Літву чакае другі тур выбараў: у ім сустрэнуцца дзейны прэзідэнт і прэм’ер


У Літве працягваецца падлік галасоў на прэзідэнцкіх выбарах, якія прайшлі 12 траўня. Пасля таго як апрацавалі бальшыню галасоў, стала зразумела, што краіну чакае другі тур, у якім сустрэнуцца дзейны прэзідэнт Гітанас Наўседа і прэм’ерка Інгрыда Шыманіце.

Інгрыда Шыманіце і Гітанас Наўседа сустрэнуцца ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў.
Фота: Delfi.lt

На 7:00 13 траўня пасля падліку галасоў на ўсіх 1895 выбарчых участках стала відавочна, што Гітанас Наўседа не пераадолеў парогу 50 %, неабходнага для перамогі ў першым туры. Краіну чакае другі тур, які адбудзецца 26 траўня.

Наўседа набраў 44,54 % галасоў, за ім ідзе дзейная прэм’ерка Інгрыда Шыманіце з 19,94 % галасоў. Кандыдат Ігнас Вегеле, які, паводле папярэдніх апытанняў, лічыўся адным з найбольш верагодных апанентаў Наўседы ў другім туры, атрымаў 12,47 %.

Астатнія кандыдаты набралі меней за 10 %: Рэмігіюс Жамайтайціс – 9,97 %, Эдуардас Вайткус – 7,66  %, Дайнюс Жалімас – 3,29 %, Андрус Мазуроніс – 1,47 % і Гіедрымас Яглінскас – 1,33 %.

Гітанас Наўседа і Інгрыда Шыманіце ўжо сустракаліся падчас выбарчай гонкі ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў 2019 года.

Каментуючы навіну пра тое, што краіну чакае другі тур, Гітанас Наўседа адзначыў, што хацеў перамагчы ў першым туры, але гатовы да барацьбы і ў другім.

«Я магу сказаць вось што: так, я хацеў перамагчы ў першым туры. Але, відаць, будзе другі тур. Я гатовы змагацца за перамогу і ў другім туры і думаю, што ўдасца гэта зрабіць», – заявіў Наўседа.

У сваю чаргу Інгрыда Шыманіце падкрэсліла, што ейнай асноўнай мэтай было выйсці ў другі тур:

«Маёй галоўнай мэтай на гэтым этапе было выйсці ў другі тур. І я думаю, гэта дасягнута».

Адметна, што сёлета, паводле экспертаў, назіралася самая высокая яўка выбарнікаў за апошнія два дзесяцігоддзі: на выбарчыя ўчасткі прыйшлі 59,37 % выбарнікаў. У сярэднім яўка падчас выбараў за папярэднія гады вагалася ад 48,4 % (у 2004-м) до 53,9 % (у 2002-м).

Агляд
Што трэба ведаць беларусам пра выбары прэзідэнта ў Літве?
2024.05.10 07:00

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў