Беларус прыехаў дадому з Брытаніі, яго затрымалі, палічылі шпіёнам ды моцна збілі


Паводле дэпартаменту грамадзянства і міграцыі МУС, з верасня больш як 10 тысяч беларусаў з’ехалі ў Польшчу, каля трох тысяч – ва Украіну, яшчэ паўтысячы – у краіны Балтыі.

Героі нашага сюжэту апынуліся яшчэ далей. Валерый Самалазаў з ліпеня працаваў у Вялікай Брытаніі. На пачатку жніўня ён прыляцеў на радзіму: прагаласаваць і пабачыцца з сям’ёй. У дзень выбараў каля менскага чыгуначнага вакзалу яго абступілі амапаўцы.

«Іхную ўвагу прыцягнуў мой выгляд, – прыгадвае Валеры Самалазаў. – Я быў па-за горадам, апрануў паходныя штаны і чорную тышортку з чэрапам. Як пасля выявілася, гэта сімвал брытанскага спецназу».

Тышортка, у якой быў Валерый падчас затрымання. Фота з асабістага архіву Валерыя Самалазава

Сілавікі не абмінулі ўвагаю і тэлефон Валерыя, асабліва, гісторыю тэлефанаванняў.

«Уся яна была з Вялікай Брытаніі, я ж толькі што прыляцеў. Яны пачалі падазраваць, што я арганізатар, замежны шпіён», – кажа мужчына.

Валеры кажа, што з гэтай прычыны ў Жодзінскім ізалятары да яго ставіліся асабліва жорстка.

«Мяне катавалі. Мне пашкодзілі рукі. Пасля турмы я два тыдні быў у шпіталі з чэрапна-мазгавою траўмаю. У мяне дагэтуль рукі калоцяцца, як у старога, таму што яны былі доўгі час перацягнутыя сцяжкамі, я не адчуваў рук да локця», – распавядае Валеры.

Рукі пасля сцяжак. Фота з асабістага архіву Валерыя Самалазава
Фота з асабістага архіву Валерыя Самалазава
Фота з асабістага архіву Валерыя Самалазава

Гвалт у тыя жнівеньскія дні перажылі сотні затрыманых.

«Людзі ў аўтазаках крычалі ад болю, людзі маліліся. Дарослыя мужчыны плакалі… Кагосьці ванітавала. Я двойчы траціў прытомнасць», – узгадвае спадар Валерый.

Аднак наш герой адзначае: сярод сілавікоў усё ж трапляюцца і адэкватныя:

«Гэтыя садысты ў чорным, яны адмыслова заломвалі рукі дагары, каб было вельмі балюча. І вялі так, каб ты спатыкаўся, і галаву трымалі ўніз. А міліцыянты – яны сімулявалі. Да мяне падышоў міліцыянт і зрабіў выгляд, што заломвае мяне. На самай справе ён акуратна трымаў мяне і рабіў выгляд: «Чувак, ну эмулюй, нібы табе балюча!»

Пасля выхаду з Жодзінскага ізалятару наш герой трапіў у шпіталь. Там жа ён набыў квіткі ў Лондан, а пасля прылёту папрасіў палітычнага прытулку.

«Каб у мяне быў выбар, я б не з’язджаў з Беларусі. Але ў мяне трое дзяцей. І папросту не хацеў, каб яны раслі без мяне, пакуль я ў турме», – тлумачыць Валеры.

Мaю прaвa
Звярыная жорсткасць: берасцейцу праламалі чэрап і распачалі супраць яго крымінальную справу
2020.10.16 19:05

Наш калега, аператар «Белсату» Зміцер Краўчук, таксама быў вымушаны з’ехаць за мяжу. Яго затрымалі 1-га лістапада – падчас працы на нядзельным маршы.

«Я стаяў на ўзгорку, здымаў… Якраз там былі стрэлы, выбухі. І якраз калі натоўп пачаў адыходзіць, мы пабеглі па дварах. Пачалося паляванне», – узгадвае той дзень Зміцер.

Зміцер адзін выхоўвае няпоўнагадовую дачку. Незадоўга да гэтых падзеяў памерла ягоная жонка.

«Я маліў Бога, каб мяне вызвалілі, бо мне трэба было трапіць на саракавіны па маёй жонцы. І нешта, напэўна, было ў суддзі чалавечае. І яна вынесла пастанову аб маім вызваленні», – кажа наш аператар.

Мaю прaвa
Дзяўчыну збілі пры затрыманні, а цяпер пагражаюць гвалтам
2020.11.27 19:05

Аднак гэта не быў хэпі-энд. Змітра зрабілі падазраваным у крымінальнай справе. Нашага калегу не бралі пад варту. Аднак ён прыняў цяжкое для сябе рашэнне: з’ехаць з Беларусі.

«Перш за ўсё я гэта зрабіў дзеля сваёй няпоўнагадовай дачкі. На «непажаданых» грамадзянаў у нас у Беларусі ціск праз дзяцей, – кажа Зміцер Краўчук. – Вядома, калі б дачка сказала «не пагаджаюся», «не паеду», я б усё ж такі застаўся на Радзіме».

Выканаўчы дырэктар міжнароднай ініцыятывы iSANS Уладзімір Кобец раіць тым, хто збіраецца пакінуць краіну праз грамадска-палітычную сітуацыю, наступнае:

«Найлепш за ўсё атрымаць гуманітарную візу. Гэта цяжка зрабіць сёння толькі праз тое, што шмат дыпламатаў і консулаў з’ехалі. Але гэта можна зрабіць ва Украіне, у Расеі. Мы заахвочваем браць з сабой усе дакументы, якія толькі ёсць. Пастановы, пратаколы, медычныя даведкі. Усё, што сведчыць пра злачынства. Добра, калі ёсць фотаздымкі, зробленыя адразу пасля рэпрэсіяў», – кажа Уладзімір.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • У Горадні праз дзеянні міліцыянтаў пацярпелі вядомы музыка і ягоны ровар
  • Ціск за фотаздымкі: Вучняў школы выклікаюць у міліцыю
  • Дзяўчына з інваліднасцю беспаспяхова шукае працу

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.