Большая частка амерыканскай зброі з пакету дапамогі для Украіны, што цяпер праходзіць ухваленне ў Кангрэсе ЗША, размешчаная ў Еўропе. Пра гэта паведаміла крыніца амерыканскага тэлеканалу CNN, знаёмая з наданнем вайсковай дапамогі Украіне.
Паводле крыніцы, большая частка ўзбраення з планаванай дапамогі ўжо прысутнічае на складах у Нямеччыне і Польшчы. У ліку першых ва Украіну паступяць артылерыйскія снарады.
Прадстаўнік Пэнтагону Патрык Райдэр, выступаючы на мінулым тыдні перад галасаваннем у Палаце прадстаўнікоў, заявіў, што Міністэрства абароны ЗША «гатовае хутка адрэагаваць», як толькі будзе аддадзены загад.
«Як вы ведаеце, у нас вельмі надзейная лагістычная сетка, што дазваляе нам вельмі хутка перамяшчаць матэрыяльныя сродкі. Як мы рабілі ў мінулым, мы можам перавезці [сродкі] цягам некалькіх дзён», – сказаў ён.
Гэта пацвердзіў Марк Ўорнэр, старшыня камітэту выведкі Сенату ЗША, які сказаў «CBS News» у нядзелю, што спадзяецца, што тэхніка будзе «ў дарозе да канца тыдня».
Сенат ЗША плануе разгледзець законапраект аб дапамозе Украіне, Ізраілю і Тайваню 23 красавіка. 20 красавіка дакумент ухваліла Палата прадстаўнікоў ЗША.
Якуб Хруст belsat.eu