Расейцы прасоўваюцца на так званым урэмеўскім выступе. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 805-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 8 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацйны характар. Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё 16 атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Пішчанае і Бераставое ў Харкаўскай вобласці, а таксама каля Стэльмахаўкі ў Луганскай.

У сваю чаргу ў Міністэрстве абароны РФ афіцыйна пацвердзілі ранейшыя паведамленні пра захоп сяла Кіслоўка і заявілі пра паляпшэнне становішча па пярэднім краі каля населенага пункту. Акрамя гэтага ў ведамстве пішуць пра адбіццё трох контратак праціўніка ў ваколіцах Стэльмахаўкі.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» мяркуе, што цяпер на купянскім кірунку УС РФ будуць рухацца ў бок сяла Іванаўка, якое знаходзіцца на поўначы ад Кіслоўкі.

На ліманскім кірунку, па інфармацыі Генштабу ЗСУ, расейскія вайскоўцы тройчы атакавалі каля Неўскага і Цернаў у Луганскай і Данецкай вобласцях адпаведна, але прасунуцца не здолелі. На гэтым участку фронту расейцы намагаюцца выбіць сілы абароны Украіны з плацдарму на левым беразе ракі Жарабец.

Тым часам праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» піша, што ЗСУ знішчылі некалькі складоў з боепрыпасамі праціўніка на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва (на паўднёвым захадзе ад гораду Крэмінная на Луганшчыне), у выніку чаго выгарала амаль уся падкантрольная расейцам частка лесу, што ў сваю чаргу пагоршыла пазіцыі расейцаў.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту на поўначы Данецкай вобласці, а таксама ў Луганскай з поўдня ад ракі Северскі Данец)

На поўначы бахмуцкага кірунку расейцы ціснуць у ваколіцах населеных пунктаў Верхнякаменскае, Выемка, Спірнае і Раздолаўка, але істотных поспехаў не маюць.

На захадзе ад Бахмуту асноўныя намаганні Узброеных сілаў РФ засяроджаныя на ваколіцах гораду Часаў Яр, які яны атакуюць з усходу, а таксама намагаюцца абысці па флангах з поўначы і поўдня.

Пры гэтым «Рыбарь» сцвярджае, што баі ідуць на тэрыторыі самога гораду ў мікрараёне на ўсходзе ад каналу Северскі Данец – Данбас. Таксама крыніца ўдакладняе, што на паўднёвым фланзе УС РФ атакуюць у заказніку Ступкі-Галубоўскія-2 і па лініі населеных пунктаў Іванаўскае – Клішчыеўка.

Разам з тым ніводная з крыніцаў не фіксуе зменаў па лініі сутыкнення.

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

Ініцыятыва Узброеных сілаў РФ захоўваецца і на аўдзееўскім кірунку, дзе яны намагаюцца развіць наступ на захадзе ад раней занятага аднайменнага гораду.

Украінскае камандаванне піша пра 27 няўдалых атак праціўніка за апошнія содні каля населеных пунктаў Александропаль, Новааляксандраўка, Прагрэс, Яўгенаўка, Навасёлаўка Першая, Уманскае і Нятайлава.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што на паўночным фланзе кірунку войскі РФ паступова прасоўваюцца на захад уздоўж чыгуначнай лініі з ваколіцаў раней занятага Ачэрэтына да сяла Прагрэс. Таксама яны рухаюцца на поўнач ад чыгункі да сяла Новааляксандраўка, на подступах да якой цяпер ідуць баі за лесапасадкі.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» паведамляе, што на паўднёвым захадзе ад Ачэрэтына УС РФ прасунуліся да ўскрайкаў сяла Новапакроўскае.

«Рыбарь» сцвярджае, што ў гэты ж час на паўднёвым фланзе кірунку працягваюцца сустрэчныя баі ў сяле Няйталава.

Мінабароны РФ фіксуе контратакі ЗСУ па ўсёй лініі сутыкнення.

Аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што на навапаўлаўскі кірункі Узброеныя сілы РФ цягам содняў прасунуліся на паўночным усходзе Краснагораўкі ў ваколіцах вуліцы Першага траўня.

У сваю чаргу байцы 46-й брыгады ЗСУ мяркуюць, што пры далейшым развіцці поспеху расейцамі на гэтым участку фронту ў складаным становішчы акажуцца абаронцы паўднёва-ўсходняй часткі гораду, якім пагражае атачэнне.

Далей на поўдзень па лініі сутыкнення працягваюцца сустрэчныя баі ў цэнтральнай частцы сяла Георгіеўка і ў ваколіцах Пабеды. Яшчэ ніжэй – атакуюць расейцы ў ваколіцах Канстанцінаўкі і Вадзянога.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На бярдзянскім кірунку Узброеныя сілы РФ наступаюць на так званым урэмеўскім выступе на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў.

У Deepstate фіксуюць прасоўванні войскаў РФ каля сяла Старамаёрскае, у выніку чаго цяпер лінія сутыкнення праходзіць па паўднёвых ускрайках населенага пункту.

Прарасейскія крыніцы пішуць, што таксама расейцы занялі лесапасадкі на захадзе ад Старамаёрскага і, імаверна, перарэзалі дарогу на Рыўнопаль. Сцвярджаецца, што агулам прасоўванні адбыліся на ўчастку шырынёй каля 3,3 на глыбіню да 1,15.

Міністэрства абароны РФ таксама піша пра заняцце сваімі вайскоўцамі больш выгадных рубяжоў на ўрэмеўскім выступе. Акрамя гэтага ў ведамстве адзначаюць няўдалыя контратакі ўкраінцаў каля Старамаёрскага і суседняга сяла Ураджайнае.

У Запарожскай вобласці ідуць сустрэчныя баі на выступе па фронце паміж сёламі Вэрбовае і Работына (з поўдня ад гораду Арэхаў), але істотных зменаў па лініі сутыкнення не назіраецца.

Нязменнай застаецца сітуацыя і ў Херсонскай вобласці, дзе расейцы беспаспяхова атакуюць на левым беразе Дняпра, імкнучыся выбіць ЗСУ з займаных плацдармаў.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў