У Лондане мужчына з самурайскім мячом напаў на мінакоў. Загінуў 13-гадовы хлопчык


Чалавек, узброены самурайскім мячом, у аўторак раніцай напаў на мінакоў ва ўсходняй частцы Лондану. Нападнік арыштаваны. Пра гэта паведамляе Бі-бі-сі.

Каля сёмай гадзіны раніцы ў паліцыю паступілі паведамленні пра тое, што ў раёне Гэйнат аўтамабіль урэзаўся ў дом, пасля чаго мужчына, узброены самурайскім мячом, напаў на мінакоў і патруль паліцыі.

Паводле звестак лонданскай паліцыі, у выніку гэтага здарэння загінуў 13-гадовы хлопчык і параненыя яшчэ чатыры асобы, у тым ліку двое паліцыянтаў. Усе чацвёра пацярпелых дастаўленыя ў лякарню. Паводле папярэдняй інфармацыі, пагрозы для іхнага жыцця раненні не ўяўляюць.

36-гадовы нападнік арыштаваны. Матывы злачынства невядомыя. Аднак паліцыянты не лічаць гэтага нападу тэрарыстычным актам.

«The Guardian» піша, што праваахоўнікі цяпер высвятляюць, ці ёсць у арыштаванага псіхічныя хваробы.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў