У Беларусі прынялі закон наконт абыходжання з жывёлінамі


«Я толькі прыйшоў з працы, а ўдома мяне ўжо чакаў сюрпрыз. І я яго прыняў». Так узгадвае Арцём з’яўленне сабакі Сабы ў сваёй менскай кватэры. Сабу прынесла жонка Арцёма з гадавальніку на вуліцы Гурскага.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Канешне, абавязкаў дадалося, – прызнае Арцём. – Але і прыемных момантаў таксама багата. Бо сабака праяўляе любоў да цябе і пяшчоту, і ласку. І дзецям весела з жывёламі».

Арцём мусіў зʼехаць з Беларусі. Пазней да яго адправілася жонка з дзецьмі, узялі з сабою і Сабу. Маршрут быў складаны: цягніком у Маскву, адтуль самалётам да Варшавы. Але праз нейкую «няправільную» клетку Сабу не пусцілі на борт. Арцём кажа, што давялося патурбавацца.

«Сітуацыя была катастрафічная. Давялося гэтага сабаку пакінуць таксісту невядомаму. І пакуль сабака быў у таксіста, я тэлефанаваў усім сваім знаёмым, хто жыве ў Маскве і можа Сабу ў таксіста забраць».

Вялікімі намаганнямі Сабу здолелі вярнуць цягніком у Менск. Дзеля гэтага давялося выкупіць цэлае купэ. І праз колькі месяцаў Саба разам з іншымі гадаванцамі сямʼі – двума катамі – трапіў у Варшаву. Сабака асвоіўся на новым месцы і, здаецца, дараваў гаспадарам свае прыгоды. Добрыя людзі яго не пакінулі ў цяжкой сітуацыі.

Доўгі час абыходжанне з жывёлінамі ў Беларусі не было рэгламентаванае. Летась адпаведны закон ініцыявала дэпутатка парламенту Марыя Васілевіч, а днямі падпісаў Лукашэнка. Асноўныя палажэнні дакументу набудуць моц налета.

У законе хатнія гадаванцы названыя «жывёлінамі-кампаньёнамі». А тэрмін «патэнцыйна небяспечны сабака» ў новай рэдакцыі замянілі на «сабаку, які патрабуе асаблівай адказнасці». Улічылі і іншыя важныя моманты. На адзін з іх звярнуў увагу аператар «Зялёнага тэлефону» Ягор.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сабакі. Менск, Беларусь. 8 траўня 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

«Рэгламентаванае хаця б чыпаванне жывёлаў, якіх будуць разводзіць у гадавальніках. Гэта плюс істотны. Таму што можна хаця б будзе пракантраляваць лёс гэтай жывёлы».

З новага закону прыбралі ліміт на колькасць жывёлінаў-кампаньёнаў у жылым памяшканні. Прапісалі абавязак стварыць для гадаванцаў камфортныя ўмовы і выконваць правілы санітарыі. Закон выстаўляе падвышаныя патрабаванні да ўтрымання некаторых пародаў сабакаў. Іх гаспадарам давядзецца прайсці адмысловае навучанне і атрымаць пасведчанне. Забараняе ствараць гадавальнікі ў шматкватэрных і прыватных дамах, а таксама на лецішчах. Але, адзначыў аператар «Зялёнага тэлефону» Ягор, дакумент не прадугледжвае адзінага спосабу эўтаназіі для жывёлінаў. Бракуе таксама дэталізацыі ўтрымання гадаванцаў у дэльфінарыях і кантактных звярынцах.

«Адной рукой дзяржава як бы дае абарону жывёлам. Хаця б такая захада, як чыпаванне. З іншага боку, іншай рукою яна забірае гэтую абарону. Таму што вось літаральна паводле свежай інфармацыі 2 красавіка пачалі разглядаць пазоў Мінюст аб ліквідацыі беларускага феліналагічнага цэнтру “Феліта”».

Летась за жорсткае абыходжанне з жывёлінамі ў Беларусі завялі 35 крымінальных справаў. Расследаванне 14 з іх прыпынілі з розных прычынаў, паведаміла ініцыятыва «BELPOL». Самы жорсткі вырак – два месяцы арышту за зверскае забойства сабакі на вачах у дзяцей.

Марына Яновіч, «Белсат»