Ва Украіне перадухілілі замах на Уладзіміра Зяленскага і прадстаўнікоў кіраўніцтва краіны


7 траўня Служба бяспекі Украіны (СБУ) заявіла пра выкрыццё сеткі агентаў, якія рыхтавалі забойства прэзідэнта Украіны і іншых прадстаўнікоў найвышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва Украіны. Затрыманыя два палкоўнікі Упраўлення дзяржаўнай аховы.

Затрыманне аднаго з падазраваных у арганізацыі замаху.
Фота: ssu.gov.ua

Ажыццявіць планы забойства Уладзіміра Зяленскага мусіла сетка агентаў, якую ўдалося выкрыць супрацоўнікам Контравыведкі і СБУ пры дапамозе Упраўлення дзяржаўнай аховы. Дзейнасць гэтай сеткі курыравалася расейскай Федэральнай службай бяспекі (ФСБ). У прыватнасці, у гэтую сетку ўваходзілі двое палкоўнікаў Упраўлення дзяржаўнай аховы, якія перадавалі сакрэтную інфармацыю расейскім спецслужбам, паведамляе прэс-служба СБУ.

Адным з заданняў агентурнай сеткі быў пошук выканаўцаў забойства Уладзіміра Зяленскага сярод вайскоўцаў, набліжаных да прэзідэнцкай аховы. Зяленскага меркавалася ўзяць у закладнікі, пасля чаго ліквідаваць.

Акрамя прэзідэнта Украіны, агенты планавалі ліквідацыю кіраўніка СБУ Васіля Малюка, кіраўніка Галоўнага ўпраўлення разведкі (ГУР) Кірылы Буданава, а таксама іншых прадстаўнікоў найвышэйшай улады Украіны.

Паводле СБУ, забіць Кірылу Буданава збіраліся перад Вялікаднем. Для гэтага завербаваны агент мусіў сачыць за перамяшчэннямі кіраўніка ГУР і перадаваць спецслужбам РФ неабходную інфармацыю. Пасля ў каардынаты будынку, дзе мусіў быць Буданаў, планавалася нанесці ракетны ўдар.

Узбраенне, перададзенае для ўчынення забойства.
Фота: ssu.gov.ua

Узбраенне для агента, які мусіў выканаць заданне, забяспечыў палкоўнік Упраўлення дзяржаўнай аховы, які прывёз у Кіеў FPV-дроны, зарады для РПГ-7 і супрацьпяхотныя міны. СБУ сачыла за перамяшчэннямі палкоўніка ў іншы рэгіён Украіны і фіксавала размовы патэнцыйнага выканаўцы тэракту з куратарам з ФСБ.

У выніку аперацыі СБУ былі затрыманыя двое палкоўнікаў. Як удалося высветліць журналістам, аднаго з затрыманых завуць Андрэй Гук, ён быў начальнікам аднаго з дэпартаментаў Упраўлення дзяржаўнай аховы.

Хадою аперацыі кіраваў беспасярэдне кіраўнік СБУ Васіль Малюк. Тэракт мусіў быць «падарункам» Уладзіміру Пуціну на інаўгурацыю 7 траўня.

Нагадаем, што 18 красавіка ўкраінскія спецслужбы разам з супрацоўнікамі праваахоўных органаў Польшчы затрымалі расейскага агента, які прапаноўваў дапамогу ў рыхтаванні замаху на прэзідэнта Украіны, калі той прыедзе ў Польшчу. Як паведамляецца, мужчына мусіў збіраць звесткі пра захады бяспекі ў польскім аэрапорце «Жэшаў-Ясёнка», пасля чаго перадаваць іх у Маскву.

Вядома, што амаль за год поўнамаштабнай вайны Уладзімір Зяленскі перажыў больш за 12 замахаў на сваё жыццё. Частку з іх дапамагло перадухіліць амерыканскае CIA. Як адгукаўся пра гэтыя замахі сам Зяленскі, пасля пятай спробы яму «было ўжо нецікава», колькі такіх замахаў было.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў