Юрый Аляксей стаў новым дырэктарам «Беларусьфільму»


У Беларусі прынамсі 127 творцаў у няволі – вынікае са справаздачы Беларускага ПЭНу. Пры гэтым ва ўстановах культуры ўзмацняецца ідэалагічны кантроль праз прызначэнне на кіраўнічыя пасады людзей рэжыму.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На відэа – момант прэзентацыі работнікам «Беларусьфільму» новага дырэктара ўстановы Юрыя Аляксея. Чыноўніка, які нейкі час будзе распараджацца беларускім кінематографам, з сфераю кіно звязвае не так і шмат. Раней працаваў у Гарадзенскім гарадскім і абласным выканкамах, у структурах БРСМ, займаў пасаду намесніка старшыні «Белай Русі». З 2012-га года кіраваў мясцовым кінавідэапракатам.

«Ён прабіўны чыноўнік, знаходзіў сродкі на тое, каб кінатэатры абнаўляць: у плане тэхнікі, рамонту…Таксама стараўся на відэапракат прыцягваць дадатковыя магчымасці заробку, акрамя таго, каб паказваць кіно. Вось гэты начны клуб дзяржаўны пад відам моладзевага цэнтру, а таксама міні-гольф», – кажа рэдактар «Hrodna.life» Аляксей Шота.

Аднак народную славу Аляксей атрымаў у 2018-ым годзе, калі пачаў судовую спрэчку з рэдакцыяй выдання «Гродна.лайф».

«Пайшоў на нас з судом, бо палічыў, што мы парушылі дзелавую рэпутацыю кінавідэапракату, калі выпусцілі калонку аўтарскую нашай тагачаснай практыканткі, студэнткі журфаку БДУ, пра тое, што ў Горадні няма чаго глядзець у кіно. Там было пазначана, што гэта меркаванне. Суд тады, на дзіва, на наш бок стаў, былі некрыважэрныя часы, а справа не была палітычна матываваная», – апавядае рэдактар «Hrodna.life» Аляксей Шота.

Перад новым генеральным дырэктарам «Беларусьфільму» Лукашэнка паставіў некалькі задачаў. Адна з іх – эфектыўна імпартазамясціць кінапрадукцыю.

Галоўны корпус Беларусьфільм.
Фота: wikipedia.org

«Вельмі складана сказаць, што маецца на ўвазе пад імпартазамяшчэннем кіно, таму што кінапракат – гэта таксама бізнес, які пераважна робіцца галівудскімі рэлізамі. І мы памятаем, што з пачатку года ў нас нават існуе закон, які стварае базу, каб пірацкія версіі фільмаў паказвалі ў кінатэатрах. То бок дзяржава не зацікаўленая ў імпартазамяшчэнні, таму што “Беларусьфільм” ніколі не задаволіць попыту беларускіх кінатэатраў і ніколі не запоўніць сеткі беларускіх тэлеканалаў», – мяркуе кінакрытык Ірэна Кацяловіч.

Пасля 2020-га прадукцыя кінастудыі зрабілася больш ідэалагізаванай. Адзін з яскравых прыкладаў – прапагандысцкая стужка «Ліст чакання» пра беларускіх медыкаў, якія не хочуць з’яжджаць з краіны.

Выключэннем з шэрагу прапагандысцкіх прадуктаў, што ствараюцца на «Беларусьфільме», можа стацца моладзевая камедыя «Кіношнікі». Здымаць яе пачалі ў канцы ліпеня. Дэбютная карціна рэжысёра Кірыла Халецкага апавядае пра нялёгкія будні тых, хто толькі пачынае свой шлях у кінаіндустрыі.

«Тут відавочная спроба перацягнуць да сябе моладзевую аўдыторыю. Гэта такая сацыяльная палітыка: з аднаго боку, маўляў, у нас рэжысёры не толькі сталага веку. Таксама там разумеюць, што прасоўваць нейкія наратывы вельмі складана альбо немагчыма праз плакатныя няўмелыя карціны. Каб прасоўваць ідэалогію пэўную, 25-м кадрам ты мусіш ствараць прывабны прадукт», – кажа кінакрытык Ірэна Кацяловіч.

Яшчэ адна задача, якую паставілі перад новым дырэктарам кінастудыі, – фармаваць прафесійную каманду. Паводле колькасці вакансіяў на сайце ўстановы можна зрабіць выснову пра дэфіцыт кадраў. Хутчэй за ўсё, гэта сталася вынікам рэпрэсіяў і чыстак, што праводзіліся там супрацоўнікамі спецслужбаў, пачынаючы з 2020-га.

Наста Печанькова, «Белсат»