«Калі нехта кажа, што немцы кепскія, не трэба перакладаць літаральна». Трампа не разумеюць у Еўропе


Еўрапейскае турнэ прэзідэнта ЗША праходзіць з заўважнымі парушэннямі этыкету.

Ад серады да пятніцы Доналд Трамп паспеў сустрэцца з Папай Рымскім, узяць удзел у міні-саміце НАТО ў Бруселі, а сёння – у італьянскім саміце Вялікай Сямёркі – самых эканамічна магутных краінаў свету.

Медыі пільна сочаць за першай вялікай вандроўкай прэзідэнта Трампа, ды адзначаюць, што дыпламатычнасць гэтых сустрэчаў зусім іншая, чым за папярэдняй адміністрацыяй. Некаторыя аглядальнікі ўжо назвалі яго «капрызным дзіцём палітыкі». Напрыклад, за тое, што штурхнуў без патрэбы прэзідэнта Чарнагорыі, каб быць на фота наперадзе. Ці за публічнае ўшчуванне саюзнікаў па НАТО з прычыны іх слабога фінансавага ўдзелу ў агульнай абароне.

Але ўдзельнікі Паўночнаатлантычнага альянсу публічна не праявілі незадаволенасці. Прынамсі, цяпер Трамп больш не называе НАТО анахранізмам, як у часы выбарчай кампаніі.

На сустрэчах з саюзнікамі Трамп звярнуў увагу найперш на пагрозу міжнароднага тэрарызма, але і на небяспечныя дзеянні Расеі, праблему Сірыі ды КНДР.

«Праблема Паўночнай Карэі – вялікая праблема для ўсяго свету, і яна будзе развязаная, – заявіў Трамп».

Але Трамп наўпрост не пацвердзіў адданасць Злучаных Штатаў Пятаму артыкулу ўставу НАТО – аб калектыўнай самаабароне ў выпадку атакі на аднаго з чальцоў. Артыкулам №5 карысталіся ўсяго аднойчы – пасля тэрарыстычнай атакі на ЗША 11-га верасня.

Агню ў алей непаразуменняў дадалі нямецкія медыі, працытаваўшы Трампа, які ў размове з шэфам Еўракамісіі нібыта назваў Нямеччыну «кепскай» ці нават «злой» – з прычыны занадта вялікага экспарту нямецкіх тавараў у ЗША. Такім чынам Трамп намякаў, што можа ўвесці дадатковыя мыты на нямецкія аўтамабілі.

«Гэта няпраўда, што прэзідэнт Трамп праявіў агрэсіўнасць у размове пра станоўчае гандлёвае сальда Нямеччыны, – заявіў старшыня Еўракамісіі Жан-Клёд Юнкер. – Я лічу, што гэта памылка ў перакладзе. Калі хтосьці кажа, што немцы кепскія, гэта не значыць, што можна перакладаць літаральна».

У Берліне Трампа акуратна назвалі непрадказальным прэзідэнтам.

Таксама ў піку Трампу Нямеччына афіцыйна адмовілася ад амерыканскай прапановы двухбаковых гандлёвых стасункаў. Паводле нямецкага ўраду, краіны Еўразвязу вядуць агульную гандлёвую палітыку, якую рэалізуе Еўрапейская камісія. І менавіта ў агульным рынку сіла Еўразвязу.

Яраслаў Сцешык; фота – Philippe Wojazer / Reuters