Ці магчыма захаваць здароўе за кратамі?


Чарга да стаматолага на 10 месяцаў. І нават гэта не дае гарантыі, што доктар прыме і вылечыць. Пра такую сітуацыю ў Магілёўскае калоніі № 15 адразу з некалькіх крыніцаў даведаліся праваабаронцы з ініцыятывы MAYDAY TEAM.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Увогуле праблема, характэрная для любой пенітэнцыярнай сістэмы, але вось так востра калі яна стаіць, то можа быць, гэта спецыфіка канкрэтна гэтай 15-ай калоніі. Хаця спакуса такая ёсць у стаматолага: пайсці шляхам выдалення зубоў замест іх лячэння», – кажа лекар, праваабаронца Васіль Завадскі.

Былы палітвязень Міхаіл Жамчужны адбываў тэрміны ў калоніях у Навасадах, Івацэвічах і ў Горках. Зубы тады літаральна пасыпаліся:

«Праз недахоп вітамінаў у мяне быў парадантоз, цынга», – распавядаў спадар Міхаіл пасля вызвалення ў 2021 годзе.

Праблемы з зубамі маюць шмат якія вязні, але галоўная цяжкасць – калі трэба трапіць практычна да любога спецыяліста. Палітычным яшчэ больш складана:

«Я дакладна ведаю, што аператыўныя супрацоўнікі давалі ўрачам каманду да 38 тэмпературу не лічыць за тэмпературу і не даваць вызвалення ад працы», – распавядае праваабаронца і былы палітвязень Леанід Судаленка.

Исправительная колония № 3, Витьба, Беларусь
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Папраўчая калонія № 3. Віцьба, Беларусь. Ліпень 2022 года.
Фота: Акім Крумкач / Белсат

Не пераконвала турэмную адміністрацыю нават тое, што некаторыя вязні маюць сур’ёзныя захворванні.

«У мяне быў цукровы дыябет, і я пастаянна павінны быў кантраляваць узровень цукру ў крыві. Я за паўтара года ў калоніі ні аднаго разу не змог праверыць у сябе ўзровень цукру ў крыві. Таму што гэтае паслугі мне не аказвалі», – узгадвае Леанід Судаленка.

Цынічнымі на гэтым тле выглядаюць прапагандысцкія праграмы. У іх умовы ў калоніях параўноўваюць ледзь не з санаторнымі.

А вось гэта – рэчаіснасць. Паводле праваабаронцаў, за кратамі памерлі наступныя палітвязні. Вітольд Ашурак – спынілася сэрца, хоць на здароўе раней не скардзіўся. Мікалай Клімовіч – інвалід другой групы, меў праблемы з сэрцам, перанёс інсульт. Мастака Алеся Пушкіна з прабадной язвай непрытомнага прывезлі ў гарадзенскі шпіталь, не ўратавалі. Вадзім Храсько цяжка хварэў, памёр ад пнеўманіі. Ігар Леднік – інвалід другой групы з прычыны сардэчнага захворвання. Аляксандр Кулініч памёр ад ішымічнай хваробы сэрца.

«Гэта людзі знаходзіліся па-за чалавечымі ўмовамі, пазбаўленыя нармальнага харчавання, пазбаўленыя нармальнай медычнай дапамогі. Гэта ўжо не здагадкі, а факт, што людзей свядома пазбаўляюць медычнае дапамогі. І фактычна ствараецца падыход з разраду: галоўнае, каб ён там не памёр, бо надта шмат шуміхі», – зазначае намеснік прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Абʼяднанага пераходнага кабінету Станіслаў Салавей.

«Шмат хто з гэтых палітвязняў, скажам адразу, што яны ўвогуле не павінныя быць у месцах пазбаўлення волі, гэта першае. І на волі яны самі адказвалі ў значна поўнай ступені за сваё здароўе. А ўжо ў пенітэнцыярнай сістэме адказнасць за здароўе вязняў нясе адміністрацыя ўстановы», – мяркуе Васіль Завадскі.

Праваабаронцы зазначаюць: паводле стану на красавік прынамсі 255 палітвязняў за кратамі застаюцца ў сферы асаблівай рызыкі. Сярод іх асобы з інваліднасцю, людзі сталага веку і зняволеныя з цяжкім станам здароўя.

Алесь Яшчанка, «Белсат»