Забіты «чарговы цвік у труну дробнага бізнесу»


«Чарговы цвік у труну дробнага бізнесу». Так пракаментаваў эканаміст Алесь Аляхновіч чарговыя змены ў Закон аб прадпрымальніцкай дзейнасці. Яго прыняў на «развітанне» сёмы склад Палаты прадстаўнікоў. Калі дакумент узгодніць Савет Рэспублікі і падпіша Лукашэнка, то ён значна пагоршыць умовы працы шмат якім індывідуальным прадпрымальнікам. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Рэгістрацыю новых ІП неўзабаве спыняць і ў перспектыве прымусяць пераўтварыцца ў юрыдычную асобу. На думку дасведчанага бізнесоўца Аляксандра Кныровіча, такі парадак пагоршыць стан дробных прадпрымальнікаў.

«Яны мелі магчымасць працаваць на так званай спрошчанай сістэме падаткаабкладання. Гэта былі толькі 6 % і нічога болей. Калі мы кажам пра дзейнасць у выглядзе юрыдычнай асобы, то падаткі будуць значна большыя, ускосныя падаткі. А гэта азначае падаражэнне тавараў і паслуг».

Абноўлены закон прадугледжвае дзве катэгорыі бізнесу: юрыдычныя асобы (малыя, сярэднія і буйныя, у залежнасці ад колькасці работнікаў) і фізічныя асобы з дазволам на прадпрымальніцкую дзейнасць. Да другой катэгорыі далучаць рамеснікаў, самазанятых і гаспадароў аграсядзібаў. У выніку вырасце лік зарэгістраваных кампаніяў. Доктар філасофіі, дарадца Беларускай асацыяцыі бізнесу за мяжой Яраслаў Кот бачыць у такіх захадах далёкі прыцэл.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў.
Фота: Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь / Telegram

«Яны спрабуюць прывабіць прадпрымальнікаў у Беларусь. Яны жадаюць нешта прадэманстраваць інвестарам і прадпрымальнікам з іншых краінаў, куды яны ідуць агітаваць: Казахстан, Туркменістан, Расея і гэтак далей. Для гэтага ім патрэбная статыстыка».

Вось толькі спісы дазволенай дзейнасці для розных катэгорыяў прадпрымальнікаў збіраюцца перагледзець і скараціць. Тым жа, хто застанецца па-за пералікам, з 1 кастрычніка забароняць адкрываць новыя ІП. Ужо вядома, што перааформіць дзейнасць на юрыдычную асобу давядзецца тым, хто займаецца гуртавым гандлем, а таксама надае паслугі: юрыдычныя, кур’ерскія, турыстычныя, забаўляльныя ды некаторыя ў галіне ІТ. Нялёгка будзе ўтрымацца нават тым, хто вядзе бізнес адначасова і ў Беларусі, і за мяжою.

«Яны робяцца ворагамі і для рэжыму (калі гэта не арганізавана рэжымам) і ў Еўропе, – патлумачыў Яраслаў Кот. – Таму што яны парушаюць санкцыі. А ў Еўропе цяпер таксама прынятая парламентам дырэктыва, якая канкрэтызуе адказнасць за парушэнне ці абыход санкцыяў».

Лукашэнка даўно ўжо пагражае «паціснуць руку апошняму прадпрымальніку». І паводле Белстату, на пачатак гэтага года ў нашай краіне колькасць ІП склала 252 482. Што на 10 000 меней, як летась. У новых умовах працэс пэўна не спыніцца, а вынік адабʼецца і на спажыўцах, і агулам на эканамічным стане краіны.

«Будзе большая інфляцыя, будзе меней выбар тых самых тавараў і паслугаў, – прагназуе Аляксандр Кныровіч. – І самае галоўнае, што нармальны прадпрымальнік спыніць працу ці пойдзе ў тую самую “шэрую зону”, з якой іх калісьці і выцягнулі вельмі спрошчаным падаткам у 6% ад абароту».

Падобна, што чыноўнікаў гэта не палохае. Са жніўня 2021 года ў Менску не рэгіструюць новых індывідуальных прадпрымальнікаў.

У Менгарвыканкаме тое тлумачаць «тэхнічнымі прычынамі».

Марына Яновіч, «Белсат»