«Ах Александр, Александр, Александр» – народны супергіт! Так дзяржаўнае Беларускае радыё назвала песню пра ўзурпатара на словы Ганны Сялук, насамрэч Ганны Лукашэнкі – нявесткі дыктатара, жонкі Дзмітрыя Лукашэнкі. Цяпер яна стаіць за адкрыццём радыё, якое ад верасня будзе весці трансляцыю цэлыя содні. Радыё «Шансон».
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
«Нядаўна закрылася найстарэйшая прыватная радыёстанцыя ў Беларусі – Бі-Эй. На яе месца ў нейкім сэнсе прыходзяць тры новыя, і ўсе звязаныя з сям’ёй Лукашэнкі», – кажа журналіст «Бюро Медыя» Аляксей Карпека.
Апроч радыё «Шансон», нядаўна адкрылі яшчэ дзве радыёстанцыі: «Супер ФМ» і «Душэ». Усім гэтым займаецца «Музычная частата». Фірма гэтая на 21 % належыць канцэртнай зале «Менск» (чытай – Кіраўніцтву справамі Лукашэнкі), на 30 % – дзяржаўнаму Дому прэсы і на 49% – «Музычнай медыякампаніі», намесніцай дырэктара якой выступае Таццяна Кулакова – сястра Ганны Лукашэнкі. Вось што яна казала летась у інтэрв’ю СТБ:
«Хацелася б, каб нашыя беларусы пачалі любіць сваё, айчыннае. Лепей зрабіць акцэнт на некалькіх выканаўцах і метадычна іх развіваць».
На справе рэжым яшчэ мацней заціснуў музычную сферу. І калі чорныя спісы існавалі і раней, то цяпер ёсць новыя спісы – чые спевы можна дапускаць у эфір.
«Зараз для таго, каб трэк музыкі загучаў, ён павінен быць зарэгістраваны ў адпаведнай музычнай базе, у адпаведным спісе, які дазволены кіраўніцтвам краіны», – гаворыць музычная журналістка Марына Савіцкая.
У кіраўніцтве «Музычнай медыякампаніі» не толькі сястра Ганны Лукашэнкі. Галоўны ўладальнік фірмы – юрыдычная асоба «АНСЛ прадакшн», абрэвіятура, якая нагадвае расейскія ініцыялы «Анны Сергеевны Лукашенко», звяртае ўвагу «Бюро Медыя».
Музычную сферу проста аддалі на водкуп нявестцы Лукашэнкі, гаворыць следчы журналіст Аляксей Карпека. Апроч адкрыцця радыё, «Музычная медыякампанія» выконвае заданні, за якія плоцяць з нашых падаткаў. Апошні прыклад – музычнае суправаджэнне гэтак званых выбараў:
«На 264 тысячы рублёў правядзенне канцэртнай праграмы творчых калектываў і выканаўцаў у рамках завяршальнага этапу культурна-патрыятычнай акцыі “Мы – разам, нас – мільёны” на выбарчых участках гораду Менску 25 лютага 2024 года».
Агулам нявестка Лукашэнкі напісала ўжо больш за 100 песень, сярод іх пахвала не толькі цесцю, але і сілавым органам.
Зусім нядаўна Ганна Лукашэнка зрабілася лаўрэаткаю расейскай прэміі «Шансон года», якую ўручае кампанія расейскага алігарха Міхаіла Гуцэрыева – сябра Лукашэнкі.
Ёсць людзі, якім падабаецца шансон, а таму новае радыё можа знайсці свой водгалас, і не ўсе слухачы пабачыць палітычны падтэкст, кажа музычная журналістка Марына Савіцкая. Але будуць і іншыя рэакцыі:
«Я думаю, што зʼяўленне такой радыёстанцыі можа стаць чарговым раздражняльным крокам для тых, хто жыве ў Беларусі і хто разважае».
Паводле расследавання «Бюро Медыя», летась выручка «Музычнай медыякампаніі» склала больш за 2 мільёны еўраў, а чысты прыбытак дасягнуў 450 тысячаў еўраў.
Вітаўт Сіўчык, «Белсат»