Конкурс «Міс Еўропа-2024» скончыўся скандалам паміж украінкай і беларускай


Беларускую ўдзельніцу «Міс Еўропа» Ірыну Максімовіч звольнілі з мадэльнага агенцтва. Тое сталася праз гучны канфлікт беларускі з прадстаўніцай Украіны Міленай Мэльнычук, які адбыўся паміж дзяўчынамі падчас конкурсу прыгажосці. Міжнародны конкурс прыгажосці «Міс Еўропа-2024», што напрыканцы лютага адбыўся ў ліванскай сталіцы, скончыўся скандалам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Міжнародны конкурс прыгажосці «Міс Еўропа-2024», што напрыканцы лютага адбыўся ў Бейруце, скончыўся скандалам. У цэнтры яго аказаліся тры ўдзельніцы: расяянка Роза Гадзіева, беларуска Ірына Максімовіч і ўкраінка Мілена Мэльнычук. Апошняя пасля фіналу шоу выклала допіс у «Інстаграм», дзе распавяла, што цягам усяго спаборніцтва яе дыскрымінавалі паводле нацыянальнай прыкметы.

Паводле Мэльнычук, адносіны ў яе асабліва не склаліся з беларускай канкурсанткай Ірынай Максімовіч. Апошнюю са сварак, што адбылася паміж імі пасля фіналу конкурсу, украінка выклала на свой інстаграм-акаўнт. На відэа, меркавана, нецвярозая беларуска паводзіцца даволі агрэсіўна і нецэнзурна выказваецца на адрас Мэльнычук.

У адказ на абвінавачванні ўкраінкі Максімовіч спачатку заявіла, што не будзе нічога каментаваць, бо яна «дарослы чалавек». А пазней зрабілася зоркаю прапаганды. У інтэрв’ю БТ дзяўчына распавяла, што ўкраінка «кожны дзень каментавала навіны пра вайну і абвінавачвала ў развязванні вайны» беларуску ды расяянку.

Ірына Максімовіч. Скрыншот «Беларусь-1»

Яшчэ адно абвінавачванне ўкраінкі Мілены Мэльнычук датычылася нібыта несумленных вынікаў конкурсу. Дзяўчына сцвярджала, што расяянка, якая зрабілася Міс Еўропы, і беларуска, якая заняла 3-е месца, купілі сваю перамогу. Паводле былога тэлевядоўцы Івана Падрэза, у выпадку, калі б справа датычыла буйнога конкурсу прыгажосці, такое абвінавачванне імгненна б зруйнавала яго рэпутацыю. Аднак «Міс Еўропа» да конкурсаў такога маштабу не належыць.

«Гэта невялічкі конкурс, пра які супольнасці, што фармуюць наратывы вялікіх конкурсаў прыгажосці (гэта мільёны асобаў у Лацінскай Амерыцы і ў Азіі), проста не ведаюць. Дакладней ведаюць, што такіх конкурсаў тысячы», – зазначае былы тэлевядоўца, эксперт у сферы конкурсаў прыгажосці, суарганізатар конкурсу «Міс Беларусь-2018» Іван Падрэз.

Між тым, днямі стала вядома пра тое, што Расея не будзе браць удзелу ў адным з галоўных конкурсаў прыгажосці – «Міс свету». Зварот з просьбаю не дапускаць да спаборніцтва расейскую прадстаўніцу Украіна накіравала пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання.

«Гэтая пастанова, што Расея не ўдзельнічае ў конкурсе “Міс свету”, была прынятая раней. Гэты скандал проста спрычыніўся да таго, што яны зразумелі, што іхная пастанова была слушнай», – кажа эксперт.

Беларусь на конкурсе «Міс свету» сёлета павінна была рэпрэзентаваць 23-гадовая Элеанора Качалоўская. Летась яна атрымала тытул галоўнай прыгажуні краіны. Аднак сярод афіцыйных удзельніц конкурсу, што пройдзе ў Індыі напрыканцы гэтага тыдня, нашай краіны няма.

Наста Печанькова, «Белсат»