Улады адзначаюць Дзень міліцыі


У Беларусі сёння афіцыйна адзначаюць Дзень міліцыі. Яе працаўнікі прымаюць віншаванні ад уладаў і ўзнагароды. А Міністэрства ўнутраных справаў атрымоўвае ад дзяржавы ўсё болей рэсурсаў…

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Менавіта сілавікі дапамаглі Лукашэнку задушыць пратэсты, а цяпер працягваюць выяўляць і затрымліваць тых, хто выказвае нязгоду з палітыкаю рэжыму. Чаму міліцыянты масава не пераходзілі на бок пратэстоўцаў, у якім стане сістэма МУС і як зрабіць міліцыю падкантрольнай грамадству?..

У 90-я гады новаабраны прэзідэнт цалкам падпарадкаваў сабе сілавікоў. Органы ўнутраных справаў сталі для яго адным з найважнейшых інструментаў, каб утрымоўваць уладу. Спадзевы, што міліцыянты будуць масава пераходзіць на бок народу, які выйшаў у 2020-м годзе на пратэсты, не спраўдзіліся. Кіраўнік «Bypol» Аляксандр Азараў тлумачыць гэта асаблівасцямі псіхалогіі.

«Калі затрымлівалі пратэстоўцаў, і яны не аказвалі ніякага супраціву, мірна ляжалі на траве, і іх збівалі, то сілавікі на гэта глядзелі і думалі: «На чый бок нам пераходзіць?» Бо гэта людзі, якія служаць, і яны разумеюць толькі сілу», – кажа Аляксандр Азараў.

«Міліцыянты атрымліваюць заробкі ад дзяржавы, іх начальнікі прызначаюцца Лукашэнкам, і яны лічаць сябе людзьмі дзяржавы, а не народу. З народам яны ніяк не звязаныя», – адзначае палітолаг Валер Карбалевіч.

У задушэнні пратэстаў Міністэрства ўнутраных справаў адыграла, бадай, вызначальную ролю. Рэжым працягвае ўзмацняць гэтае ведамства. Улады анансавалі адкрыццё ў абласных цэнтрах ліцэяў МУС. Выдаткі на гэтае міністэрства сёлета вырастуць больш як на 300 мільёнаў рублёў, пішуць дзяржаўныя медыі. Ствараюцца новыя спецыяльныя аддзелы. Кіраўніцтва МУС не ўтойвае, што гэта – рэакцыя на падзеі 2020-га года.

Міністэрства не толькі нарошчвае свае сілы, але і, падобна, імкнецца стварыць сабе пазітыўны імідж. Працаўнікі міліцыі выступаюць у школах і ладзяць імпрэзы для дзяцей ды дарослых.

Але ў самім Міністэрстве ўнутраных справаў не ўсё так добра, як удаюць яго функцыянеры. Паводле «Bypol», дасведчаныя працаўнікі сыходзяць адразу па выслузе дваццаці гадоў, што замінае перадаць досвед маладзейшым калегам. Прычына звальненняў – таксічнасць сістэмы, у якой барацьба з рэальнаю злачыннасцю адышла на другі план, кажа Аляксандр Азараў.

«Яны займаюцца асноўнай сваёй працай – гэта выяўленне палітычных злачынстваў так званых. Я думаю, гэта можа прывесці да катастрофы ў будучыні. Да росту злачыннасці крымінальнай скіраванасці на тэрыторыі Беларусі», – мяркуе Аляксандр Азараў.

Сілавыя структуры маюць быць падпарадкаваныя і справаздачныя парламенту, кажа былы дэпутат Сяргей Навумчык. Паводле яго, у першай палове 90-х у Беларусі не было палітычных затрыманняў. Бо кіраўнікоў сілавых ведамстваў прызначаў Вярхоўны Савет, дэпутатаў якога рэальна абіралі.

«Калі б такое адбылося, назаўтра з міністра ў Авальнай зале, вобразна кажучы, ляцелі б ашмёткі. І ён – падкрэсліваю – рызыкаваў бы сваёй пасадай», – кажа Сяргей Навумчык.

У наш час ад грамадства нават утойваюць колькасць працаўнікоў МУС. Паводле «Байполу», у кастрычніку 2020-га года іх лік быў больш за 46 тысяч асобаў. Таксама ініцыятыва паведамляла пра негалосную забарону прыцягваць міліцыянтаў да розных відаў адказнасці, каб захаваць кадравае ядро. Калі інфармацыя праўдзівая, то гэта азначае поўную беспакаранасць сілавікоў.

Валянцін Васіленка, «Белсат»