Памежны калапс: заезду ў ЕЗ з Беларусі чакае больш за 1,6 тыс. фураў. Час чакання – 100 гадзінаў


Станам на 16:00 6 траўня заезду з Беларусі на тэрыторыю сумежных краінаў ЕЗ чакала 1630 грузавых аўтамабіляў, з іх 1050 едзе ў Літву, 480 – у Латвію, 100 – у Польшчу. Такія звесткі назваў Дзяржаўны памежны камітэт.

пограничный пункт, Тересполь-Брест, памежны пункт, «Тэрэспаль – Берасце», польско-беларусская граница, беларуска-польская мяжа, Польшча, Польша, Беларусь
Памежны пераход «Тэрэспаль – Берасце» з польскага боку. Тэрэспаль, Польшча. 9 красавіка 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Паводле інфармацыі ДПК, за выходныя дні ў Літву прайшло ў сярэднім 34 % грузавікоў ад нормы. Менш за ўсё аформілі працаўнікі  пераходу «Мядзінінкай – Каменны Лог» – 17 % аўтаў. Праз адзіны дзейны латвійскі пункт пропуску «Патэрніекі – Грыгароўшчына» ў краіны ЕЗ за два дні заехала 43 % грузавікоў. Польскі бок у  «Кукурыкі – Казловічы» прапусціў 58 % фураў ад нормы. Сярэдні час чакання ў чарзе займае 100 гадзінаў.

Паглядзім на сітуацыю з аўтобусамі і легкавымі аўтамабілямі. Перад польскім пунктам пропуску «Тэрэспаль – Берасце» фіксуецца чарга з 35 аўтобусаў і 250 аўтаў. Перад літоўскімі памежнымі пераходамі «Мядзінінкай – Каменны Лог» і «Шальчынінкай – Беняконі» заезду чакаюць 80 і 120 легкавікоў адпаведна.

Да леташняга лютага на мяжы з Польшчаю працавалі два памежныя пераходы, аднак з увагі на вырак журналісту і аднаму з лідараў польскай дыяспары Анджэю Пачобуту пункт «Баброўнікі – Бераставіца» закрылі. Тагачасны міністр унутраных справаў і адміністравання суседняй краіны Мар’юш Каміньскі выставіў умову: аднаўленне працы тэрміналу за вызваленне палітвязня. У Менску палічылі, што закладнік за кратамі важнейшы, чымся бесперашкодныя паездкі беларусаў у Польшчу.

18 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску «Шумскас – Лоша» і «Твярачус – Відзы», 1 сакавіка 2024-га – «Лаворышкес – Катлоўка» і «Райгардас – Прывалка»,  абгрунтаваўшы гэта захадамі бяспекі. На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць толькі два памежныя пераходы –  «Мядзінінкай – Каменны Лог» і «Шальчынінкай – Беняконі».

Магчымасць трапіць у Літву на цягніку Менск – Калінінград таксама закрылі. Пасадка і высадка пасажыраў на чыгуначных станцыях «Кяна» і «Кібартай» прыпыненыя.

Закранулі змены і рэгулярныя рэйсы. Колькасць дазволаў беларускім і літоўскім перавознікам скарацілі да 29. Нерэгулярны транспарт з дзевяццю і больш месцамі таксама цяпер абавязаны мець дазвол.

З леташняга верасня толькі адзін пункт пропуску працуе на мяжы Беларусі з Латвіяй – закрыццё другога тэрміналу ў Рызе назвалі адказам на міграцыйны крызіс.

Адсочваць абставіны на памежных пераходах на беларускім баку ў рэальным часе можна на інфармацыйным партале Памежнага камітэту і ў мабільнай праграме «Граница Беларуси».

Меркаванні
Ці адчыніць Польшча памежныя пераходы?
2024.05.04 12:40

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў