Сітуацыя ва Украіне: расейцы прасоўваюцца на ўсходзе краіны


«Белсат» падводзіць вынікі 803-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 6 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы брыгады «Хартыя» Нацгвардыі Украіны страляюць з артылерыі Д-20 у накірунку Купянску Данецкай вобласці, Украіна. 5 траўня 2024 года.
Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё 14 атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Пішчанае і Бераставое ў Харкаўскай вобласці, а таксама каля Стэльмахаўкі ў Луганскай.

Між тым аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што войскі РФ цалкам занялі сяло Кіслоўка ў Купянскім раёне на Харкаўшчыне, што пацвярджае ранейшыя паведамленні.

Тэлеграм-канал «Белорусский силовик» піша, што агулам за апошнія дні на гэтым участку фронту УС РФ прасунуліся на глыбіню да 1,15 кіламетра па шырыні да 1,32. Нагадаем, раней пад кантроль расейцаў таксама перайшло суседняе сяло Катляроўка, што пацвердзіла і Міністэрства абароны РФ.

Яшчэ адна прарасейская крыніца – тэлеграм-канал «Рыбарь» – заяўляе пра заняцце УС РФ лесапасалы на подступах да Стэльмахаўкі.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» піша, што цяпер войскі РФ на купянскім кірунку праводзяць штурмавыя дзеянні малымі групамі, імкнучыся знайсці слабыя месцы ў абарону Збройных сілаў.

На суседнім ліманскім кірунку Генштаб ЗСУ фіксуе шэсць безвыніковых атак праціўніка каля Неўскага на Луганшчыне і каля Новасадовага і Торскага на поўначы Данецкай вобласці.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» паведамляе, што самыя ЗСУ адбілі адну з пазіцыяў у ваколіцах Торскага. Пры гэтым крыніца адзначае, што войскі РФ на ліманскім кірунку актыўна назапашваюць рэзервы, імкнучыся да аднаўлення больш інтэнсіўных баявых дзеянняў.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту на поўначы Данецкай вобласці, а таксама ў Луганскай з поўдня ад ракі Северскі Данец)

На бахмуцкім кірунку захоўваецца ініцыятыва Узброеных сілаў РФ, якія цягам апошніх содняў не менш за 36 разоў атакавалі ў ваколіцах населеных пунктаў Белагораўка, Верхнякаменскае, Спірнае, Выемка, Раздолаўка, Часаў Яр, Клішчыеўка, Іванаўскае і Андрэеўка.

Пры гэтым найцяжэйшым участкам фронту для сілаў абароны Украіны па-ранейшаму з’яўляюцца ваколіцы гораду Часаў Яр, які расейцы штурмуюць з усходу, а таксама намагаюцца абысці па флангах з поўначы і поўдня.

Між тым пакуль ніводная з крыніцаў не фіксуе заўважных зменаў па лініі сутыкнення.

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку,  паводле ўкраінскага камандавання, расейскія вайскоўцы 31 раз атакавалі ў ваколіцах населеных пунктаў Новааляксандраўка, Новапакроўскае, Уманскае, Яснабродаўка і Няйталава, але поспеху не дасягнулі.

Пры гэтым у Deepstate сцвярджаюць, што на паўднёвым фланзе кірунку расейцы прасунуліся на поўдні ад Первамайскага і з поўначы ад Няйталава.

«Рыбарь» удакладняе, што ў самім Няйталаве УС РФ рухаюцца ў бок мясцовай школы. Акрамя гэтага крыніца фіксуе прасоўванні на паўночным фланзе ў ваколіцах раней занятага сяла Ачэрэтына.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць аб поспехах і ў сяле Уманскае.

Мінабароны РФ піша, што ЗСУ контратакуюць па ўсёй лініі сутыкнення, імкнучыся вярнуць раней страчаныя пазіцыі.

На навапаўлаўскім кірунку працягваюцца баі на тэрыторыі цагельнага заводу ў горадзе Краснагораўка.

Ніжэй па фронце расейцы атакуюць у ваколіцах населеных пунктаў Канстанцінаўка, Парасковіеўка і Вадзяное.

Прарасейскі тэлеграм-канал «НгП раZVедка» удакладняе, што пры гэтым Парасковіеўка застаецца пад поўным кантролем сілаў абароны Украіны, а паведамленні пра заход расейцаў у сяло не адпавядаюць рэчаіснасці.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На бярдзянскім кірунку Узброеныя сілы РФ ціснуць на так званым урэмеўскім выступе каля сёлаў Ураджайнае і Старамаёрскае (на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў). Канал «Два майора» фіксуе прасоўванні расейцаў на адлегласць каля аднаго кіламетра з усходу ад Ураджайнага.

У Запарожскай вобласці сітуацыя на фронце застаецца адносна стабільнай: баі па-ранейшаму лакалізуюцца на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў, але пакуль ніводны з бакоў канфлікту не можа дасягнуць істотных поспехаў.

Не фіксуецца зменаў і ў Херсонскай вобласці, дзе расейцы атакуюць на левым беразе Дняпра, імкнучыся выбіць ЗСУ з займаных плацдармаў.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў