У Беларусі размеркавалі сродкі інавацыйнага фонду. Найбольш атрымалі прамысловасць і сілавы блок


На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі 7 траўня была апублікаваная Пастанова Савету Міністраў № 335 ад 3 траўня 2024 года «Аб фінансаванні навукова-даследчых, вопытна-канструктарскіх і вопытна-тэхналагічных працаў у 2024 годзе». Дакумент вызначыў распараднікаў і аб’ёмы сродкаў рэспубліканскага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду ў гэтым годзе.

Сілавікі ў СІЗА № 7 Берасця.
Фота: virtualbrest.ru

На даследаванні з інавацыйнага фонду сёлета будзе выдаткавана 35 909 799 рублёў. Самую значную суму атрымае Міністэрства прамысловасці – 15 178 447 рублёў.

На другім месцы – Аператыўна-аналітычны цэнтр, якому на інавацыйныя даследаванні дадуць 8 706 109 рублёў. ААЦ – сілавая структура, што займаецца лічбавай галіной і супрацоўнічае з КДБ.

«Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнту – у савецкі час гэтая арганізацыя займалася абаронай сакрэтаў, шыфраваннем. Гэта было падраздзяленне КДБ. Сёння яна адказвае ў тым ліку і за гэтыя функцыі ды за тэхнічную частку кантралявання беларускага інтэрнэту», – пракаментаваў «Белсату» медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Аб’ектыў
Распачаўся новы этап вайны з інтэрнэтам у Беларусі
2024.04.09 20:48

Дзяржаўны вайскова-прамысловы камітэт атрымае 5 692 225 рублёў, МУС – 398 000 рублёў. Такім чынам, на сілавы блок пойдзе разам 14 796 334 рублі, што толькі крыху менш, чымся на прамысловасць. У той жа час Акадэмія навук на інавацыйныя даследаванні атрымае толькі траціну ад гэтай сумы – 4 964 000 рублёў.

Міністэрству аховы здароўя вылучылі 736 818 рублёў. Найменш атрымае Міністэрства сельскай гаспадаркі – 234 200 рублёў.

Рэспубліканскі цэнтралізаваны інавацыйны фонд быў створаны з мэтаю падтрымання інавацыйных даследаванняў у розных галінах. Ён фармуецца коштам падатку на прыбытак і міжбюджэтных трансфертаў з мясцовых інавацыйных фондаў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў