Беларусь у рэйтынгу свабоды прэсы: за год нашая краіна страціла 10 пазіцыяў


Атрымоўваць, захоўваць і распаўсюджваць інфармацыю. Права на гэта грамадзянам Беларусі гарантуе 34 артыкул Канстытуцыі. Ці працуе гэта на практыцы?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гэтак праца незалежных журналістаў выглядала ў адносна спакойныя часы. Работнікаў «Белсату» затрымлівалі і судзілі за здымкі без акрэдытацыі, якой, у сваю чаргу, не давала Міністэрства замежных справаў. Пасля ж 2020-га незалежныя медыі зрабілі экстрэмісцкімі фармаваннямі, а інфармацыйнае поле зачысцілі цалкам. Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, цяпер за кратамі – 35 працаўнікоў медыяў. У зняволенні яны за тое, што выконвалі сваю працу. Сярод іх – значная частка журналістаў тэлеканалу «Белсат».

«Гэта людзі, якія сядзяць за тое, што расказвалі праўду, паказвалі праўду, дапамагалі, расказвалі пра злачынствы, пра карупцыю, пра пандэмію, пра ўсё што заўгодна. Гэта тыя журналісты, якія працавалі на тое, каб нашае грамадства жыло нармальным, здаровым жыццём. І гэта маральны абавязак журналістаў – так працаваць», – зазначае журналістка Таццяна Бублікава.

У Сусветны дзень свабоды прэсы арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» складае адмысловы індэкс. У ім – 180 краінаў. Чым вышэй у рэйтынгу дзяржава, тым свабода медыяў мацнейшая. Беларусь за год пагоршыла сваё становішча на 10 пунктаў і апусцілася на 167 радок. Побач такія краіны, як Бангладэш, Саудаўская Аравія, Куба ды Ірак. Калі ж глядзець на нашых суседзяў, то ўсе яны, апроч Расеі, займаюць значна вышэйшыя за Беларусь месцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Плакат у падтрымку журналістаў. Марш вызвалення палітвязняў, 4 кастрычніка 2020.
Фота: ТК / Белсат

«Мы не можам паспрыяць іхнаму вызваленню, на жаль, але хаця б узгадваць пра тое, што адбываецца, мы абавязаныя. І асабліва ў гэты дзень», – кажа старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Сусветны дзень свабоды прэсы адзначаюць з ініцыятывы Генеральнай Асамблеі ААН. З гэтай нагоды журналісты сабраліся ў Вільні, каб узгадаць зняволеных калегаў.

«Сёння я з партрэтам Семчанкі знаходжуся, Змітра Семчанкі. Я яго асабіста ведала, мы разам працавалі. І гэта той выпадак, калі дзяржаўны журналіст, які працаваў на дзяржаўным тэлебачанні, прычым працаваў асабіста з Лукашэнкам, быў кіраўніком ягонага журналісцкага пулу, – ён у 2020 годзе перайшоў на бок дабра», – распавядае галоўная рэдактарка радыё «Ўнэт» Вольга Сямашка.

З партрэтам прыйшоў і журналіст радыё «Свабода», былы палітвязень Алег Груздзіловіч:

«Для мяне гэта вельмі важна, вельмі прыемна, што я магу, напрыклад, узгадаць пра свайго сябра Ігара Карнея, які цяпер за кратамі. Я выйшаў на волю, а ён пасля мяне аказаўся за кратамі».

Паводле старшыні Саюзу журналістаў Літвы Дайнюса Радзявічуса, каб паспрыяць вызваленню беларускіх журналістаў, мала заяваў і дэкларацыяў. Патрэбны канкрэтны ціск палітычных лідараў на рэжым. Апроч таго:

«Суддзі, якія пасылаюць журналістаў у турму, гэта пракуроры, гэта следчыя. То бок усе людзі, якія ўдзельнічаюць у пераследзе журналістаў, мусяць урэшце атрымаць правасуддзе. І, напэўна, у такіх самых турмах адбыць ужо свой тэрмін».

Што ж да зняволеных журналістаў, іхныя партрэты сёння вынеслі з брамы колішняй Лукішскай турмы ў Вільні. Як сімвал свабоды і надзеі на хуткае вызваленне з турмаў у сённяшняй Беларусі.

Алесь Яшчанка, «Белсат»