Найгоршы крызіс за два гады ці пастка Ганібала? Тлумачым, што адбываецца на фронце


Цягам апошніх двух тыдняў Расея дэманструе на Данбасе досыць высокія па мерках цяперашняй пазіцыйнай вайны тэмпы прасоўвання. Расейцы дасягнулі прарыву пад Ачарэтным і акупавалі шэраг паселішчаў. Меркаванні экспертаў наконт падзяліліся: адныя прагназуюць, што Украіну цяпер чакае найцяжэйшы перыяд, а іншыя ўказваюць на абмежаванасць магчымасцяў агрэсара і лічаць, што Расея не ў стане пераўтварыць тактычныя поспехі ў стратэгічныя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Від на горад на захадзе сонца ў Кіеве, Украіна. 29 красавіка 2024 года.
Фота: Gleb Garanich / Reuters / Forum

Ачарэтынскі прарыў

Сітуацыя на фронце для Украіны за апошнія тыдні заўважна пагоршылася. Галоўнакамандуючы ЗСУ Аляксандр Сырскі 28 красавіка заявіў, што Расея цяпер імкнецца перахапіць стратэгічную ініцыятыву, атакуе па ўсёй лініі фронту і на некаторых кірунках мае тактычныя поспехі.

«Сітуацыя на фронце абвастрылася», – канстатаваў ён.

Найбольш складаная абстаноўка склалася заходней Аўдзееўкі. Аўдзееўку пасля шматмесячных баёў Расея захапіла 17 лютага. Гэтая перамога была дасягнутая коштам каласальных ахвяраў: паводле некаторых ацэнак, незваротныя страты РФ маглі скласці 16-17 тысяч чалавек. Аднак расейцы не сталі браць аператыўную паўзу, каб аднавіць сілы. Замест гэтага агрэсар працягнуў наступленне, спрабуючы максімальна скарыстацца «акном магчымасцяў», калі ЗСУ праз крызіс заходняй дапамогі адчувае дэфіцыт боепрыпасаў.

Разлік расейскага камандавання ў цэлым спрацаваў. Становішча ўкраінскіх вайскоўцаў працягвала ўскладняцца і 24 красавіка расейцы здолелі прарваць украінскія пазіцыі каля сяла Ачарэтына, што на паўночны захад ад Аўдзееўкі. Тэмпы прасоўвання павялічыліся і падраздзяленні ЗСУ, каб не трапіць у атачэнне, былі вымушаны пакінуць шэраг паселішчаў. Уся абарончая лінія на Пакроўскім кірунку аказалася пад пагрозай.

«Найбольш цяжкая сітуацыя застаецца ў раёне Ачарэтына», – канстатуе ўкраінскі аналітычны праект DeepState, зазначаючы, што вораг спрабуе цяпер развіць поспех і атакуе ў кірунку Канстантынаўскай трасы.

«Расея працягвае наступаць. У раёне Ачарэтына, дзе адбыўся прарыў, пагроза не купіравана», – канстатаваў у эфіры «Вот так» ізраільскі вайсковы эксперт Давід Шарп.

Пры гэтым Інстытут вывучэння вайны (ISW) прыйшоў да высновы, што па стане на 30 красавіка тэмпы расейскага прасоўвання ўсё-ткі замарудзіліся.

Не катастрафічна, але небяспечна

Сітуацыя на фронце ў Данецкай вобласці, заходней Аўдзееўкі, на 1 траўня 2024 году.
Крыніца: deepstatemap.live

Нельга сказаць, што на фронце адбываецца нейкая катастрофа. Расейцы не ўчынілі шырокага і глыбокага прарыву, не захапілі буйных паселішчаў і не перарэзалі жыццёва важныя транспартныя камунікацыі. Незалежная даследчая суполка «Conflict Intelligence Team» канстатуе, што каля Ачарэтына адбыўся «лакальны прарыў украінскай лініі абароны, а не прарыў фронту», які б дазволіў расейцам дзейнічаць у аператыўным тыле ЗСУ.

Разам з тым, варта прызнаць, што сітуацыя з ачарэтынскім прарывам усё-ткі не шэраговая.

Па-першае, па мерках пазіцыйнай вайны, якая назіраецца ва Украіне з канца 2022 году, тэмпы прасоўвання расейцаў можна лічыць досыць высокімі. За тыдзень агрэсар здолеў захапіць шэсць населеных пунктаў, хаця раней баі за кожнае паселішча маглі цягнуцца па некалькі тыдняў ці нават месяцаў.

Па-другое, праблема ачарэтынскага прарыву заключаецца ў тым, што ў ЗСУ пакуль не атрымліваецца стабілізаваць фронт і пашырэнне прарыву яшчэ магчымае.

Песімістычны погляд: Украіну чакае найцяжэйшыя часы

«Паступова, тактычныя поспехі праціўніка на паўночны захад ад Аўдзееўкі ператвараюцца ў аператыўна-тактычныя. Прычым ЗСУ на гэтым кірунку пакуль не здольныя гэтаму перашкодзіць, праціўнік працягвае не толькі прасоўвацца «ў глыбіню», але і пашырае свой прарыў па флангам», – зазначыў у аглядзе за 30 красавіка прадстаўнік даследчай суполкі «Інформаційны спротив» Канстанцін Машавец.

Паводле ўкраінскага эксперта, тэмпы і размах расейскага наступлення паступова нарастае і ствараецца ўражанне, што падраздзяленні ЗСУ на гэтым напрамку проста знясіленыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі назіраюць за пажарам«Адэскай юрыдычнай акадэміі» пасля расейскага ракетнага ўдару. Адэса, Украіна. 29 красавіка 2024 года.
Фота: Sergey Smolentsev / Reuters / Forum

Суполка Frontelligence Insight, заснаваная ўкраінскім афіцэрам пад нікам Tatarigami, тлумачыць, што цяперашні крызіс стаў вынікам затрымкі ў мабілізацыі мерапрыемствах, праблемаў з заходняй вайсковай дапамогай і непадрыхтаванасці абарончых пазіцыяў. Плюс існуюць пытанні да кваліфікаванасці афіцэрскіх кадраў.

Аўтарытэтны польскі вайсковы аналітык Конрад Музыка вельмі песімістычны ў сваіх ацэнках. Ён мяркуе, што цяпер для ЗСУ сітуацыя на фронце найгоршая з сакавіку 2022 году.

«Колькасная перавага расейцаў пастаянна расце, як і колькасць атак. Украіна не перажыла самы цяжкі час. Ён толькі пачнецца», – прагназуе эксперт.

Конрад Музыка, як і Tatarigami, мяркуе, што праблема заключаецца ў недахопе людзей, боепрыпасаў і добра падрыхтаваных абарончых пазіцыяў. Паводле аналітыка, праз крызіс заходніх паставак расход боепрыпасаў у некаторых украінскіх падраздзяленнях скараціўся ў параўнанні з летам 2023 году на 70-90%. Часам артылерыйскі агонь абмежаваны да мінімуму і праводзіцца толькі з санкцыі кіраўніцтва на ўзроўні брыгады. Прычым амерыканскія пастаўкі, на думку Музыкі, дазволіць ЗСУ толькі скараціць асіметрыю па боепрыпасах, а не дасягнуць парытэту з РФ.

Аналітык таксама зазначае, што будаўніцтва ўкраінскіх абарончых лініяў зацягнулася. «Аналізуючы даступныя ў адкрытым доступе спадарожнікавыя здымкі ўчасткаў, дзе Расея цяпер атакуе (у бок Пакроўскага і Канстанцінаўкі), бачных умацаванняў няма. Выглядае на тое, што ўкраінцы засяродзіліся на пабудове кропкавых пазіцыяў супраціву, якія, аднак, паддаюцца флангавым манеўрам, што ўжо адбываецца», – піша ён.

Аптымістычны погляд: пастка Ганібала для Расеі

Аднак далёка не ўсе эксперты ацэньваюць сітуацыю настолькі песімістычна.

Тая ж суполка Frontelligence Insight мяркуе, што праз страты ў тэхніцы і праблемы з лагістыкай расейцы наўрад ці здолеюць учыніць глыбокі прарыў, як гэта было напачатку поўнамаштабнага ўварвання. З прыбыццём папаўнення і боепрыпасаў сітуацыя на лініі фронту стабілізуецца, хаця гэта адбудзецца не ў бліжэйшы час. Пры гэтым Tatarigami настойвае, што да сітуацыі не варта ставіцца легкадумна, бо ў расейцаў ёсць рэзервы, эквівалентныя мінімум двум армейскім корпусам (20-30 тыс жаўнераў), якія могуць быць разгорнуты дзе заўгодна – у тым ліку для аперацыяў на Харкаўшчыне або Сумскай вобласці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы 25-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгады ЗСУ на БМП «Мардэр» ля лініі фронту ў Данецкай вобласці, Украіна. 29 красавіка 2024 года.
Фота: Oleksandr Ratushniak / Reuters / Forum

CIT ставіць пад сумнеў, што расейцы маюць пад рукою два свабодныя корпусы. На думку экспертаў суполкі, калі б у РФ былі вялікія рэзервы, то яны б значна больш эфектыўна выкарысталі свае поспехі ў раёне Ачарэтнага і ўжо б выйшлі ў тыл украінскім падраздзяленням. Аднак гэтага не адбылося.

Расейскі вайсковы аналітык Ян Матвееў лічыць, што характар баявых дзеянняў у раёне Ачарэтнага сведчыць пра тое, што насамрэч Расея проста не здольная пераўтварыць тактычныя поспехі ў стратэгічныя. Паводле яго, пасля прарыву ля Ачарэтнага расейская армія магла паспрабаваць прарывацца далей на Захад, паглыбляючыся ў тылавыя зоны ЗСУ і развальваючы значную частку фронту. Або расейцы маглі адразу ўчыніць аперацыю па лакальнаму атачэнню сілаў ЗСУ на гэтым участку. Але агрэсар стаў проста паступова выцісківаць украінцаў з суседніх паселішчаў.

На думку Матвеева, такая тактыка сведчыць пра адсутнасць паўнавартасных мабільных падраздзяленняў у расейцаў, слабую падрыхтоўку жаўнераў, дрэнную лагістыку, няздольнасць генералаў праводзіць стратэгічныя аперацыі і канцэнтраваць ударны кулак у адным месцы.

«Вось і атрымліваецца, што расейскае войска худа-бедна змагло скарыстацца крызісам у абароне ЗСУ. Аднак развіць поспех – аказалася няздольная. Як Ганібал Барка (карфагенскі военачальнік – заўв. belsat.eu), які перамагаў-перамагаў рымлянаў, а затым прайграў усю вайну, расейскае войска можа дасягаць рэгулярных лакальных поспехаў, але пры захаванні цяперашніх умоваў, яны ніколі не перарастуць у вялікую перамогу над Украінай», – піша Матвееў у сваім Telegram-канале.

Мэта Крэмля – узяць Часаў Яр да 9 траўня

Разам з тым, далейшая страта Украінай тэрыторыяў і важных паселішчаў на Данбасе – цалкам рэальная пагроза.

У расейскага камандавання ёсць два варыянты развіцця поспеху каля Ачарэтнага: працягвацца прасоўвацца на захад да Пакроўску, які з’яўляецца ключавой мэтай РФ на Аўдзееўскім кірунку, або перанесці аперацыі на поўнач, каб падтрымаць наступленне ў раёне Часовага Яру і потым пагражаць Канстанцінаўке. І Канстанцінаўка, і Пакроўска знаходзяцца ад Ачарэтнага прыкладна на адной адлегласці – 27-28 км.

Сітуацыя на фронце ў Данецкай вобласці паміж Часавым Ярам і Ачарэтным на 1 траўня 2024 году.
Крыніца: deepstatemap.live

Падзеі апошніх дзён указваюць на тое, што расейскае камандаванне ўсё-ткі мае намер павярнуць на поўнач. Аналітыкі ISW мяркуюць, што расейцы паспрабуюць наступаць у кірунку Тарэцку, каб забяспечыць узяцце Часова Яру. Горад Часаў Яр мае важнае аператыўна значэнне, ад яго залежыць абароназдольнасць усёй Данецкай вобласці. Захоп гораду забяспечыў бы Расеі плацдарм для наступлення на Дружкоўку і Канстанцінаўку, якія разам са Славянскам і Краматорскам утвараюць пояс «крэпасцяў» на Данеччыне.

Financial Times піша, што Расея, імаверна, у бліжэшыя дні павялічыць інтэнсіўнасць атак, каб выкарыстаць сваю перавагу да таго, як на фронт пачне паступаць зброя з найвялікшай з пачатку вайны партыі амерыканскай вайсковай дапамогі. Раней Сырскі заявіў, што Крэмль паставіў перад сваёй арміяй задачу захапіць Часаў Яр да 9 траўня. У Генштабе Эстоніі, напрыклад, лічаць гэтыя тэрміны нерэальнымі. Праўда, гэта не значыць, што горад не будзе ўзяты пасля 9 траўня. Амерыканскі вайсковы эксперт Роб Лі дапускае, што Украіна можа страціць Часаў Яр нават калі атрымае магчымасць нарасціць расход боепрыпасаў за кошт заходніх паставак.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў