Што трэба ведаць беларусам пра выбары прэзідэнта ў Літве?


12 траўня ў Літве адбудуцца прэзідэнцкія выбары. На гэты пост у краіне прэтэндуюць восем кандыдатаў. «Белсат» паглядзеў, хто яны, а таксама паспрабаваў высветліць, ці зменіцца палітыка ў дачыненні да Беларусі разам са зменай прэзідэнта ў суседняй краіне… калі гэта раптам адбудзецца.

Кандыдаты на пасаду прэзідэнта ў Літве.
Фота: Delfi.lt

Парламенцкая рэспубліка

Літва – шматпартыйная парламенцкая рэспубліка з рысамі прэзідэнцкай рэспублікі. Менавіта таму выбары прэзідэнта ў краіне-суседцы маюць крыху іншую вагу, чым у Беларусі. Куды больш увагі надзяляецца выбарам у Сейм, які з’яўляецца найвышэйшым заканадаўчым органам і па-сутнасці вызначае ўсю ўнутраную палітыку краіны.

Прэзідэнт у Літве адказвае за фармаванне знешняй палітыкі, прызначае міністраў, прэм’ер-міністра, суддзяў і выконвае функцыі вярхоўнага галоўнакамандуючага.

«Прэзідэнт у Літоўскай рэспубліцы – гэта персона, якая адказвае больш за знешнюю палітыку, робіць заявы стратэгічнага плану, але не мае наўпроставага кіравання ўнутранымі працэсамі. Гэтым займаецца ўрад і парламент. Таму значнасць прэзідэнта ў сістэме Літоўскай рэспублікі не такая, як у Беларусі. Гэта не пуп зямлі і не ісціна ў апошняй інстанцыі, гэта чалавек, які рэпрэзентуе краіну. І па-другое, ён з’яўляецца галоўнакамандуючым, што вельмі важна з улікам таго, што Еўропа рыхтуецца да вялікай вайны», – адзначае кіраўнік BYSOL Андрэй Стрыжак.

Пры гэтым паўнамоцтваў у літоўскага прэзідэнта больш, чым у калег з Эстоніі і Латвіі: акрамя вышэйпералічаных функцыяў ён валодае заканадаўчай ініцыятывай і мае права накладання заканадаўчага вета. Але «царскіх паўнамоцтваў», як ягоны ўсходні калега, не мае.

Кандыдаты

Для ўдзелу ў выбарчай гонцы кандыдаты павінны сабраць 20 тысячаў подпісаў, якія пасля мусяць прайсці праверку ў цэнтральнай выбарчай камісіі.

Сёлета на пасаду прэзідэнта ў Літве прэтэндуюць васьмёра палітыкаў:

  • дзейны прэзідэнт Гітанас Наўседа;
  • прэм’ер-міністарка краіны Інгрыда Шыманіце;
  • незалежны кандыдат, адвакат Ігнас Вегеле;
  • былы старшыня Канстытуцыйнага суду краіны, кандыдат Партыі свабоды Дайнюс Жалімас,
  • самавылучэнец, лекар Эдуардас Вайткус;
  • намеснік старшыні Сейма, кіраўнік Партыі працы Андрус Мазуроніс;
  • былы намеснік міністра абароны Літвы, кандыдат ад дэмакратычнага саюзу «У імя Літвы» Гедрымас Еглінскас;
  • экс-дэпутат Сейма Рэмігіюс Жэмайтайціс.

Калі ж ацэньваць шанцы ўсіх кандыдытаў на перамогу, то найбольш іх у дзейнага прэзідэнта Гітанаса Наўседы. Паводле апытанняў, праведзеных у канцы лютага – пачатку сакавіка, за яго былі гатовыя прагаласаваць 44,4 % рэспандэнтаў. І нават нягледзячы на тое, што адбыўся некаторы спад падтрымкі (на пачатку красавіка яна знізілася амаль на 10 % – да 35,2 %), ён усё адно сур’ёзна апераджае іншых кандыдатаў.

Адметна, што Наўседа застаецца і самым папулярным палітыкам краіны. У сакавіку 64,9 % апытаных далі яму станоўчую адзнаку.

Яшчэ два кандыдаты з першай тройкі пакрысе нарошчваюць падтрымку: так, цягам месяца з 9,4 % да 12,3 % вырас рэйтынг адваката Ігнаса Вегеле. Не адстае ад яго і прэм’ер-міністарка краіны Інгрыда Шыманіце: у сакавіку ейны рэйтынг быў вызначаны як 5,8 %, а ў красавіку ўжо як 10,2 %.

Пазіцыі іншых кандыдатаў такія: 8,7 % мае ўжо былы дэпутат парламенту Рэмігіюс Жэмайтайціс, які быў пазбаўлены мандату за свае антысеміцкія выказванні (цікава, што нягледзячы на скандал ягоны рэйтынг крыху вырас – з 5,8 %). За ім ідуць Эдуардас Вайткус з 4,7 %, дэпутат Партыі свабоды Дайнюс Жалімас – 3,9 %, лідар Партыі працы Андрус Мазуроніс – 2,1 % і кандыдат дэмакратычнага саюза «У імя Літвы» Гедромас Еглінскас – 1,6 %.

Хто будзе ў другім туры?

Але з улікам таго, што апытанні не фіксуюць у Гітанаса Наўседы падтрымку, вышэйшую за пяцідзесяціадсоткавы бар’ер, то з вялікай доляй верагоднасці можна чакаць другога туру выбараў.

«І вось тут хіба галоўная інтрыга – хто выйдзе ў другі тур разам з Наўседам, – адзначае Андрэй Стрыжак. – Ёсць асноўныя два кандыдаты, якія могуць скласці яму канкурэнцыю ў другім туры. Гэта дзеючая прэм’ер-міністарка Інгрыда Шыманіце, якая моцна згубіла ў папулярнасці літоўцаў праз тое, што была кіраўніцай дзеючай улады (у электаральных дэмакратыях гэта стандартная гісторыя – людзі стамляюцца ад улады, якая зараз ёсць, хочуць чагосьці новага). І яшчэ адзін кандыдат – Ігнас Вегеле. З ім усё вельмі няпроста: ён адзначыўся на дэбатах некалькімі цікавымі выказваннямі: напрыклад, заявіў, што калі б ён быў прэзідэнтам, то вярнуў бы амбасадара ў Беларусь, і ўвогуле ставіў пытанне, навошта Ціханоўская знаходзіцца ў Літве».

Пры гэтым важна разумець, што ў Літве падчас удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах кандыдаты могуць працаваць на ўласны уласны рэйтынг, прычым нават не для таго, каб заняць крэсла кіраўніка дзяржавы, а каб атрымаць дэпутацкі мандат, заўважае дэпутат літоўскага Сейму Томас Тамілінас.

«Прэзідэнцкія выбары – гэта прэлюдыя да іншых выбараў. Калі нейкі чалавек атрымлівае вялікую падтрымку падчас прэзідэнцкіх выбараў, калі нават займае другое, трэцяе або чацвёртае месца, то гэта значыць, што ён будзе больш знакавай фігурай падчас парламецкіх выбараў, бо яны вырашаюць усё», – адзначае Томас Тамілінас.

Пазіцыі кандыдатаў

Пазіцыі кандыдатаў адносна ўнутранай палітыкі маюць свае нюансы. Так, напрыклад, падчас дэбатаў Наўседы і Шыманіце выявілася прынцыповая пазіцыя абодвух палітыкаў да пытання адносна партнёрства: паводле Наўседы для ўзаконьвання інстытуту патнёрства і рэгулявання аднаполых адносінаў у краіне неабходна ўносіць папраўкі ў канстытуцыю, Шыманіце, у сваю чаргу, кажа, што для гэтага няма падставаў. Некаторыя кандыдаты называюць адной з вялікіх праблем складаныя адносіны паміж дзейным прэзідэнтам і міністрам замежных справаў.

Але для нас больш цікава, якія пазіцыі займаюць кандыдаты ў замежнай палітыцы і, у прыватнасці, у дачыненнях з Беларуссю.

Дэбаты паміж кандыдатамі на пасаду прэзідэнта Літоўскай Рэспублікі.
Фота: V. Raupelio / LRT nuotr.

Так, адзначае LRT.lt, падчас дэбатаў большасць кандыдатаў пагадзіліся, што галоўнымі знешнепалітычнымі мэтамі Літвы павінна быць імкненне гаварыць «адзіным голасам», захаванне падтрымкі Украіны і забеспячэнне ёй увагі Захаду, а таксама ўмацаванне стасункаў з NATO і партнёрамі па Еўразвязе.

Што да дачыненняў з Расеяй і Беларуссю, то Гітанас Наўседа заявіў, што ані з Расеяй, якая напала на Украіну і пагражала Захаду ядравай зброяй, ані з Беларуссю, якая поўнасцю залежыць ад Расеі, нельга мець ніякіх зносінаў. Таксама ён выступае за неабходнасць узмацнення эканамічнай, палітычнай, культурнай і спартовай ізаляцыі Беларусі і РФ і шырокую падтрымку Украіны ў вайне.

Паводле словаў Інгрыды Шыманіце, нармалізацыя адносінаў з Беларуссю і Расеяй магчымая толькі пасля перамогі Украіны. Пры гэтым прэм’ерка парыравала крытыку наконт санкцыяў, уведзеных у дачыненні да беларускіх угнаенняў яшчэ да пачатку вайны ва Украіне. Яна адзначыла, што ва ўмовах, калі ў краіне з’явіліся тысячы палітзняволеных, іншых рашэнняў быць не магло. Пры гэтым Шыманіце выказала падтрымку беларускім дэмсілам, якія знаходзяцца ў Літве.

Пазіцыю за спыненне вайны, асуджэнне рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, якія развязалі яе, падтрымліваюць таксама Дайнюс Жалімас і Андрус Мазуроніс. Гедрымас Еглінскас выступае за ўзмацненне зносінаў з NATO і ЗША, бо ў бліжэйшае дзесяцігоддзе Літве не выпадае чакаць, што рэжымы ў Расеі і Беларусі стануць дэмакратычнымі. У сваю чаргу, Рэмігіюс Жэмайтайціс называе Аляксандра Лукашэнку закладнікам Уладзіміра Пуціна, адказным за тысячы палітычных зняволенняў, у той жа час палітык заклікаў аддзяляць беларускі народ ад рэжыму.

Але ёсць сярод кандыдатаў і такія, хто не супраць перагледзець падыходы да дыктатарскіх рэжымаў. Так, Ігнас Вегеле заклікае да «прагматычных» адносінаў з Расеяй, каб пазбегнуць ваенных дзеянняў. А што да адносінаў Літвы з Беларуссю пасля 2020 года, то ён назваў іх памылковымі, заявіўшы, што ў выніку неабдуманых дзеянняў была страчаная «буферная зона», і цяпер Літва мае «расейскую мяжу ў 40 кіламетрах ад Вільні». Акрамя таго, Вегеле выказаў сумнеў у тым, ці трэба Літве падтрымліваць беларускую лідарку Святлану Ціханоўскую.

Паводле самавылучэнца Эдуардаса Вайткуса, Літва павінна імкнуцца да «нармальных добрасуседскіх стасункаў з Расеяй і Баларуссю, не ўмешваючыся ва ўнутраныя справы гэтых краін». Такім умяшаннем ён лічыць знаходжанне ў Вільні Святланы Ціханоўскай, што, на ягоную думку, правакуе рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Словы і справы

Як часта гэта бывае, напярэдадні выбараў у СМІ ўсплывае цікавая інфармацыя пра тых ці іншых кандыдатаў. Падчас гэтай электаральнай кампаніі ў цэнтр скандалу патрапіў той самы Ігнас Вегеле, якія выступае за «прагматычныя адносіны» з Беларуссю. Журналістам удалося высветліць, што кампанія, якая належыць бацьку кандыдата Альгірдасу Вегеле і якой кіруе ягоны брат Марцінас Вегеле, працягвае прадаваць у Беларусь кандыцыянеры, на пастаўкі якіх былі накладзеныя санкцыі ў 2022 годзе. Але робіць гэта праз Кыргызстан.

Сам кандыдат і ягоны брат адмаўляюць абвінавачанні і звязваюць іх з прэзідэнцкай кампаніяй.

Дзейны прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. Ягоныя шанцы стаць кіраўніком дзяржавы на другі тэрмін ацэньваюцца як самыя высокія.
Фота: Ints Kalnins / Reuters / Forum

У той жа час пытанні пра абыход санкцыяў узнікалі не толькі да Вегеле. Так, у сакавіку парламенцкая камісія займалася расследаваннем магчымага ўплыву на прэзідэнта краіны Гітанаса Наўседу людзей, звязаных з бізнесам для траспартавання беларускіх угнаенняў. Камісія сцвярджала, што сустрэча з такімі людзьмі адбылася яшчэ ў 2019 годзе, і магчыма з гэтым была звязаная прапанова прэзідэнцкай службы аб выключэнні з санкцыйнага спісу беларускіх угнаенняў.

У адказ на расследаванне прадстаўнікі Наўседы заявілі, што гэта «спроба дыскрэдытаваць дзяржаву і канстытуцыйныя прынцыпы».

Што зменіцца са зменай прэзідэнта?

Нягледзячы на расследаванне, шанцы ў дзейнага прэзідэнта абрацца на другі тэрмін вельмі высокія, адзначае Андрэй Стрыжак.

«Людзям падабаецца ягоная пазіцыя па Украіне, бо літоўцы збольшага яе падтрымліваюць. Акрамя таго, у прэзідэнта ёсць фора ў тым, што ён не адказвае за тыя сітуацыі, якія ўзніклі ва ўнутранай палітыцы: пазіцыя па кавідзе, па сітуацыі ва Украіне, або па сітуацыі з мігрантамі. І заўсёды ёсць поле для манеўра, каб сказаць нейкія прамовы, якія не абавязкова пасля трэба будзе выкноваць, бо ты не выканаўчая ўлада», – кажа Андрэй Стрыжак.

Томас Тамілінас, кажучы пра Наўседу, адзначае, што дзейны прэзідэнт добра дастасоўваецца да розных трэндаў і робіць тое, што падабаецца людзям (напрыклад, зараз канфліктуе з непапулярным урадам), гэта, у сваю чаргу робіць ягоныя шанцы на абранне вельмі высокімі.

Але нават калі дапусціць, што ў другім туры адбудзецца нешта незвычайнае і перамогу атрымае не Наўседа, а нехта іншы – нават той жа Вегеле, то, адзначае Томас Тамілінас, для зменаў знешняй палітыкі трэба будзе выйграць яшчэ і парламенцкія выбары. Без падтрымкі большасці ў парламенце або падтрымкі з боку ўраду гэта немагчыма. У сувязі з гэтым, адзначае наш суразмоўца, не варта чакаць сур’ёзнага развароту ў адносінах з Беларуссю.

І нават у дачыненні да адмены санкцыяў, прынятых супраць рэжыму Лукашэнкі, рэзкага развароту па волі новага прэзідэнта чакаць не выпадае.

«Перагляд санкцыяў – гэта вельмі інэртная справа. Я думаю, проста так адзін чалавек нічога не зменіць. Больш верагодна тое, што нават чалавек з радыкальнай пазіцыяй, калі выйграе выбары, становіцца больш памяркоўным, то бок падтрымлівае асноўны вектар Літвы, які вельмі ясны», – адзначыў дэпутат.

Але трэба яшчэ раз падкрэсліць, што прэзідэнцкімі выбарамі палітычная актыўнасць у Літве не заканчваецца, бо наперадзе літоўцаў чакаюць новыя выбары, і не адны. Таму абмеркаванне «беларускай тэмы» ў літоўскім палітыкуме будзе працягвацца, лічыць Андрэй Стрыжак.

«Галоўныя выбары – парламенцкія, а яны яшчэ наперадзе. Таму я не думаю, што градус канкурэнтнай палітычнай барацьбы ў Літве знізіцца. Плюс яшчэ ў гэтым годзе Літва будзе абіраць еўрапарламентароў. Упершыню па ўсім Еўразвязе назіраецца вельмі высокая цікавасць да гэтых выбараў, у сярэднім на 10 % вышэйшая, чым у папярэднюю кадэнцыю. Таму што людзі пачалі ўспрымаць Еўрапарламент як больш важны для сябе орган праз тое, што ён прымае шмат стратэгічных рашэнняў, датычных, напрыклад, і знешняй абароны», – кажа Андрэй Стрыжак.

У сувязі з гэтым, на думку кіраўніка «BYSOL», бягучы год будзе дастаткова складаным, будзе шмат папулісцкіх заяваў і розных спробаў набраць сабе балы, а таксама варта чакаць самых розных «шакуючых беларусаў рэчаў» у публічнай прасторы.

«Але гэта нармальна, таму што гэта публічная палітыка, гэта дэмакратычная краіна, і трэба быць вельмі асцярожным ва ўспрыняцці таго, што адбываецца ў Літве, таму што вельмі часта бывае так, што заявы робяцца дзеля таго, каб у нейкіх раскладах проста падвысіць сабе рэйтынг. Але не факт, што заявы дойдуць да рэалізацыі», – сказаў Андрэй Стрыжак.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў