукашэнка чуе патрабаванне вызвалення палітзняволеных, перамоваў аб выхадзе з крызісу, чуе пагрозы новых санкцыяў, а сам ідзе на ўсё больш жорсткія крокі ў задушэнні пратэстнага руху. На чым цяпер трымаюцца дыпламатычныя стасункі Беларусь-Захад і якая ў гэтым роля Расеі? Каментуюць палітолагі Кацярына Шмаціна і Андрэй Ягораў а таксама старшыня Камітэту па замежных справах літоўскага парламенту Жыгімантас Павілёніс. Сюжэт Юліі Цяльпук.

Расейскі газаправод праз Балтыйскае мора пасварыў ЗША і Нямеччыну. Як паўплывае ён на Беларусь і яе суседзяў?

На гэтым тыдні дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што будаўніцтва газаправода «Паўночная плынь-2» пагражае інтарэсам як ЗША, так і Еўропы, перш за ўсё інтарэсам такіх краін, як Украіна і Польшча. Але Расея і Нямеччына настойваюць – ніякіх пагроз няма, Газаправод – гэта эканамічны праект, выгадны для ўсіх яго ўдзельнікаў. Якім чынам праблема расейскага газаправоду на дне Балтыйскага мора тычыцца Беларусі, пра інтарэсы і выгаду кожнага з бакоў і аб магчымых датах завяршэння праекта. Каментуюць полькі эксперт у энергетыцы Марыюш Маршалкоўскі, расейскі эканаміст Уладзіслаў Іназемцаў, аналітык рынку нафты і газу з Масквы Міхаіл Круціхін, беларускі эканаміст Леў Марголін ды палітолаг Марыя Шагіна. Матэрыял – Святлана Аўчарова.

Фота з тэлеграм каналу Святланы Ціханоўскай