Што мусіў паабяцаць француз, каб стаць вялікім князем літоўскім?


Замест Стэфана Баторыя каралём Рэчы Паспалітае мог зрабіцца француз Генрых Валуа. Але літоўская шляхта паставіла жорсткія ўмовы, адна з якіх – свабода веравызнання падданых. Гэта была эпоха цярпімасці ў ВКЛ і час рэлігійных войнаў у Францыі.

Вялікае Княства Літоўскае заўсёды было шматканфесійнаю дзяржаваю. У XVI ст. сюды прыходзіць пратэстантызм. Пратэстантызм быў праяваю Рэфармацыі – руху, які кідаў выклік уладзе Каталіцкага Касцёлу. Пачынальнікам Рэфармацыі быў Марцін Лютэр (1483–1546), сучаснік Францішка Скарыны (≈1490–1551).

Ліцвіны былі сярод першых слухачоў Марціна Лютэра. У 1523–1540 гг. ягоныя лекцыі ў Вітэнбэргскім універсітэце слухалі 20 маладых літоўскіх магнатаў. А ўжо ў 1535 г. слуцкі князь вылучае зямлю лютэранам і дазваляе ім пабудаваць кірху. З гэтага пачынаецца паспяховы распаўсюд пратэстантызму на землях Вялікага Княства Літоўскага.

Сёння ж у Беларусі дзейнічае толькі адна лютэранская кірха. Агулам захавалася менш за дзясятак будынкаў збораў і кірхаў, але яны выкарыстоўваюцца іншымі канфесіямі або занятыя свецкімі ўстановамі.

Як развівалася Рэфармацыя ў Беларусі? Ці быў пратэстантам Францішак Скарына? Чым не падабаўся французскі арыстакрат Генрых Валуа, будучы кароль Францыі, ліцвінскай шляхце? Які ўнёсак зрабіў пратэстантызм у культуру Беларусі? Што прыўнесла Рэфармацыя? Як складаліся адносіны пратэстантаў і праваслаўных? Ці сапраўды ў Рэчы Паспалітай была свабода веравызнання? Пра гэта пагавораць дактары гістарычных навук Святлана Марозава і Аляксандр Краўцэвіч.

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:50. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Калаж з партрэтаў Генрыха ІІІ Валуа ў польскай шапцы (прыпісваецца Франсуа Кэснэлю) і Льва Сапегі (мастак невядомы).